Выбрать главу

Сярод прыяцеляў шэрыфа быў рыцар па імені Гай Гізбарн — добры воін, але чалавек злосны і распусны. Ён залез па вушы ў даўгі і за грошы гатовы быў пайсці на ўсё.

Калі Гай Гізбарн пачуў пра ўзнагароду за галаву Робін Гуда, ён наважыў што б там ні было атрымаць яе і лічыў, што на гэта ў яго ёсць шанц. Ён добра ведаў Шэрвудскі лес і таму спадзяваўся знайсці лагер Робін Гуда. Рыцар расказаў шэрыфу пра сваю задуму пераапрануцца і пайсці аднаму ў лес.

Перад адыходам ён сказаў шэрыфу:

— Няма ніякай патрэбы ісці адразу вялікаму войску шукаць Робін Гуда і яго шайку. Разбойнікі будуць пазбягаць сустрэчы з войскам. Я пайду ў лес раней і разведаю пра тайнае прыстанішча Робін Гуда і яго лясных разбойнікаў.

Тым ранкам Робін Гуда паднялі з яго лясной пасцелі спевы дразда.

— Ноччу мне прысніўся нейкі брыдкі сон, — сказаў Маленькаму Джону Робін Гуд, праціраючы вочы. — Быццам я змагаўся з двума здаравякамі і яны добра намялі мне бакі, звязалі і забралі мой лук.

Маленькі Джон засмяяўся:

— Лухта гэтыя сны. Сон — нібы вецер: наляціць і знікне.

— I ўсё ж мы з табой зараз пройдземся па лесе, — сказаў Робін Гуд, — можа, і стрэнем каго з тых, што мне прымроіўся ў сне.

Пасля сняданку Робін Гуд і Маленькі Джон пайшлі ў глыб лесу, а Уіл Скарлет з двума таварышамі падаліся ў другі бок.

— Добра, каб мы ўспудзілі якую-небудзь дзічыну, — сказаў Уіл. — Адзін або два трацячкі нам не пашкодзяць — кладоўка ў нас сёння апусцела.

I два маленькія атрады разышліся ў розныя бакі. Неўзабаве Робін Гуд і Маленькі Джон выйшлі на край невялікай паляны сярод магутных дубоў і ўдалечыні ўбачылі нейкую дзіўную постаць.

— Чалавек гэта ці звер? — недаўменна спытаў Маленькі Джон. — А можа, злы дух? Ты, атаман, пастой тут, я зараз даведаюся.

Але Робін Гуд загадаў яму спыніцца: ён сам пойдзе паглядзець. Маленькі Джон пакрыўдзіўся, і яны з Робін Гудам абмяняліся двума-трыма рэзкімі словамі. Маленькі Джон раптам павярнуўся і пайшоў назад у лес.

— Пайду да Скарлета, — кінуў ён на хаду Робін Гуду. — Я ведаю паляну, куды ён з хлопцамі пайшоў здабыць дзічыны.

Неўзабаве ён убачыў іх. Але што гэта? Усе трое беглі так шпарка, што ногі ледзь краналіся зямлі, а за імі імчаліся шэрыф і сотні паўтары лучнікаў і кап’ёўшчыкаў. Вось якога звера паднялі няўдачлівыя паляўнічыя! Хмары стрэл са свістам ляцелі ўслед за ўцекачамі.

Маленькі Джон аж застагнаў, калі два яго сябры ўпалі з трыма стрэламі ў спіне. Але Уіла Скарлета яшчэ ніводная страла не зачапіла, і ён бег з усіх ног, усё шпарчэй і шпарчэй. Шэрыф крычаў сваім падначаленым:

— Пацэльце вунь у таго, мае малайцы! Жывым ці мёртвым схапіце нягодніка!

Але Скарлет уцякаў так шпарка, што Маленькі Джон зразумеў: ён уратуецца. Цяпер толькі адзін чалавек мог дагнаць яго. Гэты лучнік далёка апярэдзіў і шэрыфа і ўсё войска і гнаўся за Скарлетам, як ганчак за ланню.

— Гэта ж Уільям-а-Трэнт! — прамармытаў Маленькі Джон. Ён ведаў гэтага спрытнага бегуна. — Нельга дазволіць, каб ён насцігнуў Уіла і схапіў яго.

Маленькі Джон ускінуў лук і пусціў стралу. Уільям-а-Трэнт пранізліва крыкнуў і са стралой у грудзях грымнуўся на дол. Як гаворыцца ў старой баладзе,

Каб дома ў ложку Уільям спаў, He бег праз лес зялёны, Яго б на той свет не паслаў Стрэл меткі з лука Джона.

Скарлет знік за густой сцяной дрэў, а Маленькі Джон роспачна войкнуў: яго лук, яго добры цісавы лук раптам трэснуў, і цяпер у руках Маленькага Джона была ўжо не зброя, а бескарысны кавалак дрэва.

— Чаму, чаму ты, здрадны лук, He трэснуў шчэ на дрэве? —

прастагнаў Маленькі Джон і таксама памкнуўся ўцякаць. А што яшчэ рабіць бяззбройнаму? Але тут, прадраўшыся праз хмызняк, да яго падскочылі пяць чалавек з коп’ямі і загадалі спыніцца. Гэта былі разведчыкі, якіх шэрыф паслаў наперад войска. Яны пачулі шум і крыкі і паспяшаліся да сваіх.

Маленькі Джон зрабіў вялікі скачок убок і ўцёк бы, але адзін з кап'ёўшчыкаў шпурнуў доўгае ясеневае дрэўка кап’я яму пад ногі, і Маленькі Джон расцягнуўся на зямлі на ўвесь свой гіганцкі рост. Ворагі акружылі яго, схапілі за рукі, за ногі, стараючыся не даць яму падняцца. Іх было пяць супраць аднаго, але і такая перавага не памагла б ім, каб не прыбеглі яшчэ некалькі чалавек. Два разы ўставаў Маленькі Джон з зямлі з павіслымі на ім, як сабакі на льве, ворагамі, і два разы яны зноў валілі яго. Раптам ён вызваліў правую руку, размахнуўся — і два ворагі замерлі каля яго ног.