Калі людзі пачулі, што сярод іх славуты разбойнік, узняліся шум і сумятня. Некаторыя стоўпіліся вакол Робін Гуда, іншыя пачалі прабівацца да дзвярэй, але леснікі перагарадзілі ім дарогу.
Робін Гуд зразумеў, што адзіная магчымасць выратавацца — рашуча атакаваць ворага і прабіцца да выхада. Са шчымлівай тугой ён падумаў: «Эх, каб побач са мной быў Маленькі Джон! Ды якраз сёння яго са мной няма…» Ён выхапіў меч і, як раз’юшаны леў, рынуўся на леснікоў.
Амаль два дзесяткі мячоў заблішчалі ў іх у руках. Але леснікі толькі заміналі адзін аднаму, штурхаліся, іх выпады былі занадта паспешлівыя, мячы са звонам сутыкаліся і не траплялі па цэлі. Шырокі ж клінок Робін Гуда мільгаў у паветры і паражаў ворагаў аднаго за другім.
— He забіваць яго! — крычаў шэрыф. — Збіць з ног і ўзяць жыўцом. Такі загад караля!
Робін Гуд пазнаў голас шэрыфа, імгненна павярнуўся і, высока занёсшы меч, кінуўся на свайго заклятага ворага. Шэрыф адхіснуўся і падставіў пад меч свой шчыт. Сталь са звонам ударылася аб сталь. Шчыт вылецеў з рукі шэрыфа. Меч з сілай апусціўся на шлем, і шэрыф упаў на падлогу. Каб на ім у той час не быў шлем з асобай гартаванай сталі, зроблены выдатным майстрам, ён развітаўся б з жыццём. Удар быў такі моцны, што шлем са звычайнай сталі раскалоўся б, быццам зроблены з паперы. Шлем шэрыфа вытрымаў удар. Меч Робін Гуда пераламаўся.
— Які каваль, такі і меч, — у роспачы прамовіў Робін Гуд. — Цяпер я бяззбройны сярод ворагаў.— Ён адкінуў убок абломак, падскочыў да чалавека, які трымаў у руках дубіну, але не паспеў вырваць яе, як леснікі накінуліся на яго ззаду, збілі з ног. На Робін Гуда адразу навалілася больш дзесятка ворагаў і прыціснула да падлогі. I толькі калі яму скавалі рукі і ногі, леснікі адышлі ад яго.
Шэрыф падняўся ўжо на ногі. Хоць галава ў яго моцна кружылася пасля ўдару Робін Гуда, ён ледзь не ашалеў ад радасці, калі ўбачыў разбойніка ў путах.
— Адвядзіце яго і кіньце ў самую глыбокую цямніцу! — загадаў ён.
Робін Гуда павялі і зачынілі ў вузкай камеры, у якую скрозь густыя краты маленькага акенца толькі ў самы поўдзень пранікала кволае святло. Сцены былі сем футаў таўшчынёю, дзверы запіраліся на завалу з трыма вісячымі замкамі.
— Хай паспрабуе ўцячы адтуль! — пераможна сказаў шэрыф. — Гэтага магутнага ліхадзея я пасадзіў за яшчэ больш моцныя сцены. Волі ён ужо не ўбачыць!
— Навошта мець лішні клопат? — сказаў келар, якому карцела хутчэй убачыць свайго ворага на шыбеніцы. — Чаму не павесіць адразу? Колькі разоў я чуў, як вы гразіліся, што накінеце яму на шыю пятлю, як толькі схопіце яго.
— I зрабіў бы так, каб гэта залежала толькі ад мяне, — злосна буркнуў шэрыф. — А яшчэ лепш, загадаў бы закалоць яго на месцы. Так і хацеў, але не пасмеў.
— Чаму ж не пасмелі? — не зразумеў манах. — Хто можа перашкодзіць шэрыфу?
— Той, хто стаіць над намі ўсімі,— амаль шэптам адказаў шэрыф. — Кароль! Я атрымаў загад караля прывезці Робін Гуда да яго, як толькі злаўлю. Кароль столькі начуўся пра гэтага дзёрзкага разбойніка, што хоча паглядзець на яго і пагаварыць.
Манах нейкі час маўчаў, зморшчыўшы лоб у глыбокім роздуме. Нарэшце сказаў:
— Пан шэрыф, злачынца высачыў і перадаў у вашы рукі не хто іншы, як я. Так?
— Так, вы, — пацвердзіў шэрыф.
— У такім разе я патрабую права самому паведаміць каралю пра яго арышт.
— Во, во, — зарагатаў шэрыф. — Спадзеяцеся атрымаць ад яго вялікасці цёпленькае месца ў царкве?
— Калі за тое, што я зрабіў, належыць узнагарода, дык зусім лагічна, што яе павінен атрымаць я, — рашуча прамовіў келар.
— Я не пярэчу, — адказаў шэрыф, — і ад усёй душы жадаю вам атрымаць якое-небудзь багатае абацтва. Вы зрабілі мне вялікую паслугу, і я сёння ж пасля абеду напішу каралю і раскажу пра ваш подзвіг.
— А я павязу пісьмо ў Лондан заўтра на світанні,— сказаў манах і пайшоў рыхтавацца да падарожжа.
Цэлы дзень Нотынгем гуў, як разварушаны пчальнік. Людзі збіраліся на вуліцах, перадавалі адно аднаму вестку пра арышт Робін Гуда. Вакол кожнага з тых, хто быў той раніцай у царкве Святой Марыі, збіраўся натоўп гараджан, якія з цікавасцю і хваляваннем слухалі расказ пра тое, як адважна біўся са стражнікамі славуты атаман разбойнікаў.
Але за сцены горада не выйшла ні слова пра тое, што тут адбылося. Шэрыф падвоіў варту каля варот і строга загадаў нікога не прапускаць ні з горада, ні ў горад, пакуль не стане вядома, як вырашыў лёс Робін Гуда кароль.
— Калі з Нотынгема ніхто не выйдзе, — гаварыў шэрыф, — Робін Гуд не зможа ўцячы ад нас. А калі ніхто не ўвойдзе, яго разбойнікам не ўдасца прабрацца ў горад, каб вызваліць свайго атамана.