Выбрать главу

— Гэта ж вы, баця, утрымалі мяне, — сказаў Уіл. — Вельмі крыўдна, калі цябе лупцуюць, як сабаку, без дай прычыны.

— Праўду ты кажаш, — пагадзіўся стары. — З народам, якому раней належала гэта зямля, нарманскія паны абыходзяцца, як з сабакамі, і нават горш, чым з сабакамі. Цяпер нам і носа высунуць нельга ў сваю вёску, Уіл. Давядзецца хавацца ў лесе, а не, дык хуценька апынёмся ў нотынгемскай турме, дзе нас чакае вяроўка каралеўскага ката. I загайдаемся мы на шыбеніцы на страх усім саксонскім мужыкам, каб яны і падумаць не пасмелі не слухацца сваіх нарманскіх паноў.

— Гэтае ж самае і са мной было б ці нават горш, каб не ты, Уіл! — усклікнуў Робін Гуд, схапіўшы Уіла за локаць. — He пабаяўся ты вызваліць мяне з путаў. Дзякуй табе, тысячу разоў дзякуй.

— Ну што ты! — адказаў Уіл. — Я ж толькі разы два разануў нажом. А як ты трапіў да іх у рукі?

Робін расказаў пра ўсё, што з ім здарылася, і сяляне змрочна пакруцілі галовамі.

— Гэта яшчэ адзін прыклад іхняй жорсткасці і вераломства, зазначыў Уіл. — Любой хітрасцю стараюцца завабіць нас у свае кіпцюры.

Стары сакс раптам усхапіўся.

— Што ж, — сказаў ён, — пакуль мы не трапілі ў іх рукі, трэба падумаць пра бяспеку. Ідзіце за мной, хлопцы, я павяду вас у больш надзейнае сховішча.

Але Робін Гуд не скрануўся з месца.

— Ведаеце, сябры, — сказаў ён, — мне ўвесь час не дае спакою думка пра тых няшчасных у руках ліхадзеяў. Баюся, у Нотынгеме іх чакае сумны лёс.

— А што іх можа чакаць — шыбеніца ды вяроўка, — прабурчаў Уіл. — Яны ж бандыты. Паміж імі і леснікамі ідзе жорсткая барацьба, і суровы шэрыф узрадуецца, калі іх прывядуць да яго.

— He, — запярэчыў стары селянін, — гэта няшчасныя людзі. Жорсткія законы нарманаў прымусілі іх хавацца па лясах і харчавацца мясам каралеўскіх аленяў. Калі трапяць у рукі ўлад, ратунку ім не будзе.

— Пакажыце мне дарогу, па якой іх павядуць у Нотынгем, — папрасіў Робін Гуд.

— Пакажу, гэта няцяжка, — сказаў стары селянін. — I мой сын можа паказаць. Толькі што ты зробіш адзін супраць цэлай плоймы каралеўскіх леснікоў?

— Яшчэ і сам не ведаю, што зраблю, — адказаў Робін Гуд, — але сэрца разрываецца ад думкі пра лёс гэтых няшчасных людзей, і хочацца рызыкнуць і вызваліць іх, калі пашанцуе.

— Правільна, таварыш, — усклікнуў Уіл. — Я буду тваім правадніком. Ідзіце, бацька, і схавайцеся ў гушчары. Сустрэнемся каля Вялікага дуба.

I маленькі атрад разышоўся. Робін Гуд разам з Уілам пайшоў цераз балота, а стары селянін знік у нетрах Шэрвудскага лесу.

Хвілін праз дваццаць Робін з Уілам, хаваючыся за дрэвамі, зноў падышлі да маленькай вёсачкі, толькі з другога боку. Вызірнуўшы з густога зарасніку, яны ўбачылі леснікоў, якія выходзілі з вёскі, ведучы з сабой палоннікаў. Яны кіраваліся ў Нотынгем. Валакуша стаяла на месцы, а недалёка ад яе ляжаў небарака Хоб — так, як упаў.

— Вызвалім і адпомсцім, — прашаптаў Робін Гуд, і Уіл згодна кіўнуў галавой і паўтарыў яго словы, але неяк нерашуча, бо не мог даўмецца, як гэта можна зрабіць.

— А цяпер, Уіл, апішы мне дарогу, па якой гэтыя найміты пойдуць у горад.

Уіл пачаў падрабязна расказваць пра дарогу, і раптам Робін падняў руку:

— Досыць, Уіл, я знайшоў якраз тое, што трэба. Кажаш, вялікая паляна? Вядзі туды, і як мага хутчэй, каб апярэдзіць леснікоў.

Уіл Ст’ютлі (такое было ў маладога селяніна прозвішча) і Робін Гуд заспяшаліся ў дарогу. Яны падышлі да вялікай паляны якраз тады, калі леснікі мінулі палову паляны. Робін пакінуў Уіла пад дрэвамі і смела выйшаў на ўскраек лесу.

— Гэй, начальнік! — аклікнуў ён галоўнага лесніка. — Адпусці палонных, a то табе не паздаровіцца!

Галоўны ляснік вачам сваім не паверыў, калі ўбачыў, што Робін Гуд адзін выйшаў супраць вялікага атрада. Ён так разгневаўся, што нават не адказаў — імгненна схапіў лук, каб пакараць нахабніка, перш чым той паспее схавацца за дрэвам. З усяе сілы нацягнуў цеціву і пусціў стралу. Але адлегласць для яго лука была занадта вялікая, і страла ўваткнулася ў дзірван за дваццаць ярдаў[1] ад ног Робін Гуда.

I тут Робін Гуд паказаў ворагам моц свайго лука і зоркасць вока — паклаў на цеціву доўгую стралу і, не цэлячыся, пусціў.

Дзікі крык вырваўся з вуснаў галоўнага лесніка, і ён упаў на дол, сутаргава хапаючыся за стралу, якая праткнула яму шыю.

Астатнія леснікі нібы прыраслі да зямлі ад здзіўлення. Такі трапны стрэл! Зноў прагучаў голас Робін Гуда:

вернуться

1

Ярд — асноўная адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 91,44 см.