Выбрать главу

План Маленькага Джона быў ухвалены, і ён памкнуўся ісці, але раптам замёр на месцы і паказаў рукой на край лесу. Робін Гуд зірнуў туды і ўбачыў маладога чалавека, які толькі што выйшаў на паляну па лясной сцяжынцы. На ім было ўсё пунсовае, у руках ён трымаў лук даўжынёй пад свой рост, на баку вісеў шырокі нож. Важак аленяў убачыў ярка-чырвоную постаць, угнуў галаву, наставіў рогі і пачаў грэбці капытамі зямлю.

— Хто там гэтак ярка ўспыхнуў? — спытаў Робін Гуд.

— He ведаю, — ціхенька адказаў Маленькі Джон. — Ён нетутэйшы.

— Вядома, не! — пагадзіўся Робін Гуд. — Яго пунсовае ўбранне — як полымя сярод дрэў. У лес апрануўся б лепш у зялёнае. Відаць, нейкі гарадскі франт выбраўся пагуляць у лесе.

Але ў гэты момант яны ўбачылі такое, ад чаго ажно ўскрыкнулі ад захаплення.

Чалавек у пунсовым прыладзіў цеціву да лука, узяў з калчана стралу і паклаў на цеціву. Яго рэзкія рухі ўспудзілі важака, той падаў трывожны сігнал, і ўвесь статак імкліва кінуўся ў лес. Некалькі самак акружылі важака, нібы прыкрываючы яго ад небяспекі, і трапіць у яго стралою было амаль немагчыма. Але ўжо каля самага лесу важак на момант вырваўся наперад. Хапіла і гэтага кароткага імгнення. Цеціва глуха зазвінела, страла сарвалася з лука, і рагач грымнуўся на зямлю — страла ўваткнулася ў яго плямісты бок аж да самага апярэння.

— Цудоўны стрэл! — прашаптаў Робін Гуд. — He, гэта не гарадскі франт, Маленькі Джон. Пачакай тут, я пайду пагавару з ім.

Маленькі Джон застаўся ў зарасніку, а Робін Гуд пайшоў па паляне да паляўнічага, які ўжо стаяў каля сваёй здабычы.

— Выдатны стрэл! Майстэрскі! — сказаў Робін Гуд, падыходзячы да яго. — Ты адпусціў цеціву якраз у патрэбнае імгненне, незнаёмец!

Чалавек моўчкі холадна зірнуў на яго.

— Мне патрэбны меткія стралкі,— гаварыў далей Робін Гуд. — Хочаш служыць у мяне?

— А хто ты такі? — з пагардай адказаў малады чалавек у пунсовым. — Чаму я павінен служыць у цябе? Ты сам з леснікоў?

— Ага, прыблізна.

— I пасвіш аленяў для караля?

— Правільна. Для караля Шэрвудскага лесу!

— Што англійскі кароль, што шэрвудскі, мне ўсё адно, — манерна расцягваючы словы, прамовіў франт. — Ідзі сваёю дарогай, добры шэрвудзец, і не дакучай мне. Ты мне зусім не патрэбны.

— А калі не пайду, што ты зробіш?

— Клянуся, цябе чакае добрая лупцоўка.

«Відаць, не баязлівец, — падумаў Робін Гуд. — Зараз праверу, ці такі ён храбры, як здаецца».

Чалавек у пунсовым пачаў спакойна, не зважаючы на Робіна, разглядаць рогі забітага ім аленя. Робін Гуд ціхенька паклаў стралу на цеціву, тупнуў нагой і крыкнуў:

— Беражыся!

Калі чалавек павярнуўся да яго і убачыў выгнуты дугою лук і нацэленую ў грудзі стралу, ён не змяніўся з твару і нават не варухнуў брывом, а толькі сярдзіта сказаў:

— Ідзі сваёй дарогай, чалавеча. Што за блазенская гульня?

— Па-твойму, страла між рэбраў — блазенская гульня? — грозна прамовіў Робін Гуд. — Я лясны разбойнік і вораг такіх шыкоўных франтаў, як ты. Кінь мне пад ногі свой кашалёк і не марудзь, калі табе жыццё дарагое.

— А-а… значыць, ты з той шайкі? — сказаў малады чалавек з лёгкім здзіўленнем у голасе. — Што ж, страла на цеціве — важкі аргумент! — і ён зрабіў рух, быццам хацеў адвязаць ад пояса кашалёк, але выхапіў з калчана стралу і ўмомант паклаў яе на лук. Цяпер абодва, і ён і Робін Гуд, цэліліся адзін у аднаго.

У Робіна Гуда і ў галаве не было страляць у гэтага чалавека.

— Стой! — выгукнуў ён. — Мы ж заб’ём адзін аднаго, і хто ад гэтага выйграе?

— На мой розум, ніхто, — спакойна адказаў незнаёмы. — Але ж гульню пачаў не я, а ты.

— Тады я канчаю яе, — і з гэтымі словамі Робін Гуд паклаў стралу ў калчан.

Незнаёмец зрабіўтое самае і моўчкі чакаў, што будзе далей.

— У цябе ёсць меч і шчыт, — сказаў Робін Гуд, — у мяне таксама. Проста ганебна разысціся, не даведаўшыся, хто з нас лепшы баец.

— З мячом і шчытом, — сказаў Робін Гуд, — Пойдзем пад дуб векавы.
— Я стойкі баец, — прамовіў храбрэц,— I табе не знасіць галавы.

Яны пайшлі на роўную дзірваністую палянку пад магутным разложыстым дубам.

Бліснулі шырокія клінкі, і паядынак пачаўся. Лясь, лясь! — стукалі цяжкія мячы па моцных шчытах, якія праціўнікі спрытна падстаўлялі пад лязы мячоў. Бой доўжыўся добрыя паўгадзіны, і ніхто не меў перавагі, ніхто не адступіў ні на крок, і ні разу клінок не дакрануўся да цела.