Зялёныя стралкі ўвайшлі ў замак пад ахову яго моцных каменных сцен. Калі шэрыф са сваім войскам падступіўся да рова, ён пачуў толькі, як ляснула апускная рашотка і зарыпеў пад’ёмны мост, які ўзняўся ўгору перад самым іх носам.
Сэр Рычард вызірнуў па-над сцяной замка:
— Сэр, я адказваю за свой учынак і гатовы заплаціць за яго сваімі землямі. Ідзіце да караля, і няхай ён скажа вам сваю волю. А пакуль што Робін Гуд і яго людзі знойдуць надзейны прытулак у маім замку.
Шэрыф паскакаў у Лондан і далажыў усё каралю.
— Клянуся каронаю і рыцарскім званнем, — сказаў Рычард Львінае Сэрца, — людзі гэтыя верныя ў дружбе. Чым больш я чую пра іх, тым больш мне хочацца сустрэцца з імі і пагаварыць. Вяртайцеся назад, шэрыф, і не хвалюйцеся. Я хутка прыеду ў Нотынгем і сам ва ўсім разбяруся.
Шэрыф панурыўся, расчараваны. Ён думаў, што кароль загадае яму падняць усё графства супраць сэра Рычарда Лі. Але яму давялося з крыўдай у душы вяртацца дамоў ні з чым і чакаць прыезду караля.
А тым часам Рычард Лі шчодра частаваў Робін Гуда і яго таварышаў, а жонка клапатліва лячыла Маленькага Джона і астатніх параненых.
Раздзел дваццаць трэці
Кароль Рычард сустракаецца з Робін Гудам
Праз некаторы час кароль Рычард Львінае Сэрца прыехаў у Нотынгем з намерам сустрэцца з Робін Гудам. З вялікім атрадам рыцараў ён выправіўся ў Шэрвудскі лес, спадзеючыся натрапіць на стан разбойнікаў або выпадкова стрэць каго-небудзь з іх. Але хоць і прачэсвалі лес ва ўсіх кірунках, нічога і нікога не знайшлі. Лес быў пусты і маўклівы. Нідзе ні жывой душы. Толькі алені іншы раз прабягалі між дрэў ды пад ветрам гайдалася голле магутных дубоў.
Кароль Рычард упарта працягваў пошукі. Лес прачасалі ўдоўж і ўпоперак, але марна. З такім жа поспехам ён мог бы спакойна сядзець у Лондане на сваім троне. Паход у Шэрвудскі лес сустрэчы з Робін Гудам не наблізіў.
— Каралеўствам прысягаю, — сказаў нарэшце Рычард, — усё гэта вельмі дзіўна. Мне казалі, што людзі Робін Гуда аж кішаць у Шэрвудскім лесе, што ніхто не пройдзе нават па самай глухой сцежцы, каб яны яго не заўважылі. А мне яшчэ не трапіўся на вочы ні адзін чалавек.
I не дзіва. Робін Гуд паклапаціўся пра тое, каб кароль нікога не ўбачыў. Ён любіў Рычарда Львінае Сэрца і не хацеў, каб нават волас упаў з галавы караля або яго світы, таму строга загадаў сваім людзям не выходзіць на дарогі і сцежкі, трымацца далей ад іх.
Лясныя стралкі старанна выконвалі яго загад. Шмат ужо разоў, схаваўшыся ў лясным гушчары або ў хмызняку, яны бачылі рыцараў у бліскучых даспехах і ўсміхаліся, назіраючы за каралём і яго лордамі з блізкай адлегласці, але ні разу не напялі яны цеціву лукаў і ніводзін гук не выдаў іх прысутнасці.
Аднаго дня Рычард пачаў са шкадаваннем гаварыць, што Робін Гуд, відаць, знік з твару зямлі. Стары ляснік, які стаяў побач, усміхнуўся і сказаў:
— He, мой гасудар, ён тут, у лесе. Гэта такая ж праўда, як тое, што я стаю перад вамі. Вы, ваша вялікасць, можаце лёгка сустрэцца з ім.
— Якім чынам? — спытаў кароль.
— Вы, мой гасудар, ходзіце, закуты ў браню, з вялікім узброеным атрадам. Хіба ж разбойнікі ў сваіх зялёных куртках выстаяць супраць вас, закаваных у жалезныя кальчугі? А калі вы адзенецеся як абат, тоўстыя сумкі якога абяцаюць багатую здабычу, ручаюся, ваша вялікасць, Робін Гуд не прымусіць сябе доўга чакаць.
Каралю Рычарду спадабаўся гэты план. Такая прыгода якраз па яго натуры. Ён вярнуўся ў Нотынгем і на другі дзень непрыкметна выехаў з горада ва ўборы абата, узяўшы з сабой толькі паўтузіна чалавек світы, апранутых як манахі, і двух уючных коней з цяжкай паклажай.
He паспеў ён паглыбіцца і на тры мілі ў лес, як раптам яму загадалі спыніцца. На павароце дарогі з гушчару выйшаў чалавек у прыгожым зялёным адзенні з лукам у руцэ і калчанам стрэл на поясе і ўзяў за аброць абатавага каня. У вачах у яго іскрыліся вясёлыя агеньчыкі, калі ён далікатна сказаў:
— Пане абат, зрабіце ласку, затрымайцеся крыху тут са мной і маімі людзьмі,— і памахаў сваім лукам.
З кустоў адразу выскачылі каля дваццаці бравых малайцоў і акружылі падарожнікаў. Камандаваў імі высокі ёмен, на твары якога расплылася шырокая ўсмешка, калі ён убачыў цяжкую паклажу на конях. Рычард уважліва паглядзеў на яго і пазнаў Маленькага Джона. Ён перавёў позірк на чалавека, які трымаў яго каня, і здагадаўся, што перад ім стаіць Робін Гуд. Нарэшце!