— Адкуль ідзеш, бабка? — спытаў біскуп.
— З дому. Мая хаціна там, у лесе, высакародны лорд, — прагаварыла бабка з-пад абвіслага поля капелюша. Яна не адрывала вачэй ад зямлі, але біскуп палічыў, што так і трэба размаўляць простаму чалавеку з ім, біскупам.
— Ты сёння нікога чужога не бачыла ў лесе?
— Нікога, апрача чалавека ў зялёным плашчы, які толькі што зайшоў у маю хаціну.
— Ага! — закрычаў біскуп. — Чалавек у зялёным, кажаш?
— Так, пане, — прашамкала старая. — У яго быў з сабой лук і калчан са стрэламі, а на галаве зялёны капюшон. Ён папрасіўся крыху адпачыць.
— Наперад! Наперад! — зароў санавіты царкоўнік. — Ён у нашых руках! Ён у нашых руках! Хутчэй да хаціны, вывалачыце яго адтуль.
Біскуп прышпорыў свайго сівога ў яблыкі каня і разам са світай і наёмнікамі паскакаў да лясной хаціны, а старэнькая згорбленая бабуля пашкандыбала далей, пастукваючы палкай. Але, як толькі мінула хмызняк, яна кінула палку, выпрасталася і, нібы велічны алень, лёгка і імкліва пабегла да вялікага лесу, дзе ва ўмоўленым месцы затаіліся Маленькі Джон і атрад лясных стралкоў.
Маленькі Джон, які стаяў на ўскрайку лесу, убачыў, як нейкая дзіўная жаночая істота ў лахманах выскачыла з-за дрэў і імчыцца па паляне ў яго бок. Ён ледзь не аслупянеў ад здзіўлення і падумаў, што без вядзьмарства і нячыстай сілы тут не абышлося.
— Гэта ты, Робін Гуд? — здзіўлена ўсклікнуў Маленькі Джон, не паверыўшы сваім вачам. — Чаму ты ў жаночым адзенні?
— Я ледзь не трапіў у лапы біскупа, — і Робін Гуд расказаў Маленькаму Джону, у які пераплёт ён трапіў.
— Вось паганы поп! — абурыўся Маленькі Джон. — Трэба правучыць гэтага біскупа, каб ён і дзесятаму заказаў ганяцца за намі ў нашых слаўных зялёных лясах.
— I я так думаю, — пагадзіўся атаман разбойнікаў.— Ану, затрубі ў свой рог, Маленькі Джон, склікай сюды нашых малайцоў.
Маленькі Джон пратрубіў сігнал. З лесу пачалі выбягаць зялёныя стралкі, і неўзабаве перад Робін Гудам выстраілася іх цэлая сотня, гатовая па першаму слову свайго камандзіра выканаць любы загад. Разбойнікі не адразу зразумелі, хто перад імі стаіць. Яны здзіўлена разглядалі старую жанчыну ў бедным вясковым адзенні, пакуль не пазналі свайго атамана. Калі Робін Гуд расказаў ім, у якую небяспечную пастку ён трапіў і як спрытна выслізнуў з біскупавых рук, яны доўга смяяліся.
Але нам пара ўжо вярнуцца ў дубовы лясок і паглядзець, што здарылася, калі біскуп з салдатамі прыскакаў да хаціны старой удавы.
— Выбіць дзверы! — загадаў біскуп.
Дзверы сарвалі з завесаў, і ў хаціну ўварваўся салдат.
— Тут ён! — пачуўся яго радасны крык. — Вось ён! Я пазнаў яго! Гэта той самы чалавек у зялёным плашчы з капюшонам, які толькі што ўцёк ад нас.
— Вывалачы яго сюды! — зароў біскуп.
Трое салдат пабеглі ў хаціну і накінуліся на чалавека ў ярка-зялёным плашчы з насунутым на галаву капюшонам, які зашыўся ў цёмны кут. Яго схапілі і пацягнулі з хаціны.
— Пасадзіце яго вунь на таго белага каня і не зводзьце з нягодніка вачэй! — загадаў біскуп. — А цяпер хутчэй назад у горад. Там мы пасадзім яго ў цямніцу. Мне не будзе спакою, пакуль за ім не замкнуцца дзверы турмы. А заўтра ён загайдаецца на шыбеніцы.
Старая ўдава за ўвесь гэты час ніводнага слова не прамовіла, і ўсе падумалі, што Робін Гуд знямеў ад страху. Ніхто не зазірнуў пад капюшон, які прыкрываў твар разбойніка: усім хацелася найхутчэй выбрацца з цёмнага лесу. Біскуп надзьмуўся, як індык, ад гордасці, што яго хітры план здзейсніўся.
Санавіты царкоўнік не пераставаў радавацца, аж пакуль уся кавалькада не выехала з дубровы. Тут яго твар раптам выцягнуўся, ніжняя сківіца адвісла. Ён убачыў перад сабой амаль сотню стралкоў з нацэленымі на яго атрад лукамі. Біскуп зразумеў, што гэта лясныя разбойнікі, a кожны з іх, ён ведаў, варты чатырох яго лучнікаў.
— Лясныя стралкі! — нарэшце вярнулася мова да біскупа. — I, зірніце, хто ў іх за камандзіра! Прысягаю сваім санам, гэта тая самая карга, што стрэлася нам у лесе. Хто ж яна такая?