Выбрать главу

— Ага, пан шэрыф, — спагадліва заківаў галавой стары багамолец. — Я добра разумею, што ў вас на душы. Чуў, Робін Гуд нарабіў вам шмат непрыемнасцей.

— Ён самы вялікі злыдзень з яшчэ не павешаных злыдняў,— прабурчаў шэрыф. — Але надыдзе дзень, калі мы стрэнемся з ім адзін на адзін, і хай ён тады паспрабуе вырвацца!

— О-о! — прапішчаў стары. — Гэта будзе няшчасны дзень для Робін Гуда, пане, вельмі няшчасны дзень, запэўняю вас. Але пакуль што трэба павесіць трох разбойнікаў з яго шайкі. Ведаю, чалавек я стары і слабы, і ўсё ж хацеў бы пачуць, колькі вы мне заплаціце, калі возьмеце сёння за ката.

— Плата добрая, — ажывіўся шэрыф, — добрая плата, стары. Трынаццаць пенсаў грашамі і адзежа павешаных. Табе, стары пілігрым, далібог, не пашкодзіць мець добры касцюмчык.

— Плата добрая, — пацвердзіў багамолец. — Я гатовы вам служыць, пан шэрыф, і займуся сёння гэтымі разбойнікамі.

За дзесяць хвілін да поўдня з варот турмы выйшла працэсія і накіравалася на рыначную плошчу. Вялікі атрад нарманскіх салдат вёў на шыбеніцу трох асуджаных. Наперадзе смертнікаў кандыбаў дзядок-багамолец — новаспечаны кат. На плошчы сабраўся вялікі натоўп. Канваірам давялося прабівацца скрозь гэты натоўп да злавесных слупоў з перакладзінай, на якой пагойдваліся вяроўкі з петлямі. Каля шыбеніцы была невялічкая свабодная пляцоўка, і тут працэсію ўжо чакаў шэрыф. Асуджаныя падняліся на памост.

— Бярыся за работу, стары! — загадаў шэрыф. — Пакажы, як ты ўмееш вешаць людзей.

— Усё па парадку, пан шэрыф, — дрыготкім старэчым голасам адказаў багамолец. — Людзей, якія ідуць на смерць, трэба спачатку паспавядаць.

Ён нешта зашаптаў смертнікам. Шэрыф падумаў, што ён іх спавядае. На самай справе Робін Гуд сказаў, што ім рабіць, калі надыдзе рашучы момант.

— Ну вешай ужо, кат, вешай! — нецярпліва закрычаў шэрыф. — Ці ёсць, дарэчы, у цябе мех, каб забраць іхнюю адзежу?

— Есць, ёсць. Мяхоў у мяне хапае, — засмяяўся багамолец і заспяваў:

— Мяшкі ёсць для соладу і для мукі, Пад ячмень ці пшаніцу мяшок, Для хлеба і мяса яшчэ два мяшкі, А ў гэтым мяшэчку ражок.

— Навошта табе ражок, стары? — усміхнуўся шэрыф. — У цябе ж духу не хопіць падзьмуць.

— Духу не хопіць? Зараз ты пачуеш, пыхлівы шэрыф, як умею я трубіць! — загрымеў голас багамольца, з якім раптам адбылася дзівосная перамена. Згорблены, сагнуты амаль да зямлі багамолец выпрастаўся, стаў на край памоста, паднёс да рота свой ражок і затрубіў.

Шэрыф адразу пазнаў Робін Гуда.

— Здрада! Здрада! — закрычаў ён. — Робін Гуд! Гэта сам Робін Гуд! Хапайце яго! Забіце!

Але нарманскім салдатам было не да Робін Гуда. Ім давялося абараняць сваё жыццё, бо, як толькі над натоўпам пранесліся прарэзлівыя гукі ражка, дзесяткі людзей, што нагадвалі простых сялян, скінулі з сябе даматканыя плашчы і ў ярка-зялёных куртках лясных стралкоў Робін Гуда рынуліся з мячамі і шчытамі ў руках на салдат.

— Гуд! Гуд! З намі Гуд! — зароў волат, што кіраваў імі.— На дапамогу Робін Гуду!

Людзі ў зялёным адказалі Маленькаму Джону дружнымі воклічамі:

— З намі Гуд! Няхай жыве Робін Гуд! Далоў нарманскіх тыранаў!

На плошчы ўзнялася сумятня і страшэнны тлум. Людзі кінуліся ўрассыпную, каб не трапіць выпадкова пад меч. Жанчыны спалохана пішчалі, мужчыны гучна крычалі. Мячы са звонам стукаліся аб шчыты. Нарманскія салдаты, атакаваныя з усіх бакоў, толькі і паспявалі адбівацца. Дзе ім было думаць пра тое, каб схапіць пераадзетага атамана разбойнікаў?! А ён не марудзіў. Выхапіў з-за пояса востры нож і перарэзаў вяроўкі на Хэлу, Хобу і Дзікану. З крыкам: «За мной!» — саскочыў з памоста. Тры браты рынуліся за ім і ўміг апынуліся сярод сяброў.

— Згуртуйцеся вакол іх! — загадаў Робін Гуд, і лясныя стралкі шчыльным кальцом акружылі сваіх выратаваных ад смерці таварышаў.

— Адступайце да варот! — прагучаў новы загад Робін Гуда, і зялёная дружына цеснымі радамі рушыла з рыначнай плошчы.

Два разы нападалі на іх нарманскія салдаты, і два разы іх адганялі хмарамі стрэл і ўдарамі мячоў.

Неўзабаве падышлі да варот. Яны былі насцеж адчыненыя, бо Маленькі Джон даручыў Мачу і Уілу Ст’ютлі з тузінам людзей зняць варту, як толькі яны пачуюць, што на плошчы пачалася сутычка. Яны выканалі загад. Калі атрад з Робін Гудам на чале падышоў да варот, вартаўнікі былі ўжо абяззброеныя і звязаныя.

Усе выйшлі з горада на вольны прастор. Маленькі Джон з грукатам зачыніў вароты і паклаў ключ сабе ў кішэню, каб не было пагоні.