Маленькі Джон і яго сябры выйшлі на дарогу. Зірнулі на захад, зірнулі на ўсход — нікога. На дарозе, што вяла ў Барнсдэйл, убачылі вялікую грамаду, якая рухалася ў іх бок.
— Клянуся небам, — сказаў Маленькі Джон, — у нашага атамана сёння гасцей будзе шмат.
Разбойнікі пачалі ўглядацца ў працэсію. Наперадзе на прыгожых верхавых конях ехалі два манахі ў чорных расах. За імі ішлі сем цяжканагружаных коней, а ззаду пяцьдзесят два кап’ёўшчыкі аховы.
— Нават біскуп не ехаў бы гэтак велічна, як гэтыя чорныя манахі,— зазначыў Мач. — Клянуся, на ўючных конях вялікі скарб, інакш не было б такой моцнай аховы.
— Сябры мае, — сказаў Маленькі Джон, — нас толькі трое, і ўсё ж мы павінны прывесці гэтых манахаў на абед да нашага атамана, a то лепш на вочы яму не паказвацца.
Мач і Уіл Скарлет моўчкі кіўнулі галовамі ў знак згоды. Яны прытаіліся ў тым месцы дарогі, дзе яна рабіла рэзкі паварот і вілася паміж двума высокімі схіламі. Тут зручней за ўсё можна было захапіць галаву калоны.
Калі абодва манахі мінулі паварот, дарогу ім перагарадзілі тры чалавекі са стрэламі на цяцівах лукаў. Манахі нацягнулі павады, уся калона спынілася і змяшалася.
— Стой, манах! — крыкнуў Маленькі Джон таму з манахаў, што ехаў наперадзе і быў, відаць, больш важнай персонай, чым яго спадарожнік. — Hi з месца. Памятай, твой лёс у маіх руках. Ты разгневаў майго гаспадара, бо вымусіў яго доўга пасціцца.
У вачах у манаха мільганулі здзіўленне і спалох. Ён утаропіўся на Маленькага Джона, не разумеючы, пра што гаворыць гэты волат.
— А хто твой гаспадар? — нарэшце спытаў ён.
— Робін Гуд! — прагрымеў магутны голас Маленькага Джона.
— Гэта вялікі ліхадзей, — сказаў манах змрочна. — Пра яго я ніколі нічога добрага не чуў.
— Ілжэш, манах! — закрычаў Маленькі Джон. — Ён паважаны лясны ёмен і запрашае цябе паабедаць з ім. I хочаш не хочаш — ты пойдзеш з намі.
Мач і Уіл Скарлет ні слова не прамовілі, але іх стрэлы ў любы момант гатовы былі сарвацца з цяціў. Ды гэтага не здарылася. Калона кап’ёўшчыкаў, што ішла за манахамі, нібы растала. Яны пачулі імя Робін Гуда, калі зычны голас Маленькага Джона прагрымеў у лагчыне, па якой праходзіла дарога. Досыць было пачуць гэтае імя, каб кап’ёўшчыкі з перапуду кінуліся ўцякаць.
— Едзьце за намі,— загадаў манахам Маленькі Джон, і тыя паслухмяна прышпорылі коней. Нічога іншага ім не заставалася.
Мач з Уілам Скарлетам пайшлі ззаду з лукамі напагатове — на выпадак, калі хто з манахаў надумаецца ўцячы. Маленькі Джон гнаў наўючаных коней. Яму памагалі паж і конюх. З усяе шматлікай світы толькі яны засталіся вернымі манахам.
Маленькі атрад неўзабаве апынуўся на паляне, дзе іх чакаў Робін Гуд. Ён зняў шапку, вітаючы гасцей, але старшы манах не адказаў тым жа. Маленькі Джон зазлаваў:
— Гэта нявыхаваны чалавек, атаман. Зараз ён у мяне зніме шапку.
— Ніякага прымусу, Маленькі Джон, — стрымаў яго Робін Гуд. — Сілы не ўжывай. Калі ён не хоча зняць шапку, не трэба. Колькі з ім было людзей?
— Пяцьдзесят два чалавекі аховы, але ўсе яны паўцякалі.
— Падай сігнал нашым людзям, што ў нас госці. Маленькі Джон затрубіў у ражок, і праз хвіліну на паляне выстраіліся сто сорак узброеных хлапцоў у пунсовых плашчах. Убачыўшы гэтых бравых малайцоў, манахі з трывогай глянулі на сваіх наўючаных коней.
Неўзабаве падалі абед. Манахі селі за стол, і Робін Гуд з Маленькім Джонам пачалі частаваць іх самымі смачнымі стравамі.
— Ешце, ешце, — запрашаў Робін Гуд старшага манаха.
— Вялікі дзякуй, ласкавы ёмен, — падзякаваў манах. — Я з задавальненнем паабедаю, стол у вас шчодры.
— З якога вы манастыра? — спытаў Робін Гуд.
— Святой Марыі,— адказаў манах.
Бровы Робін Гуда высока ўскінуліся, ён усміхнуўся.
— А якую вы ў ім пасаду займаеце?
— Я — галоўны келар, — важна адказаў манах. Робін Гуд зарагатаў.
— Чаго вы смеяцеся, ёмен? — спытаў келар.
— Мяне смех разбірае, як падумаю, што галоўны казначэй і аканом манастыра Святой Марыі завітаў да мяне ў госці якраз сёння, а не ў які-небудзь іншы дзень года, — адказаў Робін Гуд.