Выбрать главу

— Цяпер за турэмшчыка буду я, — сказаў Маленькі Джон і запёр начальніка варты ў адну з падземных цямніц.

Потым з факелам у руцэ спусціўся па каменнай лесвіцы ў глыбокае падзямелле, дзе было шмат дзвярэй, але толькі адны зачыненыя на тры вісячыя замкі. Маленькі Джон падумаў, што менавіта ў гэтай камеры пакутуе яго атаман, і пачаў падбіраць ключы, устаўляючы іх адзін за адным у замочную шчыліну.

Нарэшце шосты ці сёмы ключ падышоў, і першы замок адамкнуўся, потым адамкнуліся і астатнія два. Маленькі Джон зняў цяжкую жалезную завалу з тоўстых прабояў, адчыніў дзверы і зайшоў у камеру. У дальнім кутку на саломе ляжаў звязаны чалавек. Калі полымя факела асвяціла яго постаць, Маленькі Джон пазнаў свайго атамана і падбег да яго. Робін Гуд прыўзняўся. Ён часта-часта маргаў, бо святло факела асляпіла яго пасля многіх дзён амаль апраметнай цемры.

— Атаман! Атаман! Гэта я! Уставай, бяжым!

— Маленькі Джон! — здзіўлена прашаптаў Робін Гуд, не верачы сваім вачам, хоць і пазнаў вернага друга.

— Я, я, гэта я! — Маленькі Джон разрэзаў вострым нажом вяроўкі на Робін Гудзе, дастаў з-пад плашча запасны меч і даў яго атаману. Той усхапіўся на ногі, радуючыся, што вызваліўся ад путаў і цяпер можа з мячом у руцэ змагацца за сваё жыццё.

Раптам яны пачулі папераджальны вокліч Мача, які застаўся наверсе, каб ахоўваць выхад з турмы. Сябры рынуліся наверх, дзе чуўся звон мячоў і гул галасоў. На двары яны ўбачылі, што Мач адбіваецца ад пяці салдат варты. З ваяўнічым клічам Маленькі Джон кінуўся на салдат, за ім — Робін Гуд. Праз хвіліну яны адцяснілі варту і загналі назад у вартоўню.

— Бяжым! Бяжым! — крыкнуў Маленькі Джон. — Шум хутка падыме на ногі ўвесь горад. За мной! — і пабег да выхада з турмы.

— Да Заходніх варот! — загадаў Робін Гуд, калі яны выбеглі на вуліцу. — Там самая слабая варта.

Але ў гэты момант над іх галовамі зазвінеў, загуў вялікі звон гарадской вежы. Нехта шалёна біў у набат.

— Цяпер ужо нідзе не будзе слабой варты, атаман! — закрычаў Маленькі Джон пад аглушальны гул, што нёсся над начным горадам. — Набат усіх падыме на ногі, і хутка ўсе вуліцы запрудзяць ворагі. Сюды! Бяжыце сюды! — і памчаўся па вузкім завулку. Мач з Робін Гудам пабеглі за ім.

Ноч выдалася бязмесячная. У вузкіх праходах між дамоў было хоць вока выкалі, сябры не бачылі адзін аднаго.

Маленькі Джон на імгненне спыніўся і ўсунуў у рукі Робін Гуду крысо свайго плашча, а той падаў Мачу крысо сваёй курткі. Трымаючыся адзін за аднаго, яны пабеглі далей. Маленькі Джон кідаўся то ў адзін завулак, то ў другі, бо ведаў кожны куточак у Нотынгеме і нават ноччу мог знайсці дарогу.

Нарэшце ён спыніўся пад нейкай аркай. Уцекачы стаіліся і прыслухаліся. Гоман і крыкі на вуліцах рабіліся ўсё гучнейшыя, набатны звон не пераставаў грымець, у вокнах замільгалі агеньчыкі, гараджане пачалі выскокваць з дамоў.

— Што здарылася? Пажар ці грабежнікі напалі на горад? — чуліся крыкі.

— Пастаім тут, пакуль на вуліцах не збяруцца людзі,— сказаў таварышам Маленькі Джон. — А тады змяшаемся з імі, і нас ніхто не пазнае.

Неўзабаве паўз іх прабеглі некалькі гараджан з палкамі і алебардамі ў руках і двое ці трое з ліхтарамі. Праз некалькі хвілін ужо шмат людзей мітусілася на вуліцах, пыталі адзін у аднаго, што здарылася. Тром сябрам можна было цяпер пакінуць сваё сховішча і далучыцца да натоўпу, не баючыся, што на іх звернуць увагу.

Маленькі Джон зноў павёў сяброў, і хутка яны зразумелі, што ідуць да майстэрні шаўца Лоба. Калі падышлі да веснічак, нехта на вуліцы гучна сказаў:

— З турмы ўцёк разбойнік Робін Гуд. Каля ўсіх варот моцная ахова. Есць загад абшукаць у горадзе кожны дом.

— Навіна якраз для нас, — ціхенька засмяяўся Маленькі Джон. — Трэба як мага хутчэй выбірацца з горада.

Ён хуценька падышоў да акна Лобавай майстэрні і лёгенька пастукаў у аканіцу. Шавец адчыніў аканіцу. Акенца было невялічкае, без шкла — проста вузкая адтуліна ў сцяне. Маленькі Джон усунуў у яе галаву.

— Лоб, — прашаптаў ён, — ты дома адзін?

— Адзін, Джон, — таксама шэптам адказаў шавец, пазнаўшы голас памочніка Робін Гуда.

— Дык хутчэй адчыняй дзверы і дай нам зайсці.

Шавец таропка адчыніў дзверы, і ўцекачы ўвайшлі ў дом. Лоб зноў зачыніў аканіцу і запаліў лямпу. Тут ён убачыў Робін Гуда і аж заззяў ад шчасця. Атаман на свабодзе!

— А цяпер не марудзь, Лоб, — сказаў Маленькі Джон. — Нам трэба як мага хутчэй выбрацца з горада.

— Падымайцеся па гэтай лесвіцы на дах, — сказаў шавец. — Там ляжыць скручаная вяроўка.