Калі чалавек у падранай чырвонай світцы праходзіў праз вароты, выведчыкі шэрыфа ўважліва агледзелі яго, але ім і ў галаву не прыйшло, што гэта і ёсць злейшы вораг шэрыфа. Левае вока Робін Гуд прыкрыў чорнай павязкай, знарок запусціў бараду — яна была неахайная і ўскудлачаная, — ідучы, ён неяк смешна пераступаў нагамі.
— Зірні вунь на таго недарэку ў чырвоных рызманах, — са смехам сказаў нейкі ляснік. — Клянуся, сёння ўсе вясковыя абарванцы спяшаюцца сюды: спадзяюцца атрымаць залатую стралу.
Робін Гуд пачуў гэтыя словы і ледзь усміхнуўся. Ён шпарка пакрочыў на стрэльбішча, дзе стаялі мішэні. Шэрыф ужо знаходзіўся там. Ён быў на кані, і яго акружаў атрад целаахоўнікаў. Ахвотнікаў атрымаць каштоўны прыз сабралася шмат, і шэрыф пільна шнарыў вачамі па натоўпе, шукаючы сярод людзей ненавісных яму разбойнікаў. Але колькі ні ўзіраўся шэрыф у гэтае зборышча не вядомых яму людзей, ён не заўважыў нікога, хто б хоць чым-небудзь нагадваў людзей Робін Гуда.
Неўзабаве пачалося спаборніцтва. Хутка высветлілася, што адзін з самых меткіх стралкоў — Уільям з Йорка — ніяк не можа ўзяць верх над купкай вясковых хлапцоў, апранутых у курткі самых розных колераў.
Гледачы з захапленнем сачылі за барацьбой гэтых бедна адзетых людзей са славутым стралком і віталі кожнага з іх радаснымі воклічамі.
Нарэшце спаборнікаў засталося толькі двое — Уільям з Йорка і чалавек у чырвонай світцы. Для іх паставілі новую мішэнь на значна большай адлегласці, чым усе ранейшыя, і абодва стралкі сталі на сваё месца з лукам у руках. Кожны павінен быў пусціць тры стралы. Шмат хто з выдатных стралкоў, што сталі гледачамі, з сумненнем круцілі галовамі і паціскалі плячамі, убачыўшы, як далёка стаяць мішэні.
— Гэта ж якім трэба быць майстрам, каб трапіць у такую далёкую цэль, — гаварылі яны, — няхай нават і не ў самы яблычак.
Гледачы, стаіўшы дыханне, чакалі, чым скончыцца паядынак стралкоў. Ззаду двух прэтэндэнтаў на прыз гарцавалі на конях шэрыф і яго самыя блізкія прыяцелі.
— Мы былі сведкамі надзіва меткай стральбы, — сказаў нехта з іх. — Нават сам Робін Гуд і яго людзі не стралялі б лепш.
Амаль каля самай храпы шэрыфавага каня стаяў стралок у чырвонай світцы, абапёршыся на свой вялікі лук і шырока разявіўшы рот, нібы той вясковы дурань. Ён углядаўся адзіным вокам у далёкую мішэнь. Робін Гуд ледзь стрымаўся, пачуўшы кплівыя словы шэрыфа. Яму так і карцела павярнуцца і смела глянуць у твар шэрыфу. Але гэта было вельмі небяспечна, і ён не варухнуўся, толькі падумаў: «Хутка ты даведаешся, пыхлівы шэрыф, што перад табой стаяў Робін Гуд».
Першы ўскінуў лук Уільям з Йорка. Ён не спяшаючыся прыцэліўся і стрэліў. Дзве стралы трапілі ў белы кружочак усярэдзіне мішэні, а трэцяя ўваткнулася крышачку далей.
— Здавайся, Чырвоная світка! — закрычалі прыяцелі Уільяма з Йорка. — Лепш табе не пацэліць! Здавайся, аддай прыз пераможцу!
Але чалавек у чырвонай світцы шырока ўсміхнуўся і пакруціў галавой.
— I ўсё ж я паспрабую, — сказаў ён з моцным паўночным акцэнтам, а сам падумаў: «Ну, Робін, не зганьбі гонару слаўнага Шэрвудскага лесу!»
Ён узяў з калчана адразу тры стралы і пусціў іх адну за адной так хутка, што другая страла ўжо гула ў паветры, калі першая яшчэ не даляцела да цэлі, а трэцяя сарвалася з цецівы, калі другая яшчэ не ўваткнулася ў мішэнь. Гледачы на момант знямелі ад здзіўлення і захаплення — першая і другая стрэлы выбілі з яблычка абедзве стралы Уільяма з Йорка, а трэцяя трапіла ў самую сярэдзіну белага кружочка.