Выбрать главу

«Хутка надыдзе ноч. Сёння ніхто ўжо тут не пройдзе», — падумаў Робін Гуд і вярнуўся да месца збору на глухой паляне, дзе вакол вялікага яркага вогнішча сядзелі лясныя стралкі — гутарылі і весела смяяліся.

Назаўтра раніцай Робін Гуд разам з Маленькім Джонам і Мачам зноў пайшлі паназіраць за лясной дарогай.

Назаўтра ранкам з-за дубка Зноў глянуў Робін Гуд I зноў убачыў юнака — На твары след пакут.
Цяпер убор ужо не той Прыгожы быў на ім, Што ўчора. Ён шаптаў з тугой: «Няшчасны я зусім!»

— Што з ім такое здарылася? — здзівіўся Робін Гуд. — Яшчэ ж учора весялейшага за яго чалавека, здавалася, на свеце не было. Лec аж звінеў ад яго радаснай песні, а цяпер ён выглядае так, быццам ідзе на хаўтуры. Мач, і ты, Джон, прывядзіце яго да мяне. Хачу даведацца, што за прычына такой раптоўнай перамены.

Маленькі Джон і Мач выйшлі з засады і загадалі менестрэлю спыніцца. Але юнак быў не з баязлівага дзесятка. Ён імгненна схапіўся за лук, гатовы даць адпор, калі на яго нападуць.

— Пакінь свой лук, — сказаў яму Маленькі Джон. — Няма патрэбы страляць. Мы зла табе не зробім. Наш атаман хоча пагаварыць з табой. Вунь ён, зірні, стаіць пад дрэвам.

Менестрэля падвялі да Робін Гуда, той ветліва прывітаўся з ім і спытаў:

— У цябе ёсць лішнія грошы?

— Грошай у мяне зусім мала, — адказаў сумны менестрэль. — Усяго пяць шылінгаў і вось гэты пярсцёнак.

Робін Гуд узяў у яго з рук пярсцёнак.

— Гэты ж пярсцёнак заручальны! — усклікнуў ён.

— Ага, заручальны, — пацвердзіў менестрэль. — Сем гадоў я бярог яго і думаў, што сёння нарэшце надзену на палец нявесты. Але нявесту ў мяне забралі, і цяпер ён мне без патрэбы. Бярыце, хто хоча.

— Раскажы мне ўсё, — сказаў Робін Гуд. — Ты ж учора пад вечар быў радасны і бесклапотны, як лясная птушка, а сёння змрочны і сумны.

— Вы бачылі мяне ўчора? Я сапраўды быў шчаслівы і радасны, бо павінен быў павянчацца з першай прыгажуняй ва ўсім Паўночным краі, а вось цяпер сэрца маё абліваецца крывёю. Яе выдаюць за старога багатага рыцара.

— Яна раптам перадумала? — пацікавіўся Робін Гуд.

— He! — усклікнуў менестрэль. — He перадумала!

Яна кахае мяне гэтак жа моцна, як і раней. Але яе родзічы не хочуць і чуць пра мяне: у мяне ні зямлі няма, ні багацця. Сёння яе павянчаюць са старым багацеем. — Юнак зноў цяжка ўздыхнуў, так цяжка, быццам у яго вось-вось разарвецца сэрца.

— Як цябе завуць? — спытаў Робін Гуд.

— Алан-а-Дэйл, — адказаў юнак.

— Вось што, Алан-а-Дэйл. Я — Робін Гуд, — сказаў славуты разбойнік, — і калі я памагу табе і тваёй вернай дзяўчыне, чым ты аддзячыш мне?

— Амаль пусты мой кашалёк, Набытак бедны мой, Але магу я даць зарок Быць верным вам слугой.

— Вось і добра, — сказаў Робін Гуд. — Сумленны і верны чалавек мне больш патрэбны, чым кашалёк, набіты золатам. Скажы, а дзе павінна адбыцца вянчанне?

— У царкве, што там, за лесам, — адказаў Алан-а-Дэйл. — Усяго за пяць міль адсюль.

— Гэту царкву я ведаю і буду там, — сказаў атаман разбойнікаў і, крыху падумаўшы, папрасіў: — Дай мне тваю арфу.

Менестрэль аддаў яму арфу. Робін Гуд перадаў усю сваю зброю Маленькаму Джону, нешта шапнуў яму на вуха і шпарка пайшоў па дарозе.

Нарэшце паказалася царква. Робін Гуд рушыў па дарожцы праз цвінтар, перабіраючы струны арфы. На звонкія гукі арфы ў дзвярах царквы вырасла мажная постаць у багатым убранні. Сам біскуп меўся справіць вянчальны абрад, бо ён з рыцарам былі прыяцелі яшчэ з маленства.

— Я падумаў, пачуўшы гукі арфы, што ўжо ідуць госці,— сказаў біскуп. — Хто ты і чаго прыйшоў?

Робін Гуд зняў шапку і нізка пакланіўся:

— Святы айцец, я вандроўны музыка. Кажуць, што ва ўсім Паўночным краі няма арфіста лепшага за мяне. Ядаведаўся, што сёння тут будзе вянчанне, і паспяшаўся сюды, каб упрыгожыць музыкай такі шчаслівы дзень.

— О, тады заходзь, калі ласка! — сказаў біскуп і павёў Робін Гуда ў царкву. — Музыку я люблю больш за ўсё на свеце. Сыграй мне што-небудзь.

— He, пане біскуп, — адказаў Робін Гуд, які мог толькі сяк-так брынкаць на струнах, — у тых мясцінах, дзе я вырас, людзі лічаць, што, пакуль не падыдзе вясельная працэсія, іграць нельга: можна наклікаць бяду.

— Добра, тады падрыхтуйся, — сказаў біскуп, — вунь яны ўжо ідуць.

Багаты рыцар тут стары, Суровы увайшоў, Нявесту, як святло зары, Прыгожую прывёў.

Царква была поўная народу. Калі людзі ўбачылі жаніха і нявесту, усе пачалі пераглядвацца. Якая ганьба выдаваць такую прыгожую маладзенькую дзяўчыну за гэткага нягеглага старога! Рыцар быў вельмі стары, танканогі, нібы журавель, сляпы на адно вока і з вялікім гарбом на левым плячы. Дзяўчына ж была надзвычай прыгожая, як ружовая ранішняя зара, і такая свежая і пяшчотная, як майская кветка.