Выбрать главу

Нечакана бой скончыўся. Даведзены да шаленства ляснік загнаў жабрака ў кут, адкуль не было выйсця.

— Загнаў у кут! Загнаў у кут! — абрадаваліся прыяцелі Хэла. — Цяпер ён твой! Пакажы яму, Хэл, што такое ўдар лесніка!

Але ў тое імгненне, калі ўсе ўжо рыхтаваліся ўбачыць славуты баксёрскі прыём, жабрак прыўзняўся, і першы раз за ўвесь бой яго кулак па-сапраўднаму трапіў у цэль. Трэсь! Усе пачулі тры такія гукі. Гэта трэснулі, нібы сухія палкі, тры рабрыны Хэла з Крофта, і ён пераляцеў цераз увесь круг і грымнуўся на зямлю непрытомны. На некалькі імгненняў запанавала мёртвая цішыня, усе ад здзіўлення знерухомелі. Такі волатаўскі ўдар!

Потым наперад праціснуліся два-тры леснікі з кіямі ў руках, каб пакараць жабрака за тое, што ён так лёгка збіў з ног іх чэмпіёна. Але з натоўпу пачуліся крыкі абурэння:

— Гульня была сумленная! Гульня сумленная!

Нейкі гараджанін закрычаў:

— Удар быў па правілах! Па правілах! Хэл атрымаў тое, што сам хацеў зрабіць! Патрабую справядлівасці! Жабрака не чапаць! — і пачаў круціць над галавой вялікую дубіну.

Гэтага справядлівага чалавека дружна падтрымалі яго прыяцелі і знаёмыя, і леснікі вымушаны былі адмовіцца ад свайго намеру расправіцца з жабраком. Са змрочнымі тварамі пабрылі яны з рынку, несучы на руках свайго развенчанага куміра.

— Скажы, жабрак, — спытаў у пераможцы гараджанін, які так рашуча заступіўся за яго, — ты гэтаксама добра страляеш з лука, як б’ешся на кулаках?

— He горш, — упэўнена адказаў жабрак.

— Што ж, суседзі мае і прыяцелі,— сказаў дабрадушны гараджанін, абводзячы позіркам сваіх прыхільнікаў,— у такім разе давайце праводзім гэтага чалавека на стрэльбішча, і, я ўпэўнены, сёння мы з вамі ўбачым выдатную стральбу.

Усе згадзіліся і вялікім гуртам рушылі на месца спаборніцтва, цесным колам акружыўшы жабрака, каб па дарозе на яго не напалі леснікі. Але перш чым пайсці, Маленькі Джон сказаў пісару сваё імя, і той унёс яго ў спіс пад імем Рэно Грынліфа, якое абазначала — Лясны Ліс. Маленькі Джон ціхенька хіхікнуў, калі падумаў, як добра пасуе яму такое імя.

У пачатку спаборніцтва стралялі па мішэнях, што былі на стрэльбішчы, і жабрак выйшаў пераможцам. Тром лепшым стралкам паставілі цяжэйшую задачу — пацэліць у вярбовы прут, уваткнуты ў зямлю. З трох толькі жабрак даказаў сваё высокае майстэрства — яго страла, нібы вострым нажом, рассекла тонкую галінку на дзве роўныя палавінкі.

— У жыцці не бачыў такога! — усклікнуў шэрыф, які ўважліва сачыў за стральбой. У той дзень ён першы раз выйшаў з дому. Рана на плячы ў яго ўжо загаілася, і ён з задавальненнем сачыў за спаборніцтвам.

— Падыдзі да мяне, жабрак! — загадаў ён.

Маленькі Джон падышоў да яго і пакорліва сагнуў калена ў паклоне.

— Як цябе завуць і адкуль ты? — спытаў шэрыф.

— Я, шаноўны пане, Рэно Грынліф, а нарадзіўся ў Холдэрнесе, — адказаў Маленькі Джон.

— Ты, відаць, мог бы напяць і большы лук, Рэно Грынліф з Холдэрнеса? — сказаў шэрыф.

«Вядома, магу! — падумаў сам сабе Маленькі Джон. — Іначай як бы я ўсадзіў табе стралу ў плячо, горды шэрыф?» — але ўголас нічога не сказаў, толькі яшчэ раз сагнуў калена перад шэрыфам.

— Проста ганьба глядзець — такі выдатны стралок, a ходзіць у лахманах. Ідзі, добры маладзец, да мяне на службу, — прапанаваў шэрыф. — Кожны год будзеш мець ад мяне дваццаць марак жалавання.

Маленькі Джон адразу згадзіўся, бо быў упэўнены, што на службе ў шэрыфа даведаецца пра ўсё, што яму трэба. Шэрыф радаваўся, што ўзяў такога добрага стралка за целаахоўніка. А Маленькі Джон толькі пасмейваўся і мармытаў сабе пад нос: «Вялікі дзякуй, горды шэрыф, вялікі дзякуй! Ты думаеш, што Рэно Грынліф твой верны слуга, але памыляешся. Я так услужу табе, як ніколі ніхто з тваіх самых вераломных прыслугачоў».

Некалькі дзён Маленькі Джон, або Рэно Грынліф, жыў у доме шэрыфа. Смачна еў і смачна піў, сядзеў каля гарачага каміна або грэўся на сонейку і ні разу ні за што не зачапіў рук. Гэта злавала аканома, чалавека ганарлівага, які прывык, каб кожны чалядзінец хадзіў перад ім на задніх лапках. Але калі ён загадваў новаму прыслужніку што-небудзь зрабіць, гэты лайдак нават з месца не кранаўся, а толькі адказваў:

— Я лучнік, пан аканом. Вазьміце мяне туды, дзе трэба стрэлы пускаць, і я ваш пакорны слуга. А пакуль што пакіньце мяне ў спакоі.

Аднаго ранку Маленькі Джон заляжаўся ў мяккай пасцелі. У ёй было так прыемна, што не хацелася вылазіць. Калі ж нарэшце падняўся, яму сказалі, што шэрыф паехаў на паляванне. «Вось як! Шэрыфу, значыць, захацелася свежай дзічыны! — падумаў Маленькі Джон. — Дык, шчыра прызнаюся, мне і самому не церпіцца вярнуцца ў Шэрвудскі лес».