Калі ён з Мачам пад’ехаў да горада, вароты былі наглуха зачынены. Маленькі Джон пачаў моцна стукаць і клікаць брамніка. Неўзабаве той паказаўся на гарадской сцяне і спытаўся, што яму трэба.
— Што гэта значыць? — закрычаў Маленькі Джон, зрабіўшы выгляд, быццам вельмі здзіўлены. — Гарадскія вароты на замках і завалах сярод белага дня! Ты што, заспаў, брамнік?
— Вароты зачынены і ўдзень і ўночы, бо злавілі Робін Гуда і ён сядзіць у глыбокім падзямеллі,— адказаў брамнік. — Мы нікога не пускаем у горад, каб не прабраліся разбойнікі. Яны хочуць уварвацца ў Нотынгем, страляюць у вартаўнікоў, калі ўбачаць іх на сценах. Ужо некалькі нашых забілі.
— А мяне ты мусіш прапусціць, бо я прывёз шэрыфу загад ад самога караля!
Пачуўшы гэтыя словы, брамнік адчыніў бакавую фортку, прапусціў пасланцоў караля і хуценька зачыніў яе зноў. Маленькі Джон убачыў, што вароты ахоўвае вялікі атрад узброеных коннікаў і пешых лучнікаў.
— Мне трэба як хутчэй убачыць шэрыфа, — заявіў Маленькі Джон начальніку, і яго павялі да шэрыфа. Яны засталі яго ў гасцінай.
— Я прывёз загад караля, — сказаў Маленькі Джон і выняў з-за пазухі каралеўскую пячатку.
Шэрыф убачыў пячатку, падхапіўся з крэсла, зняў шапку і пакланіўся, быццам перад ім стаяў сам Рычард Львінае Сэрца.
— Што загадвае яго вялікасць кароль? — спытаў шэрыф.
Маленькі Джон пераказаў яму каралеўскі загад.
— А што зробяць са злачынцам, калі вы прывезяце яго ў Лондан? — пацікавіўся шэрыф.
— Гаварылі, што яго павесяць на шыбеніцы, — адказаў Маленькі Джон.
— Добра! Вельмі добра! — зларадна пацёр рукі шэрыф. — Нягоднік заслужыў такі канец. А дзе чорны манах, якому я даручыў везці маё пасланне? Ён спадзяваўся атрымаць ад караля ўзнагароду за прыемную вестку.
— Ён атрымаў яе, — сказаў Маленькі Джон. — Такую вялікую, што ў Нотынгем ужо не вернецца. Яго ўзнагародзілі па заслугах.
— Грашамі ці зямлёй?
— Зямлёй. Ён атрымаў досыць зямлі і вельмі задаволены шчодрасцю. А цяпер я, пан шэрыф, і мой спадарожнік пойдзем у карчму, падсілкуемся і адпачнём, бо вельмі здарожыліся і прагаладаліся. Заўтра ж нам трэба везці разбойніка ў Лондан.
— He, не! — сказаў шэрыф. — У карчму сёння я вас не пушчу. Будзеце маімі гасцямі. Вечарам мы наладзім банкет. Няхай ведае кароль, як гасцінна я прымаю яго пасланцоў.
Увечары ў доме шэрыфа ўсе пілі за здароўе яго вялікасці караля Англіі і за смерць Робін Гуда. Маленькі Джон з Мачам толькі рабілі выгляд, што п’юць.
Маленькі Джон і Мач размясціліся ў невялікім пакойчыку, дзверы якога выходзілі ў залу. Мач лёг на сенніку ў нагах Маленькага Джона. Сябры пачакалі, пакуль у доме сцішыцца, а потым усталі, накінулі на сябе плашчы і ўзялі ў рукі мячы. Ціхенька выйшлі ў залу і пачалі красціся да шэрыфавай спальні. Ступалі вельмі асцярожна, бо ўсюды — і ля каміна, і на матах, раскіданых на падлозе, — ляжалі шэрыфавы людзі. Яны, перапіўшыся, моцна спалі.
Маленькі Джон з Мачам праніклі ў спальню шэрыфа. Ён таксама спаў моцным сном. Маленькі Джон смела зняў з яго пальца пярсцёнак. Ён быў ім патрэбны.
Вартаўнік каля парадных дзвярэй таксама хроп. Сябры спакойна выйшлі з дома і па цёмных начных бязлюдных вуліцах пайшлі да турмы. Там яны пастукалі эфесамі мячоў у акаваныя жалезам дзверы.
Грукат пранёсся па турэмных калідорах, падняў на ногі начальніка варты. З факелам у руцэ ён падышоў да дзвярэй.
— Хто там? — спытаў турэмшчык. — Што вам трэба?
— Робін Гуд уцёк з турмы! — закрычаў Маленькі Джон. — Ты нядбайны турэмшчык!
— Няпраўда, ты лжэш, — сказаў начальнік варты. — Ён сядзіць у самай глыбокай падземнай камеры. Толькі што я сам бачыў яго ў путах.
— I ўсё ж мы павінны праверыць, каб пераканацца, што ён у цямніцы, — рашуча сказаў Маленькі Джон.
— А хто вы такія?
— Мы пасланцы караля. У нас ёсць знак ад шэрыфа.
У дзвярах было невялічкае акенца з кратамі, і праз яго турэмшчык бачыў тых, што патрабавалі пусціць іх у турму. Святло факела пранікала праз акенца, і Маленькі Джон паднёс пад яго чырванаваты водбліск пярсцёнак шэрыфа. Начальнік варты пазнаў пярсцёнак і адчыніў дзверы. Маленькі Джон пераскочыў цераз парог і схапіў турэмшчыка за горла, каб той не мог сваім крыкам успудзіць каравул. Мач таксама ўскочыў у калідор і звязаў турэмшчыка па руках і нагах вяроўкай, якую загадзя прыпас і прынёс пад плашчом.
Галаву турэмшчыка захуталі яго ж курткай. Вялікая вязка ключоў, што вісела на рэмені, апынулася ў руках Маленькага Джона.