Выбрать главу

Кухар паклаў меч і пачаў арудаваць нажом сярод далікатэсаў на паліцах кладоўкі. Потым прынёс з кухні новыя прысмакі, і яны з Маленькім Джонам добра пабалявалі. Перад адыходам у Шэрвудскі лес кухар сказаў:

— He ісці ж нам у лес з пустымі рукамі. Я пакажу табе, дзе шэрыфава скарбніца.

— Вось каб забрацца туды! — усклікнуў Маленькі Джон. — Людзі кажуць, яна даверху набітая дарагім сярэбраным посудам, які шэрыф купіў на грошы беднякоў ад пабораў і штрафаў.

— Людзі гавораць праўду, — пацвердзіў кухар. — Дык пойдзем са мной, я пакажу, дзе ўсё гэта ляжыць.

Неўзабаве яны апынуліся перад шырокімі, акаванымі жалезам дзвярамі са сталёвымі заваламі.

— Прынясі, калі ласка, самы вялікі молат, які толькі зможаш падняць, — папрасіў Маленькі Джон кухара, і той хуценька пайшоў і прынёс цяжкі кавальскі молат.

Некалькімі магутнымі ўдарамі Маленькі Джон збіў замкі і разам з кухарам увайшоў у пакой, дзе шэрыф хаваў свае скарбы.

— Знайдзі самы вялікі мех, які толькі ёсць у доме,— зноў папрасіў Маленькі Джон, і кухар збегаў і прынёс мех, у якім мог схавацца чалавек.

Маленькі Джон напакаваў яго сярэбраным посудам і залатымі манетамі, завязаў і ўскінуў на плечы.

— А цяпер — у лес! — сказаў ён.

Кухар павёў яго таемным ходам да маленькіх патайных дзвярэй. Неўзабаве нашы героі апынуліся за сценамі горада і пашыбавалі ў лес.

Раздзел дванаццаты

Шэрыф начуе ў лece

Робін Гуд, Мач, Уіл Скарлет і брат Тук стаялі каля ўвахода ў пячору, захопленыя гутаркай.

— Я вельмі непакоюся за Маленькага Джона, — сказаў Робін Гуд. — Ужо некалькі дзён мінула, а ад яго няма ніякіх вестак.

— Няма гуку — няма груку, — сказаў Мач. — Бо калі б шэрыфавы людзі схапілі яго, падняўся б страшэнны шум на ўсю акругу.

— Можа, мне схадзіць у горад і паспрабаваць што-небудзь разведаць пра яго? — прапанаваў Уіл Скарлет.

— He, не, — запярэчыў брат Тук. — Пайду я. Апрануся вандроўным багамольцам і спакойна пранікну, куды захачу. Раптам Тук вытрашчыў вочы, паказаў на лес рукой і закрычаў: — Гляньце, гляньце, вунь, вунь туды! Пра воўка памоўка, а воўк тут! Клянуся сваёй рызай іружанцам, калі гэты асілак з мехам на спіне не Маленькі Джон, дык я не манах!

Усе павярнуліся ў той бок, куды паказваў брат Тук, і радасны крык вырваўся з іх грудзей. Шырокім крокам да іх набліжаўся Маленькі Джон.

— Адважны наш таварыш! — усклікнуў Робін Гуд. — Клянуся, Маленькі Джон, я проста шчаслівы, што зноў бачу цябе. Што новага прынёс з Нотынгема?

— Прынёс, атаман, прынёс. Прывітанне ад шэрыфа,— адказаў Маленькі Джон і пакланіўся. — I прывёў шэрыфавага кухара. — Ён паказаў на свайго спадарожніка і зноў пакланіўся атаману. — А яшчэ я прынёс скарбы шэрыфа.

Маленькі Джон скінуў з плячэй мех. Там штосьці весела зазвінела і задзынкала. Лес выбухнуў гучнымі воклічамі адабрэння і радаснага рогату, калі з меха пасыпаліся сярэбраныя вазы і кубкі і залатыя манеты.

— Баюся, тут няма ніводнай рэчы, якую б ты ўзяў з дазволу пана шэрыфа, — засмяяўся Робін Гуд.

Тут да яго імкліва падбег Уіл Ст’ютлі і закрычаў:

— Атаман! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі не сам шэрыф палюе на аленяў у Свяшчэнным парку! Я прыкмеціў загоншчыкаў, яны ішлі ланцугом. I я адразу кінуўся сюды, каб вам паведаміць.

— Ты праўду кажаш, Уіл? — абрадаваўся Маленькі Джон. — У такім разе, клянуся сваім лукам і стрэламі, у нас акрамя шэрыфавых скарбаў і кухара зараз будзе і сам шэрыф! — і шпарка памчаўся ў глыб лесу.

Маленькі Джон бег, пакуль не апынуўся ў Свяшчэнным парку і не ўбачыў шэрыфа. Шэрыф ехаў на кані вельмі змрочны і злосны. Сабакі шалёна брахалі, надрываліся ражкі, але не было ніякіх прыкмет, што паляванне ўдалося. Маленькі Джон падышоў да шэрыфа і нізка пакланіўся яму.

— Бог вам у помач, мілорд, бог у помач! — прывітаў ён шэрыфа.

— А-а, гэта ты, Рэно Грынліф! — здзівіўся шэрыф. — Чаго ты тут?

— А я пайшоў следам за вамі, мілорд, — адказаў Маленькі Джон. — Ну, як паляванне? Шмат здабычы, пан шэрыф?

— Ды не, нічога не знайшлі, мой добры Грынліф,— з горыччу адказаў шэрыф. — Цэлы дзень ганяліся па лесе з сабакамі, а не паднялі і не загналі ніводнага звера.

— Ну, дык дазвольце, мілорд, я пакажу вам, дзе ёсць дзічына. Ідучы па лесе, я раптам убачыў такое! Больш цудоўнага відовішча ніколі не было. Магутны рагач, увесь зялёны, а з ім амаль паўтары сотні галоў. А рогі якія! Такія вострыя, што я, мілорд, не адважыўся нават цэліцца ў яго: баяўся, што ён кінецца на мяне і падыме на рогі.