— А чым сённяшні дзень такі адметны?
— Тым, што роўна дванаццаць месяцаў таму назад я даў у доўг чатыры сотні фунтаў, якія належала заплаціць вашаму манастыру. Сёння мне павінны вярнуць гэтыя грошы. Можа, вы прывезлі мне іх?
— Я? — здзівіўся келар. — Ніякіх грошай я не прывёз. Каму вы пазычылі іх?
— Аднаму збяднеламу рыцару.
— Ну дык няхай ён і вяртае доўг.
— Разумееце, — спакойна сказаў Робін Гуд, — я падумаў, што гэта абат вырашыў вярнуць мне грошы. Мне здалося, што ў вашай паклажы іх нямала, — Робін Гуд павёў галавой у той бок, дзе ляжаў груз, зняты з коней.
— Там наогул грошай няма! — паспешліва крыкнуў келар. — Толькі адзежа ды сёе-тое з рэчаў.
— Зусім няма грошай? — на твары Робін Гуда адбілася здзіўленне. — I вы нічога не прыхапілі на дарожныя выдаткі?
— Ах, так, так, вы мне нагадалі,— спахапіўся манах. — Так, крыху ёсць. Дваццаць манет серабром. Паклажу развязваць не варта, ласкавы ёмен. Нічога каштоўнага там няма.
— I ўсё ж трэба распакаваць, — задумліва прамовіў Робін Гуд. — А раптам сама святая Марыя пажадала вярнуць грошы, якія ўзяў у нас бедны рыцар, і ператварыла вашы дваццаць манет серабра ў золата. Распакуй паклажу, Маленькі Джон.
Волат разаслаў на зямлі свой вялікі плашч, узяў адзін з куфэркаў, з цяжкасцю адчыніў і перакуліў яго. На плашч зіхатлівым вадаспадам пасыпаліся залатыя манеты.
— Цуд! — усклікнуў Робін Гуд. — О святая Марыя! Хіба я не казаў, што, магчыма, яна ператворыць серабро ў золата?
Маленькі Джон зламаў замок другога куфэрка, і на бліскучую груду манет са звонам паліўся яшчэ адзін залаты паток.
— Цуд! Цуд! — у адзін голас закрычалі разбойнікі і зайшліся ад рогату. Ім вельмі спадабаўся жарт атамана.
Келар, чорны як ноч, моўчкі пазіраў на высыпаны на плашч скарб.
— Палічы, колькі тут, Маленькі Джон, — загадаў Робін Гуд.
Грошай аказалася больш за восемсот фунтаў.
— Аддай манаху яго дваццаць манет, — зноў загадаў Робін Гуд свайму памочніку, і калі той адлічыў названую суму, сказаў келару: — Вось, калі ласка, манах, бяры. Мы не ўзялі з манастырскай казны ніводнага пені. Ты сам сказаў, што ў куфэрках было толькі дваццаць манет. Значыць, святая Марыя зрабіла цуд і прыслала нам цэлых восемсот фунтаў. Яна пажадала аддаць нам у два разы большы, чым узяў у нас рыцар, каб расплаціцца з настаяцелем яе манастыра.
— Шэльмы! Зладзеі! — разгневаўся келар. — Вярніце казну майго абата, а не, дык ён пракляне вас самымі страшнымі праклёнамі і нашле на вас пякельныя пакуты на гэтым і на тым свеце!
— А божухна! — усклікнуў Робін Гуд. — Вось як загаварыў пан галоўны келар! Пра казну ўспомніў, пагражае праклёнамі свайго абата! А мне не страшна. Я ні ў грош не стаўлю праклёны гэтага жорсткага і сквапнага папа, які гатовы адабраць ад удавы апошні шэлег, каб набіць свае куфры. Няўжо ты думаеш, манах, што я хоць крышачку баюся яго праклёнаў? Аддай, Маленькі Джон, келару яго верхавога каня, і няхай ён выбіраецца адсюль. Коні і паклажа застануцца ў нас.
Дружнымі воклічамі адабрэння сустрэлі разбойнікі рашэнне атамана. Келар, падумаўшы, таксама абрадаваўся, што яго адпускаюць цэлым і здаровым. Ён хуценька ўскарабкаўся на каня і паехаў разам са сваімі спадарожнікамі, якіх таксама адпусцілі.
Толькі манахі зніклі за лесам, як паказаўся сэр Рычард Лі. На дарогу ў яго пайшло значна больш часу, чым у Маленькага Джона. Той ляцеў галопам, а сэр Рычард ехаў павольна, бо шмат хто з яго людзей ішоў пеша.
— Хай беражэ вас бог, добры Робін Гуд, і ўвесь ваш хаўрус! — прывітаўся сэр Рычард, пад’ехаўшы бліжэй.
— З добрым прыбыццём, высакародны рыцар! — адказаў Робін Гуд. — Сардэчна запрашаю ў нашу зялёную пушчу. Як вы ўладзілі справы з манастыром Святой Марыі?
— О, яго настаяцель хацеў захапіць маю зямлю, — сказаў рыцар. — Дзякуючы вам, добры атаман, я выкупіў яе і вось прыехаў сёння, як абяцаў.
— А я падумаў, што сёння вас не ўбачу. Сонца ўжо амаль садзіцца.
— Даруй мне за спазненне. Я затрымаўся ў дарозе. Еду, бачу: спаборніцтва па барацьбе. На пераможца, на нейкага беднага ёмена, напалі несумленныя людзі. Вось я і застаўся, каб памагчы яму. Мне здаецца, гэта быў твой чалавек.
— Ага, сэр рыцар, гэта быў я і шчыра вам дзякую за дапамогу! — усклікнуў Маленькі Джон і выйшаў наперад. — Каб вы не заступіліся за мяне, патрабуючы справядлівасці, подлыя шэрыфавы леснікі расправіліся б са мной. Але я не пазнаў вас. Дзіўная з вамі зрабілася перамена.
— I я дзякую вам, сэр Рычард, — далучыўся да Маленькага Джона Робін Гуд. — Той, хто дапамагае каму-небудзь з нашых людзей, дапамагае і мне, а Маленькі Джон — мая правая рука. He ведаю, што б я рабіў без яго.