На традыцыйную палянку,
Дзе ладзіць сходкі Гарулёў,
Як старажыл, вясёлы зранку,
Праўленцаў гурт Няхай прывёў.
Кароткі ўступ зрабіў намеснік:
- Мы дапусцілі ў працы крэн.
Нам трэба ўрэзаць прозу, песні
І частку сіл пусціць на хрэн.
Раней, чым прымем пастанову,
Узгоднім думкі ў добры час.
Давай, Змітро, пачні размову:
Ты самы смелы сярод нас.
Змітрок рыўком прайшоў наперад,
Адкашляў хрыпку на хаду
І з развароту, без паперак,
Абрынуў шквал на грамаду:
- Ну, што скажу я? Хрэн у вершах
І хрэн у прозе - хрэн адзін.
А ў манаграфіях навейшых
Мы і такога не дадзім.
І калі мусім мы заняцца
Праблемай хрэнаразвіцця,
Дык гэта - скажам шчыра, братцы, -
Не ад вясёлага жыцця.
Зайдзіце самі ў дзень суботні
З кнігарні прама на базар
І параўнайце, што ахвотней
Бяруць: ці хрэн, ці наш тавар?
Ахвотней хрэн купляюць жонкі!
Хрэн проста з рук ірвуць яны,
А калі корань тоўсты, ёмкі -
Дык не пытаючы цаны!..
Таму я згодзен з прапановай:
Чым кніжкі дохлыя тварыць,
Дык лепш з плантацыі хрэновай
Даваць хоць нейкую карысць...
І тут жа ўстаў Арочка з кульбай,
Усхвалявана сапучы:
- А калі ўвесь надзел пад бульбай?
І паўкаша ў адным карчы?
Кароткай рэплікай Дзюбайла
Ссадзіў Арочку з капытоў:
- І так, бульбянікі, нядбайна
Нагадавалі жыватоў!
- Ты на каго намёкі робіш? -
Зірнуў Сцяпан з-пад акуляр.
- Вядома, хрэн - зусім не дробязь,
Але ж і талент - божы дар.
Калі ўжо трэба гэта мера -
Ёсць выйсце іншае яшчэ:
Паслаць на хрэн пенсіянераў -
Усіх, хто выпісаўся ўшчэнт!..
Тут узарваўся Асіпенка:
- Сматря якей пенсіянер!
Другі - як ссохлая апенька,
А ў пісанні даець прымер!..
Тады з радоў, з канца аднекуль,
Падняўся рыжы здаравяк,
Падобны вельмі на Дайнеку,
А на Дайліду - аніяк.
Паколькі быў ён незнаёмы,
Усе рашылі: прадстаўнік.
І стала ціха-ціха ўмомант:
Ну, як жа ён у справу ўнік?
І гаркнуў рыжы: - Пустадомкі!
Спыніце гэту балбатню!
Бо як вазьму цурбэлак ёмкі -
Як пацукоў вас разганю!
Пакуль пустою гаварыльняй
Вас тлумяць лекары навук -
Няздары з п'янай камарылляй
Свае тамы здаюць у друк!..
Сказаў - і тут жа з касагору
Спакойна рушыў у сасняк.
Нібы прыбіты громам, форум
Не мог апомніцца ніяк.
Намеснік зекрыў на Ляксея
І мармытаў: - Адна Вярба,
Адна Вярба ў нас так умее...
Рух праваліўся - нам труба!
Ляксей уставіўся ў Гамолку:
- Хто гэта збэсціў нас, скажы?
Ты знаеш нашу ўсю суполку:
Ці ён пісьменнік, ці чужы?
Устаў Гамолка, дзядзька порсткі,
І ўсіх, як доўбняй, аглушыў:
- Паэт Францішак Лысагорскі!
Калі хлушу - каб я так жыў!
- Вядзьмак?! - жахнуліся праўленцы.
- Вядзьмак?! - азваліся кусты.
Ва ўсіх затрэсліся каленцы,
Ва ўсіх раскрыліся раты.
Народ знямеў. Але праз хвілю:
- Дагнаць! Дагнаць! - узняўся крык.
- Злавіць і збегаць па Марылю:
Хай зробіць гаду чык-чырык!..
- Дагнаць і ўзяць пад ногаць гніду! -
Намеснік грукнуў кулаком.
- Даверым місію Дайліду:
Вярнуцца толькі з Ведзьмаком!
- А дзе вы бачыце Дайліду? -
Гукнуў нясвіжскі пасланец.
- А той вунь, чырванню наліты?
- Во гэны? Гэна ж Мыслівец!
Намеснік зіркнуў на Гамолку
І тут жа коршунам уссеў:
- Ты што ў Саюз нагроб без толку?
Як на адзін капыл усе!..
- А дзе Дайліда? - Бачыў сведка,
Як сёння ўранку, сам не свой,
Без чаравікаў, у шкарпэтках,
Ён пёр на Слуцак пехатой.
- Гардзіцкі ёсць? - У хрэнаводаў
Для кніжкі інтэрв'ю бярэ.
- Ну, а Рыбак? - На агародах
Дзесь выступае па Бюрэ.
- Заві хоць Ставера-халеру!
- Няма таксама, як на грэх:
Пакавыляў мяняць кватэру,
Каб барыша ўзяць за паверх.