Выбрать главу

Амаль увесь эль і віно выпіў ён адзін, бо незнаёмы толькі ледзь дакранаўся губамі да свайго куфля, а на падахвочванні медніка адказваў, што ён абдумвае, як найлепш ім злавіць Робін Гуда.

Збан і бутэлька апусцелі. Меднік пачаў кляваць носам і неўзабаве ўжо мірна хроп у кутку на лаве.

Чалавек у пунсовым усміхнуўся і адкрыў сумку Слая. Выняў з яе дакумент, прачытаў, і ўсмешка расплылася на яго твары. Ён засунуў паперу сабе ў кішэню і ціхенька выйшаў з карчмы.

Хвілін праз дзесяць у піўную залу ўвайшоў карчмар і аж здрыгануўся, калі ўбачыў, што чалавек у пунсовым знік, пакінуўшы бруднага абарванага медніка аднаго. Ён устрывожыўся: хто ж заплаціць за выпітае?

— Прачынайцеся! — крыкнуў ён і тузануў соннага госця.

— He, не, больш не трэба, дружа, больш ні-ні,— скрозь сон прамармытаў меднік. — Я ўжо добра такі выпіў за твой кошт.

— Я паклапачуся, каб гэта было не за мой кошт! — зазлаваў карчмар. — Прачынайся, санлівы бадзяга, ты не заплаціў па рахунку!

— Ты ўжо заплаціў па рахунку? — зноў прамармытаў меднік, думаючы, што размаўляе са сваім сабутэльнікам. — Як велікадушна з твайго боку. Павер мне, я не забуду тваёй шчодрасці, калі справа дойдзе да дзяльбы ўзнагароды.

— Навошта мне твая ўзнагарода! — кіпеў гневам карчмар. — Аддай, што вінен, і будзь здароў,— і так страсянуў медніка, што з яго імгненна зляцеў сон.

— Што? Чаго? Чаму? — прагаварыў ён збянтэжана. — А дзе мой таварыш, адважны ёмен, які падрадзіўся ісці са мной і браўся заплаціць за дваіх?

Раптам позірк Слая ўпаў на раскрытую сумку. Ён схапіў яе і зазірнуў усярэдзіну. I адразу зароў, як бык.

— Памажыце! — закрычаў ён. — Памажыце! Мяне разарылі! Абакралі, абрабавалі, прадалі! Дзе папера ад караля? Яна знікла, яе ўкралі!

— Папера ад караля? — здзівіўся карчмар. — Хто даверыць такому абадранцу паперу караля? А што ў ёй?

— Паверце мне, добры гаспадар, у мяне быў дакумент ад самога шэрыфа Нотынгема: дазвол караля злавіць злачынца па імені Робін Гуд.

— Злавіць Робін Гуда? — усклікнуў карчмар. — Нічога не разумею… Ты ж толькі што піў з ім, з Робін Гудам.

Толькі замест ярка-зялёнай вопраткі, у якой ён звычайна ходзіць, сёння на ім была пунсовая.

Ад здзіўлення меднік разявіў рот, вочы яго, здавалася, вось-вось выскачаць з вачніц. Нейкі час ён не мог вымавіць ні слова, потым сутаргава глытнуў паветра і выціснуў з сябе:

— Гэта быў Робін Гуд?! А людзі ж казалі, што з выгляду ён вельмі страшны, што ў яго дужа жорсткі твар. Сапраўдны дзікі лясны разбойнік. А гэты чалавек вельмі прыстойны, падобны на добрага ёмена.

— Робін Гуд мае шмат абліччаў,— зазначыў карчмар. — З табою быў ён. Гэта такая ж праўда, як тое, што я стаю вось тут, перад табою, і як тое, што ты выжлукціў вялікі збан найлепшага майго элю і цэлую бутэльку канарскага.

— Дык ён жа абяцаў заплаціць. Сам запрасіў мяне ў карчму выпіць з ім.

— Пра гэта я нічога не ведаю, — суха адрэзаў карчмар. — Адно ведаю: збан і пляшка стаяць парожнія і ты павінен расплаціцца.

— Колькі ж гэта выходзіць? — сумна спытаў меднік.

— Дзесяць шылінгаў.

— Дзесяць шылінгаў? — усклікнуў меднік. — У мяне не знойдзецца і дзесяці няшчасных фартынгаў.

— Раз так, аддавай свой малаток і сумку з начыннем.

— Што?! Малаток і прылады? А як на харч я сабе зараблю?

— Раней трэба было пра гэта думаць, да таго, як у даўгі ўлазіць, — холадна адказаў карчмар.

Меднік бушаваў, ашалела крычаў, пасылаў праклёны на галаву ашуканца, абвінавачваў карчмара ў змове з ім, прысягаў, што знойдзе на іх управу.

— Вось і добра, — сказаў карчмар. — Думаю, закон будзе на маім баку. Сядзіш, п’еш з нейкім разбойнікам, а калі той дае драла, не хочаш плаціць па рахунку. Я ўпэўнены, давядзецца табе адказаць па закону.

Слай зразумеў, што карчмар кажа праўду і што лепш як мага далей уцякаць ад бяды. Ён аддаў карчмару малаток і прылады, схапіў свой тоўсты яблыневы кій і пайшоў з «Каралеўскага аленя» ні з чым.

— Мне б толькі спаткаць дзе-небудзь гэтага прайдзісвета ў пунсовым, — прабурчаў Слай, зачыніўшы за сабой дзверы карчмы. — Я выб’ю тады пыл з яго курткі, каб на яго чума і мор! — Ён помсліва пакруціў над галавой цяжкай дубінай.

Меднік рушыў у дарогу і выпадкова збочыў на тую ж сцяжыну, па якой незадоўга перад гэтым ішоў Робін Гуд. He прайшоў Слай і мілі, як наперадзе, на павароце, мільганула яркая пляма, а потым ён убачыў чалавека ў пунсовым. Чалавек стаяў і пазіраў на аленяў, якія мірна пасвіліся на лужку.