Выбрать главу

Раздзел пяты

Сустрэча з манахам

Аднойчы Робін Гуд сабраў Пад шатамі дубоў Для спрытных гульняў і забаў Сваіх лясных сяброў.

Пагодлівым летнім днём, калі лес стаяў у прыгожым зялёным убранні і сонца аздабляла мяккі дзірван ажурнымі ўзорамі святла і ценю, у стралкоў Робін Гуда было так прыемна на душы, што ім захацелася наладзіць сабе свята і павесяліцца. Яны бегалі навыперадкі, скакалі з разбегу, біліся на дубінках, пускаліся ў скокі — забаўляліся, як дзеці. Нарэшце надышла чарга самаму любімаму іх спаборніцтву — стральбе з лука.

Яны разбіліся на групы і рассыпаліся па лесе ў пошуках аленяў. З Робін Гудам пайшлі Маленькі Джон, Мач Млынароў сын і Уіл Скарлет. Неўзабаве яны ўбачылі статак аленяў, які пасвіўся на далёкім лужку. Робін Гуд сказаў:

— Алені выйшлі на папас. А вунь які самец За футаў мо пяцьсот ад нас! Хто трапіць — той стралец!

Уіл Скарлет пацэліў у маладога аленя, Мач трапіў у аляніцу. Маленькі Джон напяў свой магутны лук. Яго страла са свістам праляцела добрыя пяць соцень футаў і ўпілася ў грудзі вялікага рагача.

— Вось гэта стрэл! — усклікнуў Робін Гуд. — Малайчына, Маленькі Джон! Я не паленаваўся б прайсці сто міль, каб ведаў, што знайду чалавека, які страляе так, як ты.

Уіл Скарлет засмяяўся:

— Хадзіць гэтак далёка не трэба, Робін. Ты можаш знайсці раўню Маленькаму Джону значна бліжэй.

— А дзе ж?

— Дзе? У Манастыры ля Крыніц. Там ёсць манах жабрачага ордэна. Яму па сіле любы лук, нават самы вялікі і тугі. У меткасці ён паб’е Маленькага Джона ды і цябе заадно.

Гэты манах вельмі зацікавіў Робін Гуда. Яму захацелася залучыць да сябе яшчэ аднаго спрытнага стралка, і ён пакляўся перад сваімі таварышамі, што знойдзе таго манаха што б там ні было. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе,

Даў Робін Гуд сабе зарок He есці і не піць, Пакуль удалы той стралок Да іх не пойдзе жыць.

Робін Гуд сеў на каня і паехаў. Ён добра ўзброіўся ў дарогу. На ім былі кальчуга і сталёвы шлем, на баку добры меч, на руцэ невялікі круглы шчыт, на поясе калчан са стрэламі, а на плячы вялікі лук.

Нарэшце Робін Гуд апынуўся ў прыгожай даліне, дзе стаяў Манастыр ля Крыніц. Яго руіны яшчэ і сёння ляжаць там. Між берагоў бруілася рака — сярэбраная стужка на зялёным дыване раўніны. Робін Гуд прытрымаў каня: хацеў акінуць вокам краявід, і раптам заўважыў чалавека, які ішоў берагам рэчкі. Хоць чалавек быў у плашчы манаха-жабрака, падпяразаным вяроўкай, на галаве ў яго быў сталёвы шлем, а на баку меч і круглы шчыт.

«Здаецца, яго я і шукаю, — падумаў Робін Гуд. — Калі ён манах, дык гэта ваяўнічы манах і якраз той чалавек, пра якога гаварыў Уіл Скарлет».

Робін Гуд спешыўся, прывязаў каня да цярноўніку і пайшоў наперарэз манаху па сцежцы, што збягала да рэчкі і працягвалася на другім беразе.

«Там, відаць, брод, — вырашыў Робін Гуд, і я перабяруся цераз рэчку, не намачыўшы ног. Манах перанясе мяне на сваіх плячах. Але куды ён дзеўся?»

Дзябёлая постаць знікла ў прыбярэжных кустах, ды неўзабаве вынырнула зноў. Манах ішоў назад. Аказалася, ён расхаджваў па беразе з малітоўнікам у руках і нараспеў чытаў нейкі псалом ды так гучна, што здавалася, бык раве. Раптам ён спыніўся на паўслове. Там, дзе сцежка падыходзіла да рэчкі, стаяў незнаёмы чалавек з крута выгнутым лукам і стралой на цеціве і цэліўся ў яго.

Шмат хто прыйшоў бы ў замяшанне ад такой нечаканасці, але манах застаўся зусім спакойны. Ніводная жылка не варухнулася на яго круглым пухлявым і румяным твары. У маленькіх свіных вочках, амаль схаваных у тлустых складках шчок, было больш цікаўнасці, чым трывогі.

— Сын мой, — сказаў ён, — ты можаш апусціць свой лук і схаваць стралу. Калі ты наважыў абрабаваць мяне, дык моцна памыліўся: у мяне і гроша ломанага ў кішэні няма. Рабаваць манаха-жабрака — тое самае, што спрабаваць папалуднаваць сухім маслаком. Манахі нашага манастыра далі зарок беднасці. А калі ў цябе другое наўме, дык, розуму не дабяру, навошта табе цэліць у мяне: мы з табой адзін аднаго нават і ў вочы не бачылі.

— He, манах, — сказаў Робін Гуд, — мне не патрэбны ні тваё жыццё, ні кашалёк. Я адно хачу, каб ты дапамог мне пераправіцца бродам цераз рэчку, бо пасля дажджу ён зрабіўся вельмі глыбокі. Дык перанясі мяне на другі бераг.

Манах нічога не сказаў, толькі твар скрывіў так смешна, што Робін Гуд ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. А манах беражліва схаваў свой малітоўнік, нахіліўся і ўзваліў Робін Гуда на сваю шырокую, тоўстую спіну.