Нарэшце паядынак скончыўся пасля ўдалага выпаду незнаёмца. Робін Гуд не паспеў адбіць удар мяча, кончык клінка рассек лоб каля валасоў, і кроў заліла вочы Робін Гуду. Больш біцца ён ужо не мог, бо нічога не бачыў.
Як толькі паранілі атамана, Маленькі Джон выскачыў са свайго сховішча і кінуўся да дуба.
— Дай мне свой меч, — крыкнуў ён Робін Гуду, — і няхай гэты малойчык паспрабуе перамагчы мяне! Я ўмею біцца на мячах са шчытом!
— He, Маленькі Джон, не! — адказаў Робін Гуд, выціраючы кроў.— Даволі звону мячоў! Ганьба ставіць свежага чалавека супраць таго, хто доўга і храбра змагаўся. Ён сумленны праціўнік, ён не атакаваў мяне, калі мне заліло вочы.
— Што ж, мой абавязак — слухацца, — прабурчаў Джон, — але мне крыўдна, як падумаю, што гэты моднік будзе выхваляцца перад сваімі прыяцелямі, што пусціў кроў самому Робін Гуду і застаўся цэлы і здаровы.
I тут незнаёмца пакінулі абыякавасць і спакойная стрыманасць.
— Робін Гуд! — узрушана ўсклікнуў ён. — Значыць, я сустрэўся з Робін Гудам? I біўся з ім?
— Адкуль ты мяне ведаеш? — сказаў Робін Гуд. — Хто ты?
— Хто я? — засмяяўся юнак. — Некалькі гадоў назад ты адразу пазнаў бы мяне, а я цябе. Ты забыў, Роб, Уіла Геймуэла?
— Уіла Геймуэла, майго адзінага стрыечнага брата? He, не забыў. Але не пазнаў. Дык гэта ты, Уіл? Той самы хлопчык, з якім мы шукалі ў лесе птушыныя гнёзды? Каго я навучыў страляць з лука? Цяпер пазнаю тваю ўсмешку і голас. I трэба ж, мы біліся на мячах!
Сваякі горача паціснулі адзін аднаму рукі. Маленькі Джон таксама патрос працягнутую Уілам руку.
— А што ты робіш у лесе, Уіл? — спытаў Робін Гуд.
— Цябе шукаю, Роб. Я таксама парушыў закон і ўцёк у лес, на мне чалавечая кроў. Я ратаваў сваё жыццё. Ты памятаеш Грыма, нашага аканома?
— Гэтага старога шэльму? Яшчэ як памятаю! — адказаў Робін Гуд. — Калі гэта яго кроў, дык упэўнены, у цябе былі важкія прычыны.
— Вось паслухай, як усё здарылася. Ты ж ведаеш, наша зямля мяжуе з паляўнічымі ўгоддзямі барона Дэ Лaci, нашага нарманскага суседа. Ён даўно ўжо вастрыў зубы на наш маёнтак. Бацька мой ужо стары, і я ў яго адзіны сын. Дык гэты нарманскі барон задумаў адправіць мяне на той свет, каб потым атрымаць даравальную грамату на нашу зямлю, якая засталася б без гаспадара.
— Во бандыт! — усклікнуў Робін Гуд. — Ён ужо не адзін раз гэтакім чынам дамагаўся свайго. Ну і што далей?
— Гэтымі днямі я разам з Грымам пайшоў на паляванне. Стаю на краі маленькай прагаліны, чакаю аленя, як раптам нешта падказала мне азірнуцца — не ведаю, адкуль узнікла гэтае трывожнае адчуванне, — і я ўбачыў Грыма, які цэліўся ў мяне. Каб уратавацца, мне засталося адно: я стрэліў якраз у той момант, калі ён адпусціў цеціву. Яго страла распарола на мне камзол і камізэльку, а мая прабіла яму грудзі. Праз пяць мінут ён памёр, але перад смерцю паспеў прызнацца, што Дэ Лaci падгаварыў яго забіць мяне за вялікую ўзнагароду і высокую пасаду ў доме барона.
— Якое вераломства! — усклікнуў Робін Гуд. — Нарманскія бароны гатовы любымі спосабамі абрабаваць саксаў, і чым больш шкоды робяць, тым больш радуюцца. А потым што з табой было?
— Як на тую бяду, барон даведаўся, як памёр Грым, адразу паслаў шэрыфа па маім следзе. Яму дарэчы прыйшлася б мая смерць на шыбеніцы за наўмыснае, як ён абвясціў, забойства чалавека.
— Ну, тут усё ясна без слоў,— сказаў Робін Гуд. — I ты ўцёк у наш слаўны Шэрвудскі лес. Ну дык з прыбыццём! Сардэчна запрашаем да нас! Пазнаёмся, гэта Маленькі Джон, другі пасля мяне ў атрадзе чалавек.
Уіл Геймуэл і Маленькі Джон зноў паціснулі адзін аднаму рукі, а Робін Гуд гаварыў далей:
— Трэба табе, Уіл, памяняць прозвішча. Калі за чалавекам па пятах гоніцца закон, лепш забыць яго сапраўднае прозвішча. Ты прыйшоў да нас у пунсовым убранні, таму і будзем зваць цябе з гэтага дня Уіл Скарлет[3].
— Цудоўна! — выгукнуў Маленькі Джон. — Уіл Скарлет! З гэтым імем ён уступіць у наш атрад вольным лясным стралком.
Уіл Скарлет далучыўся да атрада Робін Гуда. Ён прысягнуў, што будзе выконваць усе законы і звычаі ляснога брацтва.
— А вялікі рагач, якога я падстрэліў, будзе маім першым укладам у агульную справу, — засмяяўся Уіл Скарлет. — Давайце наладзім сяброўскі абед з нагоды майго ўступлення ў вашу паважаную кампанію.
Робін Гуд таксама засмяяўся і запляскаў у далоні.
— Мы з Маленькім Джонам якраз хацелі здабыць дзічыны, калі ты раптам выйшаў на паляну, — сказаў ён. — Я ўжо выбраў гэтага важака, але ты апярэдзіў мяне. Што ж, панясём яго тушу ў наша прыстанішча. Сёння мы добра пабалюем і наядзімся цудоўнай аленіны.