Выбрать главу

Увесь гэты час біскуп Герфардскі гасціў у шэрыфа ў Нотынгеме. Кожную раніцу яны з нецярплівасцю чакалі звестак пра арышт Робін Гуда. Біскуп спадзяваўся, што, калі схопяць гэтага дзёрзкага разбойніка, яму вернуць ягоныя трыста фунтаў, а шэрыфу і ўдзень і ўначы не давалі спакою думкі пра пустую скарбніцу, і ў яго ўваччу стаяў выкрадзены скарб.

Але мінаў дзень за днём, а людзі, якія пайшлі шукаць злачынца, вярталіся з пустымі рукамі, не знайшоўшы нават і следу разбойнай шайкі. Праўда, меднік Джон Слай не вярнуўся назад, але ніхто гэтага не заўважыў, бо нікому ён не быў патрэбны.

I вось неяк у Нотынгем заехаў, па дарозе з поўначы краіны ў Лондан, вялікі ваенны атрад цяжкаўзброеных коннікаў. Афіцэр, што стаяў на чале атрада, быў чужаземны наёмнік і за грошы ў любы час гатовы быў служыць са сваім войскам кожнаму, хто даражэй заплаціць. Біскуп убачыў коннікаў, калі яны заязджалі ў гарадскія вароты. Ён падумаў, што гэта якраз тая сіла, якая дапаможа яму схапіць Робін Гуда. Біскуп вырашыў наняць гэтых людзей на некалькі дзён і заплаціць ім з таго багацця, якое адбяруць у разбойнікаў. Ён абавязкова адпомсціць Робін Гуду!

З камандзірам атрада дамовіцца было вельмі лёгка. Біскуп, упэўнены, што гэтае добра абучанае войска як бачыш расправіцца з ляснымі разбойнікамі, паехаў разам з ім, каб памагчы хутчэй знайсці іх логава.

Па волі лёсу, якраз у той момант, калі наёмнае войска і біскуп са слугамі пад’язджалі да лесу, Робін Гуд выйшаў адзін на балынак. На павароце ён раптам наткнуўся на двух біскупавых слуг, што ехалі на разведку крыху наперадзе. Гэтыя слугі былі разам з біскупам, калі ён трапіў у палон да разбойнікаў, і адразу пазналі Робін Гуда.

— Ён тут! Вось ён! — закрычалі яны. — Тут сам Робін Гуд!

Робін Гуд зірнуў на дарогу і зразумеў, што апынуўся з ворагамі твар у твар. Біскуп галопам ужо скакаў да яго на кані.

— Што ж мне рабіць? — прашаптаў Робін Гуд.— Я трапіў ворагу ў сець. Гэты прэлат жорсткі, як кат, I мне на вяроўцы вісець.

Адважны атаман і не думаў стаць лёгкай здабычай ворага. Ён павярнуўся і з усіх ног кінуўся бегчы да бліжэйшай дубровы. Біскуп і яго людзі шалёна прышпорвалі коней у пагоні за ім, але Робін Гуд паспеў дабегчы да ляска і знік сярод дрэў.

— Акружыце лес! — на ўсё горла крычаў біскуп.— Лясок невялікі. Мы абложым яго з усіх бакоў. Нягоднік не выслізне з нашых рук!

Загад біскупа быў выкананы. Дуброву акружылі кальцом, і Робін Гуд апынуўся ў пастцы. Узброеныя коннікі пачалі прачэсваць лес, але рабілі гэта марудна і апасліва, бо баяліся засады.

Аднак баяліся яны дарэмна. Робін Гуд быў адзін. Таварышы яго знаходзіліся так далёка ад дубровы, што не пачулі б ражка. Робін Гуду заставалася толькі адно: разлічваць на сваю кемнасць і мужнасць. Адважны разбойнік разумеў, што ў такое небяспечнае становішча ён ніколі яшчэ не трапляў. Ён падаўся ў самы гушчар, каб знайсці там нейкае сховішча. Ён ведаў, што сярод дубровы стаіць маленькая хатка з двух пакойчыкаў. У ёй жыла бедная старэнькая ўдава, якая прала і гэтым зарабляла сабе на хлеб. Робін Гуд не раз памагаў старой бабцы чым мог і быў упэўнены, што цяпер і яна выручыць яго. Да таго ж тры яе сыны былі ў дружыне Робін Гуда.

Запыханы, ускочыў ён у хаціну. Старая адарвала вочы ад калаўрота.

— Я Робін Гуд, — сказаў ён. — Біскуп з салдатамі гоніцца за мной па пятах. Калі траплю ім у рукі, мне не паздаровіцца. Біскуп прысягнуў, што павесіць мяне на самым высокім дрэве ў Шэрвудскім лесе.

— He бойся, Робін Гуд, — прамовіла кемлівая старая. — Гэтага не будзе. Мы абдурым біскупа і яго прыслугачоў. Схапіць і павесіць таго, хто не раз выручаў мяне з бяды! He, гэтага ніколі не будзе! Ідзі хутчэй у задні пакой. Там знойдзеш маю старую спадніцу і накідку. Пераапраніся, а сваю адзежу пакінь мне.

— Вось гэта прыдумала! — з захапленнем усклікнуў Робін Гуд. Цяпер мы праверым, ці зоркія ў папа вочы, каб пазнаць Робін Гуда пад жаночым адзеннем.

Як вокам маргнуць Робін Гуд пераапрануўся і завяршыў маскарад, насунуўшы на лоб патрапаны шыракаполы капялюш, які хаваў твар. Ён прыхапіў верацяно і воўну і пашкандыбаў, абапіраючыся на палку, па лясной сцежцы, падобны на старую сялянку, што і ў дарозе, на прывалах, прадзе пражу.

Неўзабаве Робін Гуд пачуў тупат капытоў. Ён яшчэ больш згорбіўся і закульгаў. Раптам хтосьці загадаў:

— Схапіце старую і прывядзіце да мяне! — Робін Гуд пазнаў фанабэрысты голас біскупа Герфардскага.

Адзін з яго прыслужнікаў падскочыў, схапіў старую за руку і пацягнуў да біскупа, які сядзеў на сівым у яблыкі кані. Старая сялянка дрыжала ад страху.