Выбрать главу

Калі Маленькі Джон і Джордж-а-Грын пераканаліся, што жабрак пакінуў іх у спакоі, яны спыніліся каля ручая і прамылі вочы. Да іх вярнуўся зрок. А жабрака ўжо і след прастыў. Ён знік у лесе, як іголка ў стозе сена. Давялося ім ні з чым вяртацца да атамана і Уіла Скарлета.

— Што такое? — здзівіўся Робін Гуд, убачыўшы іх белыя постаці.— Што з вамі здарылася? Вы пайшлі за жабраком, але, відаць, набрылі на млын і з галавы да ног запэцкаліся мукой.

Маленькі Джон шырока ўхмыльнуўся. Хоць яму і шмат перапала, але пачуццё гумару перамагло.

— Мы схапілі яго, нікуды ён ад нас са сваім кашальком не ўцёк. Нават сам прапанаваў нам выкуп, — і Маленькі Джон расказаў усё, як было: і пра муку, і пра кій.

Робін Гуд і Уіл Скарлет не маглі ўтрымацца ад смеху. Уіл аж заходзіўся ад рогату, бо адзін ён не пакаштаваў жабрацкай палкі.

— Што ж тут скажаш, жабрак нас адолеў,— зазначыў Робін Гуд, бо паважаў смелых і спрытных праціўнікаў.— Давядзецца нам вяртацца, акрамя сінякоў і шышак, з пустымі рукамі. I здаецца, ён пакалаціў вас абодвух куды горш, чым мяне.

— Я акрыяю толькі праз тыдзень, — прабурчаў Маленькі Джон.

— На мне жывога месца не засталося, — паведаміў Джордж-а-Грын.

— Думаю, нам лепш нікому нічога не расказваць, — сказаў напаследак Робін Гуд, — бо мы зняславім сябе павек. Гэта ж трэба, каб нас збіў нейкі старац!

Маленькі Джон і Джордж-а-Грын не мелі, вядома, ніякай ахвоты выстаўляць сябе на пасмешышча, але Уіл Скарлет, відаць, палічыў, што гэтай смешнай гісторыяй нельга з кім-небудзь не падзяліцца, бо неўзабаве яна пайшла гуляць па краіне. Склалі нават баладу і доўга яшчэ спявалі ў народзе пра сустрэчу Робін Гуда і яго слаўных стралкоў з жабраком, у якога торба была набіта мукой.

Раздзел чатырнаццаты

Біскуп Герфардскі i аўчары

Ясным сонечным ранкам, праз некалькі дзён пасля злашчаснай сустрэчы з жабраком, Робін Гуд сядзеў на бервяне каля пячоры, што служыла прытулкам яму і яго людзям, і ладзіў лук. На міг адарваўшыся ад свайго занятку, ён убачыў, што да яго шыбуе шавец Лоб. Лоб ужо ачуняў пасля хваробы і цяпер ішоў у Шэрвудскі лес з важнай весткай.

— Навіна, атаман, навіна! — сказаў шавец, падышоўшы.

— Пра каго і пра што, добры Лоб? — спытаў Робін Гуд.

— Пра біскупа Герфардскага.

Робін Гуд насупіў бровы, бо пасля вянчання Алана-а-Дэйла біскуп Герфардскі зрабіўся злейшым ворагам Робін Гуда. Робін Гуд узненавідзеў біскупа за яго прагнасць і жорсткасць.

— Расказвай, Лоб! — загадаў Робін Гуд.

— Біскуп цяпер у Нотынгеме, — паведаміў шавец, — а заўтра паедзе праз Барнасдэйлскі лес. Ён сабраў арэндную плату за царкоўныя землі. Яго грашовыя сумкі напакаваны золатам і серабром, бо ён прымусіў арандатараў разлічыцца поўнасцю, хоць час цяпер цяжкі і грошай у людзей мала. Забраў апошні пені ад удоў і сірот, не паменшыў ні на грош непасільных пабораў.

— Так! — спакойна прамовіў Робін Гуд. — Думаю, пара ўжо добра правучыць гэтага пыхлівага біскупа. Я запрашу яго на абед.

Шавец усміхнуўся. Ён ведаў, што гэта значыць. Багацей-прыгнятальнік, якога пачастуе абедам Робін Гуд, павінен шчодра расплаціцца.

Назаўтра раніцай Робін Гуд і вялікі атрад стралкоў рушылі ў Барнасдэйлскі лес, праз які павінен быў ехаць біскуп Герфардскі.

— Упалюйце аленя, — сказаў Робін Гуд,— I яго асвяжуйце як след. Сёння біскуп са мной паабедае тут I заплаціць спаўна за абед.

Забітага аленя прынеслі на зялёную палянку пры лясной дарозе, і каля яго засталіся Робін Гуд і яшчэ шэсць чалавек. Астатнія схаваліся за дрэвамі і ў хмызняку.

Робін Гуд і шасцёра яго людзей былі апрануты як бедныя аўчары. Замест ярка-зялёных куртак на іх былі старыя падраныя накідкі з шэрай байкі, а замест лукаў і мячоў — пастуховыя кіі з кручкамі на канцах. Яны мелі самы мірны выгляд, таму біскуп Герфардскі, які ехаў з вялікай узброенай світай, прыняў іх за простых аўчароў, што вырашылі крыху адпачыць і павесяліцца, бо разбойнікі паспелі ўжо развесці вялікае вогнішча і цяпер весела скакалі вакол яго.

Але калі ён пад’ехаў бліжэй і ўбачыў каля вогнішча тлустага аленя, якога збіраліся смажыць, яго ахапіў гнеў. Ён быў упэўнены, што ніхто, акрамя дваран і высокіх царкоўных асоб, не мае права есці смачнае мяса аленяў, і вырашыў, што натрапіў на гняздо вандроўных браканьераў.

— Што вы робіце? — біскуп ажно вар’яцеў.— I чаму узнялі гэткі тлум? Каралеўскіх аленяў вялікіх б’яце, He з’ясце усё. Рэшта у глум?
— Пастухі мы, — яму адказаў Робін Гуд,— Мы авечак пасём круглы год. А сёння прыйшлі ў каралеўскі Шэрвуд Адпачыць і насыціць жывот.