Аднак не толькі што згадзіўся,
А й паказаў належны спрыт -
Захватна цупнуў і здзівіўся:
- Ого, сабака! Як капыт!
- То дзякуй богу, дзякуй богу! -
Перажахнуўся небарак.
- Хадзем з нагоды лыкнем троху -
У жонкі ёсць наліўкі гляк...
Пазней, калі хто кпіў з паэта,
Яго аж кідала у жар:
- Яна ж не проста вам кабета!
Яна - стары ветэрынар!
У Смалявічах з малалецтва
Яна лягчала ўсіх кныроў!
Дык што ёй мне зрабіць калецтва?
Чырыкне раз - і будзь здароў!..
Пра гэта доўга гаварылі
І нават прымаўка пайшла:
«Паэт, сыйдзі з вачэй Марылі,
Пакуль інструмант не ўзяла!..»
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
ПУДЗІЛЫ
Усім вядома, што няроўна
На свеце ласку дзеліць бог:
У Змітрака ў гародзе - поўна,
А ў Васіля - пустыр-аблог.
Яно й не кожны адналькова
На ласку божую глядзіць:
Васіль усцешан і куколем,
Што на аблозе тым сядзіць.
Мацней за ўсіх аграрнік Міша
Маліўся клубню на градзе.
(А ўсе мы знаем, як ён піша
І як на службе рэй вядзе!)
Яшчэ раса ляжыць на травах -
Сахор у рукі ён бярэ
І ў модных чунях-гаўнадавах
Кампост рыхтуе на дварэ.
Напрацаваўшыся да млосці,
Ён адпраўляецца ў абход
І аж заходзіцца ад злосці,
Як зазірне ў чужы гарод.
«Ну, вось, ты бачыш: у Арочкі,
Хоць вершы кволыя пляце,
А гарбузы ляжаць, як бочкі,
Як на дражджах усё расце!
І ў Жоры вунь качан, як цэбар,
Як Мысліўцова галава.
А тут ад крыўды плакаць трэба:
Ссячэш качанчык - фунты два!..»
О, як бы шчыра быў ён рады,
Калі б ва ўсіх, каму «дано»,
Пасохлі й выпетралі грады,
А з імі й творчасць заадно!..
Вось так і вучанаму Яську
І ў думках мроіцца і ў сне,
Што ён адзіны варты бляску
«За дасягненні ў галіне...»
Таму калег з саней агульных
Ён выштурхоўвае плячом
І едзе гэтакім культурным
Інтэлігентным дзеячом!
А каб ідэй яго зыходных
Ніхто не здолеў агаліць -
Давай на «ўсходніх» і «заходніх»
Адзінакроўны гурт дзяліць...
Ах, Яські, Яські! І калі вы
Паразумнееце, дальбог?
Калі замест культурнай нівы
Наўсцяж раскінецца аблог?
Калі ўзбуяе пустазелле,
Як на гародзе ў Васіля?
Ах, Яські, помніце: пахмелле
Вам будзе страшнае пасля!..
Аднак жа вернемся на соткі.
Цяпер я сцісла раскажу,
Як на чацвёрты год усё-ткі
Кроў пралілася за мяжу.
Так, так, не думайце, што жартам.
Аднойчы жонка песняра
Успёрла свой «масквіч» азадкам
На край суседняга двара.
А двор з вагончыкам-прычэпам
(Не ўсе ў харомінах жывуць!)
Належаў майстру таго цэха,
Што белетрыстыкай завуць.
Была на дачы толькі цешча -
Яна і крыкнула ў акно:
- Ты што па ягадах таўчэшся,
Каб табе кішкі патаўкло!
- Заткніся, пудзіла, не шастай,
А то вагончык падчаплю -
Перацягну на свой участак
І прыбіральняю зраблю!
Старая куляй на падворак:
- Ты - матля, матля без мазгоў!
Прыедзе з Мінску зяць мой скора -
Не сабярэш тады зубоў!
- Мне злічыць зубы твой рахітык?
Збаюся я падкілаша?
Як ушчамлю яго між лытак -
Дык тут жа й вылезе душа!..
Ніякай цешчы немагчыма
У гэткім выпадку стрываць.
- А твой здыхляк хіба мужчына?
Праз храпы лёгкія відаць!
Узвыла матля: - Ах, пачвара! -
І кіпцюрастай пяцярнёй
Так распісалася на твары,
Як бы прайшлася бараной.
- Вось так ляпей, старая торба!
І я - пісьменніца цяпер.
А каб прызналі мой аўтограф -
Бяжы да доктара - завер!..
Старая ўзлезла на падножку
І, каб свой гонар апраўдаць,
Як Галілей, гукнула зноўку:
- А ўсё-ткі лёгкія відаць!..
Без сведак быў ужо закончан
Іх дыялог вясновым днём:
Трасло з сярэдзіны вагончык
Так, што хадзіў ён ханянём...