Выбрать главу

Жабрак прамармытаў сабе пад нос: «Вялікае спаборніцтва… Я пайду на стрэльбішча. Трэба толькі недзе дастаць лук і стрэлы. Там языкі развяжуцца, людзі пачнуць гаманіць пра тое, што ведаюць, і я, можа, пачую важныя навіны».

Калі жабрак выжлукціў збанок элю і пакінуў піўную, пачало ўжо брацца на ноч. Ён зноў пакандыбаў у майстэрню шаўца. Лоб зрабіў яму ў кутку пасцель з сена, і Маленькі Джон улёгся спаць.

Назаўтра, апаўдня, на рыначнай плошчы звонка заспявалі фанфары герольдаў — вяшчальнікаў. Тры герольды ў новых бліскучых накідках — табардах, надзьмуўшы шчокі, як мячыкі, збіралі народ, каб абвясціць пра ўрачыстую падзею. З самага ранку тут прадавалі і куплялі, таргаваліся, але цяпер гандаль ужо ішоў на спад. Наставаў час для розных забаў і спартыўных гульняў — аж да захаду сонца.

На плошчы сабраўся натоўп. Людзі хацелі паслухаць пра парадак і ўмовы стралковага спаборніцтва. Герольды абвясцілі, што пераможца атрымае новы прыгожы ражок і дваццаць сярэбраных пенсаў, і ўсе пагадзіліся, што прыз досыць каштоўны і яго будуць аспрэчваць лепшыя стралкі горада і навакольных сёл.

Ля крыжа на рынку ўсеўся пісар з лістом паперы ў руках, гусіным пяром і рагавой чарніліцай, і да яго пачалі адзін за адным падыходзіць гараджане і вяскоўцы, каб ён запісаў іх на спаборніцтва. Сярод іх быў брыдкі з выгляду кульгавы жабрак з лукам на плячы і калчанам стрэл на поясе. Калі ён падышоў да пісца, каб назваць сваё імя, усе зявакі, што стаялі навокал, гучна зарагаталі, а чалавек, які хацеў запісацца раней жабрака, груба адштурхнуў яго.

— Асадзі назад, хам! — сказаў яму гэты рослы, дужы чырванашчокі чалавек у адзенні лесніка. — Як ты смееш соваць сюды нос? Хіба не бачыш, тут людзі вышэйшага саслоўя? I наогул, чаго ты прыйшоў? Ідзі прэч адсюль! I не абкрадай пудзілы на аўсяных палетках!

Натоўп зарагатаў. Во як пажартаваў ляснік з убогай адзежы жабрака! Ды раптам смех абарваўся. Жабрак высунуў з-пад плашча дужую, нібы сук вялікага дуба, руку, схапіў лесніка за горла і шпурнуў убок, быццам малое дзіця.

— Хто першы прыйшоў, той першы і зайшоў,— абвясціў жабрак. — Дазвольце сказаць вам, шаноўны ляснік, што я бліжэй да пісара і таму маю большае права запісацца раней за вас.

Ляснік ад злосці зачырванеўся, нібы жар, падскочыў да жабрака і замахнуўся кулаком, цэлячыся яму ў твар.

— Дай яму, Хэл з Крофта! — закрычалі прыяцелі лесніка. — Пакажы гэтаму шэльму, што такое ўдар лесніка!

Але ўдар не трапіў у цэль. Жабрак спрытна адхіснуўся, і кулак Хэла з Крофта прамільгнуў за паўпядзі ад твару жабрака.

— Уцякай, жабрача, бяжы! — крыкнуў яму нейкі добразычлівец з натоўпу. — Хэл зробіць з цябе халадзец, вунь якія ў яго кулакі. Ратуйся!

— He, я ўцякаць не буду, — прабурчаў жабрак. — Дайце нам месца, станьце ў круг, і няхай Хэл б’е мяне, колькі душа пажадае.

— Круг! Круг! — зароў натоўп у захапленні.— Кулачны бой Хэла з Крофта і велікана-жабрака!

Адразу ўтварыўся круг. Хэл с Крофта скінуў з сябе кароткую скуранку, перадаў лук прыяцелю, папляваў у кулакі і паабяцаў збіць гэтага нахабнага абадранца на горкі яблык. Ніхто ва ўсім Нотынгеме не біўся на кулаках так спрытна, як Хэл з Крофта. Колькі ўжо ён атрымаў перамог на гэтай самай плошчы!

Жабрак аддаў патрымаць лук нейкаму вартаму даверу ёмену і пахаджваў, накульгваючы, узад і ўперад па сваім баку круга, і такая ў яго была пацешная паходка і ўся пастава, што гледачы заходзіліся ад смеху.

I вось пачаўся бой. Крыкі і выгукі захаплення павалілі з натоўпу, як дым з печы. Хэл махаў кулакамі, як кувалдамі, але ніводзін яго ўдар не пацэліў у галаву праціўніка. Бо жабрак гэтак моцна кульгаў, што пры кожным руху галава яго то імкліва апускалася на фут ніжэй, то падымалася на фут вышэй. Толькі Хэл з Крофта размахнецца, каб пацэліць у твар, галава жабрака апусціцца і кулак разразае паветра, а ў той самы момант кулак жабрака малоціць па Хэлавых рэбрах.

Хоць праціўнік Хэла з Крофта і быў калека, ён хутка і спрытна перамяшчаўся па крузе. Лахманы яго і торбы развяваліся і матляліся. На ўсё гэта было вельмі смешна глядзець, і прысутныя ад радасці так крычалі, што сарвалі галасы.