Выбрать главу
Не, тут стандарт — не суцяшэнне. Нялёгка, як ты не круці, Архітэктурнае рашэнне Такой будыніны знайсці!
Ды ўсіх абставіў Сіла Гусеў: Зрабіў кабіну — будзь здароў! Пачырванець ажно прымусіў Прафесароў і дактароў.
Ён форму ўзяў для туалета — Што аж зайздросна паглядзець: Як ёсць касмічная ракета, Вось-вось гатовая ўзляцець!
I гэтай формы сэнс быў ясны: Заходзь, садзіся і ўключай! Ну, а ці быў там змест сучасны — Ты ўжо, чытач, мне выбачай!

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

БУДАЎНІЦТВА
І грады ёсць, і прыбіральні, I ўжо на градах узышло, Але і ў позні час, і ў ранні Спакою творцам не было.
Ну, скажам, вырасце радыска, А дзе гарантый плот і дрот, Што сам з'ясі? Сусед жа блізка: Залезе ў творчы агарод!
Ці ж прывыкаць да плагіяту Хапугам розным уначы? I калі ты не зробіш хату, Дык як жа грады сцерагчы?
Сабаку й то патрэбна будка, Каб ён не мок і не калеў. I вось на ўчастку кожным хутка Закрасаваў часовы хлеў.
Але ў часовым — надта ж мулка! Вунь колісь быў Часовы ўрад — I той застаўся без прытулка, Як далі выспятка пад зад.
Наш век суровы пэўнасць любіць,
А пэўнасць — гэта не хляўчук. I дом з бярвенняў тут не зрубіш, Бо адбяруць сякеру з рук.
Таму і кожны лысагорац Пачаў мазгамі варушыць, Каб як аполкаў дзе агораць, Зляпіць хаціну і зажыць.
I неўзабаве стала ясна, Што ўсе цюхцяі-цельпукі, Калі датычыць справы ўласнай — Ого, якія спрытнякі!
Здзівіла ўсіх актыўнасць Цвіркі: Займеўшы ўласны чарназём, Адолеў лёгка закавыркі I самы першы згрукаў дом.
За ім услед маўчун Арочка Падважваў плашкі пакрысе. О, як ён важна, без сарочкі, Выглёндаў з кульбай на страсе!
Няхай з Кірэенкам глядзелі На гэтых выскачак маўчком, I ў Няхая душонка ў целе Аж закруцілася ваўчком.
I ён, як зух-ініцыятар Ва ўсякай "творчай" барацьбе, Зусім аднолькавыя хаты Дастаў суседу і сабе.
Але сусед падумаў сціпла: "Зраўняцца хатай — проста жах!" I набакір, у стылі "сцірта", Ён заламаў фацэтна дах.
Тым часам Хомчанка змікіціў, Што маху даў, не ўзяўшы град. Адзеў свой пракурорскі кіцель — I зразу ўсё пайшло на лад.
Ён прыхапіў дзялянку хмызу (Някепска знаць законаў дух!) I дом — з падмурка да карнізу — Урваў па часці бытпаслуг.
Здаўна не любячы дарэмшчын, Рукамі ўласнымі, як маг, Стары сталяр-чырвонадрэўшчык, Адляскаў Звонак звонкі гмах.
Александровіч дом, як пуню, Зрабіў з паветкай заадно, А каб выходзіў дым — прасунуў Трубу, як гаўбіцу, ў акно.
I Бугаёў, хоць быў вядомы Як апантаны кнігаед, Аднак не меншую стадолу На ўскрайку выстукаў услед.
А Куляшоў, мудрэц-прафесар, Каб сотку лішнюю займець, Прыгарадзіў кавалак лесу I ў ім паставіў дом і клець.
Ды ўсе прафесары й дацэнты Перад Навуменкам адным Былі, як дробязныя цэнты Перад далярам залатым.
Другі маштаб — другая марка: Калі яму стаўлялі дом — Тры дні вішчэла цыркулярка, Чатыры дні звінела чарка, I цэлых пяць сквірчэла скварка, I кожны дзень вялася сварка — Былі Гамора і Садом!
Астрэйка, той, што ў сотнях песняў Уславіў некалі будан, За кожнай кроквай клікаў цесляў: — Ну, злазьце, хлопцы, кроплю дам!
Стары празаік Аляксееў — Ён генерал сапраўдны быў: Не ставіў хаты, град не сеяў — Склеп-бомбасховішча зрабіў.
Святоша-праведнік Аўрамчык Якіхсьці хлопцаў прывалок — Яны не дом яму, а храмчык За тыдзень склалі да аблок.
Будаўнікоў тых незнаёмых — Без намаганняў і турбот — Ён адкрываў пасля імёны У "Маладосці" цэлы год.