Раздзел восьмы
Залатая страла
Адразу пасля вянчання біскуп паспяшаўся ў Нотынгем да шэрыфа са скаргай на Робін Гуда.
— Вы, шэрыф, седзіце тут, у Нотынгеме, упаўнаважаныя самім каралём Рычардам, каб ахоўваць парадак і спакой, — кіпеў гневам біскуп, — і дазваляеце гэтаму дзёрзкаму разбойніку правіць краінай, быццам ён сам кароль!
Біскуп так лаяў нотынгемскага шэрыфа, што той спалохаўся, каб біскуп не данёс на яго самому Рычарду.
«Калі біскуп наважыў ісці са скаргай да караля, а, відаць, так яно і ёсць, — падумаў шэрыф, — дык лепш я сам далажу і растлумачу каралю, які страшны чалавек гэты Робін Гуд і як цяжка з ім справіцца».
I шэрыф паскакаў у Лондан. Ён сказаў каралю, што ніяк не можа адолець Робін Гуда, бо разбойнікаў вельмі шмат і ўсе яны дзёрзкія і смелыя, ведаюць кожную сцяжынку ў лесе, кожны куточак, таму шэрыфавы людзі не могуць высачыць іх і злавіць.
— А што я магу зрабіць? — абурыўся кароль Рычард. — Хіба ж не вы шэрыф, які па закону абавязаны лавіць разбойнікаў? Закон даў вам уладу караць усіх, хто шкодзіць вам. Калі вы не можаце расправіцца з гэтымі шэльмамі сілай, знайдзіце які іншы спосаб. Ва ўсякім разе, зараз жа вяртайцеся і ў хуткім часе далажыце, што справіліся з імі, інакш вас чакае вялікая бяда.
Шэрыф, убачыўшы, як разгневаўся кароль, паспешліва адкланяўся і рушыў назад у Нотынгем. Усе дні, што быў у дарозе, ён ламаў сабе галаву, прыдумваючы, як падстроіць пастку разбойнікам, і нарэшце радасна ляпнуў сябе па баках і гучна засмяяўся.
— Прыдумаў! — усклікнуў ён, звяртаючыся да новага галоўнага лесніка, што ехаў разам з ім. — Нарэшце прыдумаў! Заманю гэтых бандытаў у Нотынгем. Іх пацягне ў горад, як галоднага сабаку цягне на пах смажанага.
— А як вы гэта зробіце, пан шэрыф? — пацікавіўся галоўны ляснік.
— А вось як, — адказаў шэрыф. — Ты ж ведаеш, што Робін Гуд і яго ліхадзеі заўсёды выхваляюцца, што яны самыя меткія стралкі з лука. Дык вось, я абвяшчу, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука і што пераможца атрымае сярэбраную стралу з залатым наканечнікам. I яшчэ. Той, хто заваюе гэты прыз, будзе абвешчаны самым трапным стралком у краіне!
— Зразумеў, усё зразумеў! — засмяяўся галоўны ляснік. — Выдатная прынада для гэтых выхваляк. Яны абавязкова схопяць вашу прынаду.
— Лічы, што яны ўжо на кручку! — абвясціў шэрыф. — Прынада надзейная, запомні мае словы. Бо яны нізашто не ўтрымаюцца ад спакусы завалодаць такой узнагародай, а калі прыйдуць у горад, людзі, якія ведаюць іх, падпільнуюць і схопяць разбойнікаў.
Шэрыф вярнуўся дамоў у добрым гуморы, і неўзабаве было абвешчана, што ў Нотынгеме мае адбыцца вялікае спаборніцтва па стральбе з лука. Навіна з хуткасцю маланкі разнеслася далёка за межы горада. У Шэрвудскі лес прынёс гэтую вестку шавец Лоб. Ён паведаміў лясным братам, што ў Нотынгем з усёй Англіі прыбываюць славутыя стралкі, каб змагацца за цудоўны прыз і такое пачэснае званне.
— I пераможца будзе абвешчаны першым стралком у краіне? — перапытаў Робін Гуд.
— Ага, так, атаман! — адказаў Лоб. — I, кажуць, з’язджаюцца лепшыя стралкі з усіх англійскіх графстваў.
— Што ж, — сказаў Робін Гуд, — здаецца, мы не горшыя стралкі за іншых. Ганьба нам будзе, калі дазволім чужым забраць прыз, не паспрабуем самі заваяваць яго.
— Будзьце асцярожныя, атаман! — прамовіў дужы стралок па імені Дэвід з Донкастара. — Я думаю, што гэтае спаборніцтва — хітрая пастка. Нас хочуць заманіць у горад і там схапіць.
— Хай дрыжаць баязліўцы, — адказаў Робін Гуд. — Пастка гэта ці не, я ўсё роўна пайду ў Нотынгем.
— Добра, мы ўсе пойдзем у Нотынгем, — сказаў Маленькі Джон. — У мяне выспеў план, як засцерагчыся ад небяспекі. Мы пакінем у лесе свае плашчы і зялёныя курткі і апранёмся як вясковыя хлопцы, што прыйшлі падзівіцца на рэдкае відовішча, і шэрыфавы людзі нас не пазнаюць.
— Малайчына, Маленькі Джон! — пахваліў яго Робін Гуд. — Зробім так, як ты прыдумаў.
У дзень спаборніцтва Робін Гуд і самыя трапныя яго стралкі рушылі ў Нотынгем. Каб не прыцягваць да сябе ўвагі, яны ішлі не гуртам, а па два, па тры, змяшаўшыся з натоўпам вясковых жыхароў, што кіраваліся ў горад. Ніхто з людзей Робін Гуда не быў у сваім звычайным ярка-зялёным адзенні. Маленькі Джон надзеў сінюю куртку з капюшонам, Мач Млынароў сын — карычневую, Уіл Скарлет — белую, Уіл Ст’ютлі — жоўтую. Асобна ад усіх ішоў чалавек у старой паношанай чырвонай світцы з капюшонам. Гэта быў Робін Гуд. Ён рашучым крокам увайшоў у вароты горада з лукам на плячы. Каля варот стаялі шпіёны шэрыфа. Яны ведалі некаторых разбойнікаў у твар і стараліся не прапусціць іх, пільна ўзіраліся ў натоўп, які валам валіў у горад, каб паглядзець на спаборніцтва.