Выбрать главу

— Маленькі Джон! — здзівіўся чалавек у конскай шкуры. — Няўжо сапраўды Маленькі Джон?

— А хто ж яшчэ! Ён самы! — рагатнуў шэрыф. — О шчаслівы дзень! Цяпер мы разгонім усю банду! Важак і яго галоўны прыслужнік знішчаны, астатнія разбойнікі ўцякуць з гэтага лесу хто куды, клянуся! Ну, а цяпер, дарагі сэр Гай, ты ж, напэўна, хочаш атрымаць узнагароду?

— Вядома, пан шэрыф, — адказала конская галава. — Я патрабую ўзнагароду, і вось якую: важака я забіў, дазвольце забіць і яго прыслужніка.

— А тры сотні золатам, якія я абяцаў? — ледзь не задыхнуўся ад нечаканасці шэрыф.

— Грошай мне не трэба, — пачуўся адказ.

Шэрыф здзіўлена вылупіўся на конскую галаву, у вачах у яго мільганула хітрая ўсмешка. «Сэр Гай няйначай з розуму крануўся ці д’яблу душу аддаў. Я дазволю яму забіць разбойніка, а грошы пакладу сабе ў кішэню». Акрамя самога сябе шэрыф любіў яшчэ толькі адно — грошы, і таму паспешліва згадзіўся.

Чалавек у конскай шкуры падышоў і спыніўся непадалёку ад прывязанага да дрэва волата.

— Сапраўдны асілак! — прамовіў ён.

Маленькі Джон адразу пазнаў голас Робін Гуда і ледзь прыкметна здрыгануўся.

I тут конская галава крыху прыўзнялася, быццам сэр Гай Гізбарн хацеў лепш разгледзець славутага разбойніка. Маленькі Джон, вокам не маргнуўшы, уставіўся ў знаёмы твар — твар свайго сябра — і ціхенька сказаў:

— Нябёсы пажадалі вызваліць мяне з няволі.

— Важака я забіў вось гэтым мячом, а прыслужніка яго закалю нажом, — сказаў чалавек у конскай шкуры і дастаў з-пад яе доўгі нож з вострым лязом.

Усе — і шэрыф, і яго людзі — шчыльна абступілі ўяўнага сэра Гая, але той замахаў рукамі:

— Адыдзіцеся, адыдзіцеся, далей, далей! Чалавек гэты павінен памерці, і я адзін выслухаю яго апошнія словы і жаданні.

Сэр Гай падышоў да палоннага. Нож замільгаў у яго руках. Неўзабаве вяроўкі апалі, і Маленькі Джон апынуўся на волі. Робін Гуд імгненна перадаў яму лук і стрэлы сэра Гая, а сам з-пад конскай шкуры выхапіў свой лук. He паспелі шэрыф і яго людзі і пальцам варухнуць, як на іх пасыпаліся стрэлы разбойнікаў. Маленькі Джон крычаў грамавым голасам:

— Гуд! Гуд! Робін Гуд!

Конская галава адкінулася назад, і паказаўся твар, але не сэра Гая Гізбарна. Нехта з шэрыфавых людзей загарлаў:

— Сам Робін Гуд! Засада! Засада! Уцякайма, хлопцы, a то канцы нам будуць! — З перапуду ён падумаў, што на іх напала ўся разбойная шайка. Астатнія таксама гэтак падумалі, і ўвесь вялікі атрад лучнікаў і кап’ёўшчыкаў кінуўся ўцякаць ад двух дужых і спрытных стралкоў. А дзе ж іхні начальнік — шэрыф? Ён першы даў драла і шалёна гнаў каня наўскач як найдалей ад небяспекі.

Лук сэра Гая Джон узяў З калчанам добрых стрэл. Калі тугі ён лук згінаў, Шэрыф збялеў, як мел.
У жаху ў Нотынгем назад Каня пагнаў як мог, За ім увесь яго атрад З усіх пусціўся ног.

Але шэрыф усё ж не пазбег кары. Маленькі Джон прыцэліўся, і тоўстая страла загула, засвісцела ў паветры і ўваткнулася ў правае плячо ўцекача. Шэрыф застагнаў ад болю і, праклінаючы той дзень і гадзіну, калі вырашыў цвёрдай рукой раз і назаўсёды пакончыць з Робін Гудам, памчаўся ў Нотынгем.

Раздзел дзесяты

Робін Гуд у гарбара

Жыве гарбар у Нотынгеме спрытны, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! Артур-а-Бленд яго зваць. Усе, сказаць шчыра, у Нотынгемшыры Баяцца яго узлаваць.
З дубінай тоўстай на плячы шырокім, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! Ідзе гэтак смела сабе. Хто ўбок не адыдзе, з дарогі не сыдзе, Таго з яе палкай саб’е.
Пайшоў аднойчы з Нотынгема уранні, Гэй-гэй, эгей, гэй-гэй! У лес каралеўскі Шэрвуд — Зірнуць на аленяў хаця б на імгненне, I стрэўся яму Робін Гуд.

У горадзе Нотынгеме ўсе ведалі, хто самы спрытны баец на дубінах, тут не было дзвюх думак. Калі хто-небудзь чужы прыходзіў у горад і выклікаў нотынгемцаў на паядынак, тыя толькі хітра пасмейваліся і выстаўлялі супраць прышлага Артура-а-Бленда. Чалавек пакідаў Нотынгем з памятымі рэбрамі, Артур-а-Бленд жа вяртаўся да сваёй будзённай справы — вырабу валовых скур. I такая вялікая была ў яго слава, што толькі людзі з далёкіх мясцін паддаваліся ўгаворам паспаборнічаць з ім. Усе мясцовыя асілкі спазналі ўжо страшную сілу яго тоўстага кія і без бою аддавалі яму першае месца.

Артур-а-Бленд быў цудоўны гарбар, усёй душою адданы свайму рамяству. Але ён вельмі любіў зялёную раскошу лесу, і часта, калі скроб валовую скуру ці намочваў дубільную кару, думкі яго адляталі далёка ад бруднага чана і пераносілі ў прыемныя глыбіні лесу з іх азоранымі сонцам палянамі, дзе водзяцца плямістыя высакародныя алені, якія імкліва прабягаюць пад цяністымі шатамі магутных дубоў.