— Давайце выпрабуем яго, — прапанаваў Робін Гуд. — Смелыя людзі мне заўсёды па душы. Я вазьму яго да нас у атрад, калі ён дакажа сваю адвагу.
— А як мы зробім гэта, атаман? — пацікавіўся Уіл Скарлет.
— Я прыдумаў ужо. Выпрабаванне будзе сур’ёзнае. Мы ўтрох накінемся на яго, быццам узлаваліся за тое, што ён гэтак дзёрзка на нас крычыць. Калі ён не пабяжыць, а пачне біцца адзін супраць трох, значыць, чалавек гэты варты таго, каб стаць нашым таварышам.
— Гэй, вы! — гарлаў тым часам Джордж-а-Грын. — Чаго стаіце там, сярод поля, і лясы точыце? Сыдзіце з пшаніцы! Вяртайцеся на дарогу!
— Што я чую? — закрычаў яму Робін Гуд. — Ты думаеш, грубіян, мы дазволім табе ўказваць нам? Клянуся, зараз мы адсячом табе вушы!
Робін Гуд агаліў меч і рынуўся на Джорджа-а-Грына. Маленькі Джон з Уілам Скарлетам памчаліся за ім, на хаду размахвалі стальнымі клінкамі і крычалі:
— Ага, правільна, правільна, гаспадар! Адрэжам начыста гэтаму шэльму вушы!
Джордж-а-Грын паспешліва павярнуўся і зрабіў вялікі скачок убок. Але не, ён не ўцякаў. Ён спяшаўся да тоўстага цёрну. Там прытуліўся спінай да шырокага камля і ўпёрся нагой у вялікі камень. Бліснуў у паветры меч, выцягнуты з ножан, круглы шчыт прыкрыў яму грудзі. Джордж-а-Грын быў гатовы адбіваць напад. Трое накінуліся на яго. Пад імгненныя ўдары іх стальных клінкоў Джордж-а-Грын таксама імгненна падстаўляў свой шчыт. Яму часам нават удавалася нанесці ўдар у адказ, і не раз ён быў вельмі блізкі да таго, каб адплаціць разбойнікам тым жа, чым яны пагражалі яму. Неўзабаве Робін Гул пераканаўся, што пастух-заганяты добра валодае зброяй.
Бой спыніўся. Джордж-а-Грын з задавальненнем перавёў дух і абапёрся на меч, каб адпачыць. Але ні на міг не спускаў вачэй з гвалтаўнікоў і ў любы момант гатовы быў зноў абараняцца.
— Паслухай, заганяты, — сказаў яму Робін Гуд, — хлопец ты што трэба. Такія, як ты, мне даспадобы. Пойдзеш да нас?
— Куды гэта? — пацікавіўся Джордж-а-Грын.
— У наш слаўны Шэрвудскі лес. Там на лясных палянах мае малайцы палююць на аленяў і цешацца вольным жыццём.
— Хто ты?
— Я — Робін Гуд.
Джордж-а-Грын хуценька схаваў у ножны меч, адкінуў ад сябе шчыт, падышоў і паціснуў працягнутую яму Робін Гудам руку.
— Я з вамі,— сказаў ён рашуча. — He адзін дзень ужо хачу стрэцца з табой, каб зажыць вольным, незалежным жыццём. Вазьмі мяне ў свой атрад.
— Бяру, — весела сказаў Робін Гуд. — А хлопцы гэтыя, Маленькі Джон і Уіл Скарлет, будуць тваімі таварышамі.
— А-а… Маленькі Джон… — Джордж-а-Грын падаў руку велікану. — Я пачаў ужо здагадвацца, хто ты такі. Калісьці бачыў цябе ў Вэйкфілдзе, яшчэ да таго, як ты падаўся ў лес.
Маленькі Джон і Уіл Скарлет моцна паціснулі свайму новаму таварышу руку, а потым разам селі пад вялікім цёрнам, каб падсілкавацца. Джордж-а-Грын дастаў са сваёй дарожнай сумкі хлеб, ялавічыну, эль.
Калі яны паелі, Робін Гуд падняўся з травы і сказаў сябрам:
— Пасядзіце тут і пасачыце за дарогай. А я прайду крыху далей. Калі нічога цікавага не сустрэну, вярнуся да вас.
— А калі ў нас нічога не будзе цікавага, што нам рабіць? — спытаў Маленькі Джон.
— Што ж, тады даганяйце мяне, — адказаў Робін Гуд.
Маленькі Джон, Уіл Скарлет і Джордж-а-Грын засталіся пад цёрнам, а Робін Гуд пакрочыў па бальшаку. Праз дзве мілі яго пераразала палявая дарога. Робін стаяў на скрыжаванні даволі доўга. Нарэшце на палявой дарозе паказаўся чалавек у жабрацкіх лахманах. Ён ішоў роўным, рашучым крокам. Робін Гуд пільна ў яго ўглядаўся.
«Клянуся, чалавек гэты ідзе смела і трымае ў руцэ добры сук ад дзікай яблыні,— падумаў Робін Гуд. — Людзі кажуць, што такія бадзягі-старцы нярэдка падбіраюць усё, што дрэнна ляжыць, і можна знайсці каштоўныя рэчы і ў іхніх брудных торбах. Зараз я з ім пабалакаю».
Робін Гуд стаяў пасярод палявой дарогі. Жабрак заўважыў яго, але ішоў усё тым жа роўным, шырокім крокам — ні шпарчэй, ні павольней. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым ясней рабілася, што мець з ім справу небяспечна. Лахманы яго развяваліся ад ветру, і цераз шматлікія прарэхі віднеліся загарэлыя дужыя рукі і ногі. Падраны плашч быў скрозь у латках усіх колераў вясёлкі. На галаве ў яго былі адразу тры патрапаныя і сплюшчаныя капелюшы адзін на адным. Вялікая скураная сумка матлялася на сырамятным раменьчыку, перакінутым цераз шыю.