— Я рады, што быў вам карысны, — сказаў рыцар. — А ў гэтым мяху, добры Робін, чатыры сотні фунтаў. Няхай пералічаць і правераць, ці ўсе яны там. I вось вам маленькі падарунак за вялікую мне паслугу — яшчэ дваццаць залатых.
— Схавайце свае грошы, сэр рыцар, — засмяяўся Робін Гуд. — Доўг мне ўжо вярнулі.
— Вярнулі мой доўг? — здзівіўся сэр Рычард. — Што вы хочаце сказаць, добры Робін Гуд? У мяне ніколі не было прыяцеля, які б заплаціў за мяне такія вялікія грошы.
— Святой дзевай клянуся, такі прыяцель у вас знайшоўся, — рагатнуў Робін Гуд, — і вы здзівіцеся, пачуўшы яго імя, бо гэта не хто іншы, як сам настаяцель манастыра Святой Марыі.
— He можа быць! — рашуча прамовіў сэр Рычард. — Ніколі не паверу. Што вы! Хіба можна сабе ўявіць, каб тоўсты і сквапны стары шэльма абат па сваёй волі заплаціў мой доўг?
Робін Гуд зноў засмяяўся:
— Я не сказаў, што ён заплаціў па сваёй волі, сэр Рычард. Але ўсе грошы былі атрыманы з яго казны. Я поўнасцю разлічыўся з яго галоўным келарам, адпусціўшы гэтага манаха з мірам.
Сэр Рычард пачаў ужо здагадвацца, што здарылася. А калі пачуў пра цуд, які ператварыў дваццаць сярэбраных манет чорнага манаха ў восемсот залатых, ён весела зарагатаў.
— I ўсё ж, добры ёмен, — сказаў ён, — я прашу, каб вы ўзялі тое, што я вам вінен.
— Я не вазьму ў вас нават сярэбранага пені,— заявіў Робін Гуд. — Свае грошы я ўжо атрымаў, і ад таго, ад каго трэба. Лепш скажыце, сэр рыцар, навошта вам такі вялікі запас добрых лукаў і стрэл з прыгожым апярэннем? — Ён спытаў гэта, толькі каб загаварыць пра што-небудзь іншае.
Сэр Рычард растлумачыў:
— Разумееце, Робін, гэта мой вам сціплы падарунак.
Робін Гуд горача падзякаваў яму. Лукі і стрэлы ў прыгожых калчанах аддалі стралкам, якія прыйшлі ад іх у захапленне, бо зброю зрабілі самыя ўмелыя майстры і яна была сапраўды цудоўная.
— А цяпер, Маленькі Джон, схадзі ў скарбніцу і прынясі палавіну тых грошай, што заплаціў мне чорны манах. Манастыр Святой Марыі быў вінен нам чатырыста залатых, а келар прывёз восемсот.
Памочнік атамана прынёс чатырыста фунтаў, і Робін Гуд аддаў іх сэру Рычарду. Рыцар адмаўляўся браць, але Робін Гуд настояў на сваім.
— Быць рыцарам цяжка. Трэба мець шмат грошай, — сказаў ён. — А я тут, у лесе, мала трачу. I калі здарыцца так, што вы зноў трапіце ў бяду, прыходзьце да Робін Гуда, і ён падзеліцца з вамі тым, што будзе ў яго ў казне. А зараз мы накрыем стол для вас і вашых спадарожнікаў, бо ўсе вы, відаць, прагаладаліся пасля такога далёкага падарожжа.
I зноў прынеслі яду і пітво. Рыцар са сваімі людзьмі елі і пілі і дзякавалі свайго гасціннага гаспадара — сябра і заступніка ўсіх гаротных і прыгнечаных, ворага жорстскіх тыранаў.
Раздзел дваццаць першы
Робін Гуд у няволі
Такога цудоўнага ранку, як у тую нядзелю ў маі, даўно ўжо не бачыў Шэрвудскі лес. Шчодра прыгравала яркае сонца. Маладую лістоту дубоў пяшчотна лашчыў лёгкі подых ветрыку, свежага і духмянага. Трава стракацела рознакаляровымі дзікімі кветкамі. Плямістыя алені пакінулі адкрытыя сонцу пагоркі і разлегліся пад цяністымі шатамі дрэў. Гэта быў самы чароўны дзень ранняга лета, і прыпаў ён якраз на тройцын дзень.
— Які светлы радасны ранак! — сказаў Маленькі Джон Робін Гуду. — На душы так лёгка і весела, што, здаецца, няма на зямлі чалавека, шчаслівейшага за мяне.
Робін Гуд нічога яму не сказаў. Маленькі Джон зірнуў на свайго атамана і ўбачыў сум на яго твары.
— Кінь журыцца, атаман, — падбадзёрыў яго Маленькі Джон. — Глянь, якая цудоўная майская раніца!
— Мяне гняце думка, — сказаў Робін Гуд, — што ў такі ўрачысты дзень мне нельга пайсці ў царкву. Даўно ўжо не быў я там.
— Бліжэй, чым у Нотынгеме, царквы няма, — умяшаўся ў гутарку Мач Млынароў сын, які стаяў побач.
— Што ж, значыць, пайду ў Нотынгем, — рашуча сказаў Робін Гуд. — У царкву Святой Марыі.
Мач з Маленькім Джонам спрабавалі адгаварыць яго, але дарэмна.
— Нікому і ў галаву не прыйдзе, што я магу паявіцца ў горадзе ў нядзелю, — даводзіў ім Робін Гуд. — Надзену шэры плашч з вялікім капюшонам і насуну яго на самы твар. Небяспека не болылая, чым калі б я прагуляўся па лясной паляне.
— Калі так, атаман, — сказаў Мач, — вазьмі з сабою хоць бы тузін добрых хлапцоў са зброяй. Калі што здарыцца, яны дапамогуць табе.