Увесь час, што Маленькі Джон прабыў у шэрыфавым доме, ён уважліва прыслухоўваўся і прыглядаўся да таго, што там адбывалася. Калі ўсе думалі, што ён моцна спіць, Маленькі Джон напружана прыслухоўваўся, пільна прыглядаўся да ўсяго, але ні разу не пачуў і не ўбачыў нічога, што сведчыла б, што шэрыф задумаў нешта нядобрае супраць Робін Гуда і яго зялёных стралкоў. Маленькі Джон зразумеў, што чуткі, якія дайшлі да іх у Шэрвудскі лес, былі беспадстаўныя.
«Падсілкуюся, а ўжо тады пайду ў лес да свайго атамана», — падумаў ён і пайшоў шукаць хлеба, мяса і элю.
Па дарозе на кухню ён сутыкнуўся ў калідоры з таўстуном аканомам.
— Шаноўны пан аканом, — сказаў яму Маленькі Джон, — пакарміце мяне, калі ласка, добра, а то я галодны, як воўк сярод зімы.
— А хоць бы як тры ваўкі! — гыркнуў аканом. — Час снедання даўно мінуў, Рэно Грынліф. Ужо даўно прыбралі са стала. He пра снеданне, а пра абед трэба цяпер думаць.
— Тады назавіце гэта абедам, калі хочаце, — сказаў Маленькі Джон. — Мне важна адно — паесці.
— Hi есці, ні піць я табе не дам, — закрычаў аканом, — пакуль не вернецца з палявання шэрыф.
— Што?! — абурыўся Маленькі Джон. — Гэтак доўга пасціцца? Беражыцеся, пан аканом, не ўводзьце мяне ў гнеў, a то я магу і трэснуць вас па галаве.
Аканом нічога больш не сказаў, з грукатам зачыніў дзверы кладоўкі і пераможна засмяяўся.
Але таўстун ранавата смяяўся.
Аканом зваліўся, як мех, на падлогу, а Маленькі Джон падышоў да кладоўкі і адным ударам пляча высадзіў дзверы. Ад таго, што ён убачыў у кладоўцы, у яго ажно слінкі пацяклі. Адразу яму на вочы трапіўся вялікі пірог з мясам, добра прапечаны, з румянай скарынкай. Ён адкроіў ад яго добрую лусту, з’еў і наліў з бочкі, што стаяла ў куце, вялікі куфаль светлага пеністага элю. Потым адрэзаў ад кумпяка і праглынуў з дзесятак кавалкаў халоднай аленіны і запіў цудоўным вінаградным канарскім віном, а пасля пачаў каштаваць усё падрад. Такога смакоцця ён яшчэ ніколі не еў. У кладоўцы не было на што сесці, і ён еў стоячы. Сталом яму служыла высокая паліца амаль пад самай столлю, і ён не абмінуў нічога, што на ёй ляжала.
У гэты час да кладоўкі падышоў кухар. Ён шукаў аканома. I раптам кухар знерухомеў, ашаломлены відовішчам, што паўстала перад яго вачамі: на падлозе ў калідоры стагнаў аканом, а ў кладоўцы лучнік шэрыфа спусташаў паліцы. Набег лучніка на кладоўку нібы вострым нажом разануў па сэрцы кухара. Гэты бамбіза знішчаў усё, што прыгатавалі на абед шэрыфу і яго свіце, якія неўзабаве вернуцца галодныя з палявання. Кухар аж закіпеў увесь ад злосці. Чалавек ён быў рашучы і дужы, таму падскочыў да Маленькага Джона і тры разы аперазаў яго па спіне палкай, што была ў яго ў руцэ.
— Клянуся, ты самы вялікі шэльма, якога я калі-небудзь бачыў у гэтым доме! — закрычаў кухар. — Гэтакі варварскі спосаб абедаць!
Маленькі Джон праглынуў ежу і сказаў:
— А ты, клянуся, залішне дзёрЗкі храбрэц: гэтак груба адрываеш людзей ад яды. I перш чым я пайду з гэтага дома, хачу праверыць, на што ты здольны.
Амаль гадзіну ўпарта біліся Маленькі Джон і шэрыфаў кухар, і ніхто з іх не атрымаў нават драпіны. Яны былі роўныя праціўнікі і добра валодалі ўсімі тайнамі бою на мячах.
Прытрымайце меч, пан кухар! — нарэшце крыкнуў Маленькі Джон. — Шчыра скажу, такога майстра арудаваць мячом, як ты, я яшчэ не сустракаў. Шкада, што такі маладзец мае справу з гаршкамі ды патэльнямі, каб набіць смачнымі стравамі чужыя жываты…
— Мне і самому гэта не даспадобы, — сказаў кухар. — Але што зробіш?
— Вы гэта шчыра кажаце? — абрадаваўся Маленькі Джон. — Дык калі вы валодаеце лукам гэтак жа добра, як мячом, я мог бы ўзяць вас з сабой у Шэрвудскі лес і прывесці да чалавека, якому вы з радасцю служылі б.
— А хто ён такі? — пацікавіўся кухар.
Маленькі Джон нахіліўся да яго і на вуха прашаптаў:
— Робін Гуд.
Кухар вылупіў вочы і здзіўлена ўтаропіўся на лучніка. I сапраўды, было ад чаго прыйсці ў замяшанне. Лясны разбойнік на службе ў шэрыфа! Потым кухар падняў левую руку і сказаў:
— Апусці меч. З гэтага дня я ваш таварыш.
— Тады пачастуйся разам са мной пірагом з аленінай, — засмяяўся Маленькі Джон. — Калі твая палка так нечакана апусцілася на мае лапаткі, я збіраўся якраз з’есці яшчэ адзін кавалак гэтага смачнага пірага. Цяпер, пасля нашага маленькага паядынку, у мяне разгарэўся яшчэ большы апетыт.