Выбрать главу

На шум прымчаліся яшчэ каля дзесяці шэрыфавых людзей і рынуліся на Маленькага Джона. Тут ужо нават такі волат, як ён, нічога не мог зрабіць. Маленькага Джона звязалі па руках і нагах, і ён бездапаможна ляжаў на зямлі ў поўнай уладзе ворагаў.

Падышоў шэрыф, засмяяўся і сказаў:

— Адзін ужо для шыбеніцы гатовы, і то добра. Ды яшчэ які вялікі! Падыміце яго, хлопцы, і прывяжыце да дрэва. Так будзе больш надзейна. Хай пастаіць адзін, пакуль мы не зловім яшчэ некалькі нягоднікаў. А потым, подлы шэльма, — павярнуўся ён да палоннага, — цябе павесяць на самым высокім узгорку.

Хоць смерць ужо глядзела Маленькаму Джону ў вочы, ён смела зірнуў на шэрыфа і дзёрзка засмяяўся.

— Па волі неба, — крыкнуў ён шэрыфу, — усе твае намеры, пыхлівы шэрыф, пойдуць прахам і сёння, і заўтра, і павек!

А цяпер пакінем на час Маленькага Джона ў руках бязлітаснага ворага і раскажам пра Робін Гуда.

Робін Гуд ішоў па паляне, углядаючыся ў дзіўную істоту, і неўзабаве ўбачыў, што, прысланіўшыся да дрэва, стаіць высокі, моцнага складу мужчына, захутаны ў нешта дзіўнае. Ды гэта ж высушаная конская шкура — з галавой, з грывай і хвастом! З-пад конскай галавы вызіраў твар незнаёмца, на плечы спадала конская грыва, а хвост матляўся за спінай. Відовішча было вельмі смешнае. Але чалавек, відаць, меў рашучыя намеры — у руках у яго быў вялікі лук, на поясе віселі меч і кінжал.

— Добрага ранку, мілы чалавек, — павітаўся з ім Робін Гуд. — Бачу, у цябе добры лук. Мусіць, ты паляўнічы.

— Так, лук у мяне добры, — адказаў незнаёмы, — ды сёння я пайшоў не на паляванне. Заблудзіў у гэтым густым лесе. А хто ты?

— Я ёмен з Локслі,— сказаў Робін Гуд. — Вёска ёсць такая на тым баку лесу.

— А ты добра ведаеш гэты лес, ёмен з Локслі?

— Без пахвальбы скажу, што ведаю ўсе сцяжынкі тут лепш за каго іншага. Калі хочаце, магу быць у вас за правадніка.

— Добра, — сказаў незнаёмы. — Я шукаю Робін Гуда. Правядзі мяне ў лагер да гэтага гордага разбойніка. Сустрэча з ім даражэйшая для мяне за сорак фунтаў золатам.

Робін Гуд уважліва прыгледзеўся да незнаёмага і пазнаў яго.

«Гэта Гай Гізбарн! — сказаў сам сабе Робін Гуд. — Пра яго ходзіць слава, што ён чалавек прадажны і вераломны. Ха-ха! Сорак фунтаў! Я ведаю, чаму Робін Гуд даражэйшы за сорак фунтаў. Калі б яму ўдалося захапіць мяне, ён атрымаў бы за маю галаву ў шмат разоў больш».

— Чаму ж не правесці, калі вам так хочацца ўбачыць гэтага разбойніка, — бадзёра сказаў Робін Гуд. — Я памагу вам сустрэцца з Робін Гудам. Толькі я не такі чалавек, каб быць за правадніка ў таго, хто, можа, хоць і носіць лук, a страляць з яго не ўмее.

— Гэта я не ўмею страляць з лука? — абурыўся Гай Гізбарн. — Пакажы цэль, ёмен, і ты ўбачыш, ці ўмею я страляць!

Якраз гэтага і дамагаўся Робін Гуд, бо каго б ён ні стрэў у Шэрвудскім лесе, яму абавязкова хацелася паспаборнічаць з ім у стральбе з лука.

Вызначылі цэль, і неўзабаве сэр Гай Гізбарн пераканаўся, што як стралку яму вельмі далёка да гэтага селяніна з Локслі.

— Блаславі тваю душу, ёмен, — сказаў сэр Гай, ляпаючы Робін Гуда па плячы. — Такіх выдатных стралкоў рэдка ўбачыш. Калі б ты меў такое ж цвёрдае сэрца, як твая рука, ты б зацьміў адвагай і доблесцю самога Робін Гуда. Як цябе завуць? Мне вельмі хочацца ведаць пра цябе больш.

— He, — запярэчыў Робін Гуд, — перш скажы, як завуць цябе, тады і я скажу сваё імя. — А сам падумаў: «Ён выдумае сабе імя», — але памыліўся.

— Адзеўся гэтак я знарок. Гай Гізбарн мяне зваць. Ў палон шэрыфу даў зарок Я Робіна узяць.

— Я ўжо і сам здагадаўся, што вы рыцар, — сказаў Робін Гуд. — Хіба ж селянін носіць пад конскай шкурай рыцарскі ражок?

— Правільна, ёмен, — адказаў сэр Гай. — I калі я нарэшце схаплю гэтага ліхадзея Робін Гуда, я затрублю ў ражок. Шэрыф, які ўжо тут, у лесе, адразу зразумее, што мне выпала ўдача. I багатая ўзнагарода будзе мая.

Кроў кінулася ў твар Робін Гуду, вочы загарэліся.

— Дык хапай яго, сэр Гай Гізбарн! Вось ён стаіць перад табою. Я — Робін Гуд!

Гай Гізбарн, відаць, нешта ўжо сам западозрыў, бо быў напагатове. I ледзь Робін Гуд вымавіў гэтыя словы, ён выхапіў з ножан кінжал. Робін Гуд не паспеў нават узяцца за тронкі свайго, як Гізбарн нанёс моцны ўдар, цэлячыся проста яму ў сэрца. Толькі спрыт выратаваў Робін Гуда ад вернай смерці. Ён імгненна адхіснуўся, і вострае лязо бліснула на паўпальца ад яго грудзей.

— Ганебны ўдар, сэр рыцар! — крыкнуў Робін Гуд. — Якраз варты такога здрадніка, як ты. Напасці на чалавека, які не паспеў нават дакрануцца да сваёй зброі! Ну, а цяпер, шаноўны, мы з табой пабораемся як роўныя.