Найбольш адвагі - аж праз меру -
Папёрла з кожнага, браткі,
Як узяліся штаб-кватэру -
Свой дом - разносіць на шматкі.
- У нашым доме штат бязладны:
Не ўспеўшы стаць кіраўніком,
Гардзіцкі звіс, як шар більярдны,
Загнаны ў лузу Рыбаком.
- Які більярд? Якая луза?
На зло пісьменніцкай сям'і,
Адзін зацяты член Саюза
На дваццаць год схаваў кіі!
- Э-э, тут цябе дапоўніць варта:
Ён не адразу іх схаваў,
Ён тры гады спачатку ўпарта
З кіёў скурацікі зрываў.
- Зрываць аматараў нямала,
Дзе потны дух і дымны чад
Ад маладух-кабет бывалых
І ад сумніцельных дзяўчат.
- Калі б не Мар'я ды Тацяна,
Дык дом наогул зачыняй:
Удзвюх працуюць так старанна,
Хоць у прэзідыум прымай!
- Дый інжынер там пад дзвярыма
Тырчыць, браткі, не проста так.
- Ну, а фатограф гэны з Крыма?
На ўсё, што хочаце, мастак!
- Мяне трывожыць, што Шамякін
Ужо скарынку не грызе:
Жуе без смаку прэсны мякіш,
Нервова стоячы ў чарзе...
- Іван, апроч літаратуры,
Заняты іншым не на смех:
На дошцы шахматнай фігуры
Ён расстаўляе, як стратэг.
Пусціўшы ў тыл каня-пралазу,
Ён пешкі выстраіў у рад
І спадзяецца, што адразу
Усім Іванам зробіць мат.
- Я чуў, як гледзячы на пешкі,
Першаразраднік Куляшоў,
Сказаў, не тоячы насмешкі:
«Ах, Ваня, зноў не тым пайшоў!»
- У гэтым, братцы, ёсць пагроза:
З такой гульні праз колькі год
Уся паэзія і проза
Папасці могуць у цэйтнот!
Чыталі ж «роман», як на востраў
Эстэт эстэтку перавёз,
Яна ж «цыцкой, як куля, вострай»
Прабіла там яго наскрозь.
Тры дні ганяла іх па лесе
Бабуля нейкая з вядром.
Як толькі з буськай ён палезе -
З кустоў «ату!» і медны гром:
«Там кран стаіць, а ты, кабета,
Любошчы ладзіш з халастым!»
Ох, да чаго ўсё смачна гэта
І як ідэйна - разам з тым!..
Цякла гаворка, трэскаў хвораст,
І раптам нехта ў грамадзе:
- Палундра! - крыкнуў на ўвесь голас.
- Марыля з скальпелем ідзе!
Мужчынскі страх - такая сіла,
Што не зраўняеш ані з чым:
Умомант вока падхапіла
І, як віхор, змяла мужчын.
Арочка трохі быў замешкаў,
Але пасля як даў ды даў -
Дык хоць і з кульбай-качарэжкай,
А нават Цвірку абагнаў.
А што Марыля за прычына? -
Карціць дазнацца чытачу?
Зусім прыстойная жанчына.
Марылю крыўдзіць не хачу.
Не сухарэбрына. Не плюндра.
Дай божа баба! Як абняць!
Чаму ж пісак змяла «палундра»?
Тут трэба толкам расказаць.
...Сівы паэт ішоў аднойчы
І стрэў Марылю ля грады.
- Які ў вас кветнік! Трэба ўночы
Залезці з ножыкам сюды!
Ён пакланіўся ёй прыветна
І губы ў трубачку стуліў,
І думаў: «Ах жа, як фацэтна
Я гаспадыню пахваліў!»
На камплімент яго на гэткі
Марыля скальпель падняла:
- Што? Ты мае парэжаш кветкі?
А гэта бачыў? - зараўла.
Раўнула - леў бы так не рыкнуў.
- Хутчэй бяжы адсюль, разак!
А то сцягну парткі, чырыкну -
І ад цурбэлка - толькі знак!..
Збялеў паэт, сказаў: «Вар'ятка!»
Ды як рвануў праз касагор,
Дык без аддыху, без аглядкі
Аж да Кальварыі дапёр.
А там на сцежачцы бетоннай,
Супроць апошняга двара,
Ён ледзь не стукнуўся ў Антона -
Шчаслівай долі песняра.
- Чаго так прэшся ашалела?
- Ой, нават сорам гаварыць:
Марыля Яськава хацела
Мне... аперацыю зрабіць.
- Дурная! Гэта ж не пазногаць,
Што зрэзаў - чорт яго бяры!
А тут чарахнеш - дык не змогуць
Назад прышыць і дактары.
- Зямлі не чуў я пад сабою!
Ой, што за баба, што за злосць!
Антоська, цупні ты рукою
Вышэй-ніжэй, ці ўсё там ёсць?
Антон хацеў спачатку стукнуць
За гэткі жарт - але стрываў.
- А што ты сам не можаш цупнуць? -
Нясмачна сплюнуўшы, спытаў.