— Ага, ага, мой добры Тук, — пацвердзіў Робін Гуд. — Біскуп зрабіў правільны выбар. Як скажаш, так і будзе.
— У такім разе, — зноў прабасіў манах, — яго светласць павінна высыпаць усё, што маецца ў яго кашальку…
— Я зраблю гэта з радасцю! — усклікнуў біскуп і дастаў з сумкі, што вісела ў яго на поясе, кашалёк. — Вось ён, кашалёк. У ім адзінаццаць сярэбраных пенсаў, бярыце ўсе…
— Я не ўсё яшчэ сказаў,— перабіў яго Тук. — Ваша светласць павінна высыпаць усё з гэтага кашалька і яшчэ вунь з той вялікай скураной сумкі, што вісіць на сядле ў каня.
— He! He! — пранізліва закрычаў біскуп. — Хай яна там і вісіць! Яе, прашу вас, не чапайце. Рукі простых людзей не павінны кранаць тых грошай. Яны належаць царкве. У гэтай сумцы бедны збор з арандатараў царкоўных зямель.
— Бедны збор! — абурыўся Робін Гуд. — Скажыце лепш, з бедных арандатараў, пан біскуп. Большую частку тых грошай вы адабралі ў беднякоў, я гэта добра ведаю. Давай, Маленькі Джон, пакажы нам, якое багацце вязе з сабою пан біскуп.
Волат усхапіўся, узяў біскупаў плашч і разаслаў на траве. Потым пайшоў да біскупавага каня і вярнуўся з вялікай сумкай, якая была клапатліва прытарочана да сядла.
Усе вочы скіраваліся на туга напакаваную цяжкую сумку. Пачуўся прыглушаны гул галасоў, калі Маленькі Джон развязаў яе і з торбы шчодрым струменем пасыпаліся залатыя манеты.
— Глядзі, колькі грошай, атаман! — сказаў Маленькі Джон. — Вельмі прыемнае відовішча.
— Палічы, колькі тут, — папрасіў Робін Гуд.
— Тры сотні фунтаў,— адказаў Маленькі Джон, палічыўшы грошы.
— Забяром усе, — рашуча прамовіў атаман разбойнікаў.— Перш-наперш аддамо бяднейшым арандатарам тое, што ўзяў у іх біскуп. Рэшту пакінем на памяць аб прыемным абедзе, якім яго светласць біскуп Герфардскі меў ласку разам з намі частавацца.
Біскуп увесь пачарнеў ад злосці. Разбойнікі гэтак вольна распараджаюцца яго грашамі! Ён узарваўся і пачаў абражаць іх, але Робін Гуд толькі смяяўся.
— Пасля добрага абеду ў чалавека павінен быць лепшы настрой, — сказаў ён. — He лаяцца трэба і пагражаць, а слухаць музыку і скакаць. Зайграй нам што-небудзь вясёленькае на арфе, Алан-а-Дэйл, і яго светласць біскуп Герфардскі паскача пад яе.
— Яшчэ як паскача! — загрымеў Маленькі Джон, калі Робін Гуд пацягнуў біскупа за руку. — Я памагу яму.
На вялікую радасць разбойнікаў, Робін Гуд і Маленькі Джон прымусілі біскупа скакаць пад прыемныя гукі Аланавай арфы. Тоўсты біскуп танцор быў нязграбны, з яго твару не сыходзіла кіслая міна, калі ён падскокваў і прысядаў. Ім валодаў страх, ён не асмельваўся не паслухацца. Грошы свае ён ужо страціў, але жыццё страціць не хацеў.
Біскуп Герфардскі скакаў, пакуль зусім не знямогся. Тады Робін Гуд загадаў яму сесці на каня і ехаць. Біскупу не трэба было паўтараць два разы. Ён ускараскаўся на сядло і паспяшаўся ў Нотынгем.
Раздзел пятнаццаты
Робін Гуд і меднік
Калі біскуп Герфардскі вярнуўся ў Нотынгем без ніводнай, нават дробнай манеты з тых грошай, што ён сабраў за арэнду, небарака адразу пайшоў да шэрыфа, каб расказаць пра ўсё і параіцца з ім, што рабіць. А ў таго ж таксама нядаўна ачысцілі скарбніцу, і цяпер яна стаяла пустая. Абодва ненавідзелі Робін Гуда.
Назаўтра на рыначнай плошчы ад імя караля было абвешчана, што кожны, хто захоча злавіць у Шэрвудскім лесе славутага атамана разбойнікаў, атрымае ордэр на яго арышт і ўзнагароду ў сто фунтаў золатам за яго галаву.
Гараджане, якія слухалі абяву вяшчальнікаў каля рыначнага крыжа, пераглянуліся і заўсміхаліся. Яны ведалі, як лёгка паабяцаць сто фунтаў і як цяжка гэтыя грошы зарабіць. Ніхто не выйшаў наперад і не вызваўся ісці на пошукі разбойніка.
З краю натоўпу стаяў чалавек маленькага росту, каржакаваты, з брудным тварам і кірпатым носам. Вялікі скураны мех вісеў у яго за спінай на ручцы цяжкага малатка, які ён трымаў за брусок у левай руцэ. У правай у яго быў доўгі тоўсты яблыневы кій, на які ён абапіраўся, калі ўважліва слухаў вяшчальнікаў. Гэта быў вандроўны меднік, і звалі яго Джон Слай. «Сто фунтаў! — падумаў ён. — Што ж, узнагарода добрая. I ўсяго толькі за нейкага грабежніка, які хаваецца непадалёку ў лесе. Усё жыццё магу я вырабляць тазы і каструлі, а такіх грошай ніколі не ўбачу. Далібог, варта паспрабаваць».
Слай крануў за плячо гараджаніна, што стаяў побач, і спытаў: