Цягнулі творцы і не зналі,
Б'ючы пярэдніх у каршэнь,
Што ўжо найлепшае паклалі
Арганізатары ў кішэнь.
Што быў усцешаны ўжо досыць
Увесь часопіс "Беларусь":
Шаўня, Шыловіч, Гроднеў, Досін —
Магутны аўтарскі хаўрус!..
А ўвечар, позна да паўночы,
Навокал Лысае гары
Пісакі, вытрашчыўшы вочы,
Шукалі ўчасткаў нумары.
О, творчы пошук над гарою!
Калі б у гуле нашых дзён
Свайго станоўчага героя
Шукалі так — які б быў плён!
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
ПРАБЛЕМА
Адвеку знаюць у народзе,
Што калі гною не дасі,
То будзе пуста ў агародзе —
I бога нават не прасі.
Каб агародніна буяла,
Ва ўсю шугала на градзе —
Патрэбен гной. Ды і нямала.
А дзе ж узяць яго? Ну, дзе?
Загаравалі лысагорцы
Сярод няўгноеных палёў.
I прыгадалі ў скрусе творцы:
Які шчаслівец Кавалёў!
Яму кругом пашанцавала —
I тут пайшло ў яго на лад:
За свата выбраў генерала,
А ў генерала — шмат салдат.
Таму гарод не быў пустэльняй:
Абы прыходзіла пара —
Салдаты з поўнаю цыстэрнай
Так і газуюць да двара!
А паспрабуйце даць вы рады
Без генеральскае радні!
Ну, хоць ты сам кладзіся ў грады
I загнівай на карані!
Знайшлася першай паэтэса:
Сярод пустых яшчэ сядзіб
На ейных сотках, побліз лесу,
Шпакоўня вырасла, як грыб.
"Раз аніхто з іх не даўмеўся —
Хай — дурні — бегаюць сюды.
Пакуль спахопяцца — за месяц
I гною будзе для грады..."
Тым часам іншыя шукалі:
Хто — чарназём, хто — буры торф,
Хто — проста смецце, хто — фекалій,
Каравякі збіраў прафорг.
I кожны Кучару зайздросціў
I дэталёва ўспамінаў,
Як той у цырку па знаёмству
Браў угнаенне з-пад слана.
Як чуўся крытык вінавата
I ў цыркача сярод двара
Пытаў: "Скажы, а ці багата
Ён валіць гэтага дабра?"
Цыркач скрывіўся, цыркнуў слінай
I даў блатмайстару адказ:
"Ты і за плечы не закінеш,
Што ён нахляпае за раз!.."
Адзін рэдактар меў удачу:
Купіць гуана бочку змог,
Прыпёр упоцемку на дачу
I начапіў цяжкі замок.
Тады, на сорам чалавеку —
Ад слаўных будняў убаку —
I ўзнік ганебны лозунг веку:
"Гаўно трымайце на замку!"
У звязку з гэтаю праблемай,
Якой жылі гаспадары,
Дыскусій шмат было й палемік
На схілах Лысае гары.
— Абы дзярмо! — аднойчы ўвечар
Сказаў Няхай і тут жа скіс.
Але пісаку запярэчыў
Удумны Сачанка Барыс:
— Ну, не кажыце: гной няроўны.
Найлепшы той, што зробіш сам.
Бо ён жа твой, уласны, кроўны,
Як твор, які ты напісаў.
Мне гной уласны найдарожшы
За ўсякі куплены другі,
Хоць, пэўна, добры гной у Прокшы,
I ў Лукшы, мабыць, не благі.
Ну, а вазьмі Шашкова з Гродневым?
Хто знае, што яны ядуць
I што за гной табе дадуць?
Якая вырасце гародніна?
Калі глядзець на ўсё цвяроза,
Дык, можа, ў іх і гной такі,
Як іх няякасная проза,
Дзе рост не ў клубень, а ў пукі.
Ну, каб замучыла мінтрэга,
То я б адзін-другі камяк
Узяў бы толькі ў Сані Шлега —
I то за тое, што зямляк...
Тым часам творцы зразумелі,
Што ў паэтэсы выйгрыш ёсць,
I пачалі шпакоўні-келлі
На ўласных сотках ставіць скрозь.
Паколькі ўсе былі маэстры
I тэарэтыкі былі —
Пра адпаведнасць формы зместу
Не дбаць пры гэтым не маглі.
I кожны мучыўся маральна,
Часова ходзячы за куст:
Якой па форме прыбіральня
Павінна быць, каб чуўся густ?
Каб не пароў у вочы ўсякі,
Каму надарыцца зірнуць:
"Ну, вось — сучасныя пісакі,
А ад жыцця, бач, адстаюць!"
Бо што стандартная шпакоўня?
Даўно ўжо збрыдзела! Шаблон!
Ці ў ёй падумаеш спакойна
Над віратлівым бегам дзён?