— Сапраўды цуд! — загарэўся шэрыф. — Пакажы, дзе ён, Рэно Грынліф, я вельмі хачу паглядзець на яго. Вядзі!
— Што ж, калі ласка, мілорд. Скачыце за мной і вы ўбачыце гэтага незвычайнага важака.
Маленькі Джон пабег так шпарка, што шэрыфу давялося пусціць каня ў галоп. Гаспадар са слугой далёка апярэдзілі ўсіх астатніх паляўнічых. Нарэшце дрэвы парадзелі, і яны апынуліся на прагаліне і там убачылі Робін Гуда ў ярка-зялёным адзенні з ражком у руцэ.
— Вось, мілорд, вось ён, гэты магутны важак! — закрычаў Маленькі Джон.
I тут Робін Гуд падзьмуў у ражок. Праз імгненне паўтары сотні стралкоў у зялёных куртках выскачылі з-за дрэў і прывіталі шэрыфа гучнымі воклічамі, якія рэхам пракаціліся па лесе. Шэрыфава світа перапужалася і кінулася наўцёкі. Лясныя стралкі акружылі шэрыфа, і ён зразумеў, што трапіў у палон.
— Клянуся, пане шэрыф, — сказаў Маленькі Джон,— вы самі вінаватыя. Калі б вы былі добры гаспадар, я спакойна паснедаў бы, і ўсяго гэтага магло з вамі і не здарыцца.
— З добрым прыбыццём у наш лес, шэрыф! — сказаў Робін Гуд. — Будзьце нашым госцем.
Шэрыф са страхам думаў, які пачастунак яго чакае. Але ратавацца ўцёкамі было позна. Маленькі Джон схапіў яго каня за аброць і павёў у лес, разбойнікі пайшлі следам.
Праз тры мілі яны выйшлі на шырокае адкрытае месца ў самых нетрах Шэрвудскага лесу. Пасярэдзіне паляны ярка гарэла вялікае вогнішча, там нешта весела шыпела і сквірчэла, чуўся прыемны пах. У шэрыфа ажно слінкі пацяклі. За цэлы дзень ён добра выгаладаўся. Раптам ён вырачыў вочы: каля патэльняў завіхаўся яго кухар, гатуючы смажаніну з аленіны.
— Павячэрайце з намі, шэрыф, — сказаў Робін Гуд. — Стравы ў нас не вельмі далікатныя, але голад не цётка.
Шэрыф сеў на вялікі корань дуба і змрочным позіркам абвёў твары людзей. Шмат разоў спрабаваў ён злавіць гэтых разбойнікаў, але не ён, а яны схапілі яго. Ён ведаў: іх чакала б немінучая смерць, калі б яны трапілі яму ў рукі, і разумеў: галава яго нетрывала сядзіць на плячах, калі ён апынуўся ў іхняй уладзе.
Робін Гуд падышоў да яго і сказаў:
— За вячэру, шэрыф, за вячэру! Нас чакае цудоўная аленіна.
Шэрыфа не давялося доўга ўгаворваць. Яму дужа хацелася есці. Да таго ж ён пачаў спадзявацца, што разбойнікі, можа, не пазбавяць яго жыцця. He падобна, каб яны задумалі што-небудзь вельмі страшнае супраць яго, калі гэтак гасцінна запрашаюць на добрую вячэру.
Шэрыф акінуў вокам яду і ахнуў ад здзіўлення. Смажаная аленіна ляжала на блюдах з чыстага серабра!
«Вось яно як! — падумаў ён. — Далібог, гэтыя разбойнікі ядуць з сярэбраных блюдаў! Самому каралю не падаюць на багацейшым посудзе».
Шэрыф уважліва прыгледзеўся і зразумеў, што перад ім яго сталовы сервіз. У яго раптам неяк дзіўна адвісла сківіца. Разбойнікі гучна зарагаталі: такі смешны быў у шэрыфа твар.
— Што такое? — гнеўна закрычаў ён. — Мой сярэбраны посуд! Ён знаходзіўся за сямю замкамі ў маёй скарбніцы, а цяпер бачу яго тут, у руках вераломных бадзяг! О, Рэно Грынліф, Рэно Грынліф, я ведаю, гэта ты яго выкраў!
Волат шырока ўсміхнуўся:
— Завіце мяне Маленькі Джон, пан шэрыф. Другое імя я ўжо скінуў з сябе разам з плашчом.
Вочы шэрыфа бліснулі шаленствам. Яго абвялі вакол пальца! Рэно Грынліф, яго прыслужнік, на самай справе пераапрануты страшны разбойнік Маленькі Джон, а ён і не ведаў! Шэрыф асеў на дзёран. Здавалася, цяпер і кавалак не палезе яму ў рот. Ды Робін Гуд так далікатна запрашаў, а голад так настойліва прымушаў яго ўзяцца за ежу, што шэрыф нарэшце пачаў есці і добра такі падсілкаваўся.
Як заўсёды пасля сытай вячэры, шэрыфа пацягнула легчы на мяккую пуховую пасцель і добра выспацца, але ў Шэрвудскім лесе не было пуховых пярын.
— Вы застанецеся з намі, шэрыф, — сказаў яму Робін Гуд, — і гэтай ноччу да вашых паслуг будзе лясны ложак. Гэта вельмі справядліва, бо вы сваёй жорсткасцю павыганялі шмат бедных сялян з іх вёсак у лес, дзе яны вымушаны спаць на голай зямлі, не заўсёды маючы плашч, каб накрыцца.
Робін Гуд загадаў Маленькаму Джону зняць з шэрыфа штаны і чаравікі, забраць падшыты мехам плашч і цёплую тоўстую камізэльку. Шэрыфу далі накідку з ярка-зялёнага сукна, і ён з радасцю ўзяў яе і захутаўся.
— А цяпер добрай ночы, шэрыф, — сказаў Робін Гуд.
— Добрай ночы? — здзівіўся шэрыф. — А дзе мне легчы? Дзе мой ложак?
— Ваш ложак? — усміхнуўся Робін Гуд. — У нас ва ўсіх адзін ложак. Паглядзіце, што мае людзі робяць, і рабіце тое ж самае.