Выбрать главу

— He, атаман, — запярэчыў брат Тук, — я не дам табе выкруціцца ад заслужанага пакарання. Чаго можна чакаць ад гэтага лянівага абата? Удар яго — не мацнейшы за дотык трысцінкі.

— Годзе, манах, замаўчы! — не сцярпеў Рычард. — Ты не адзіны чалавек у сутане, у каго ёсць трохі сілы ў руцэ!

— Нічога ў цябе ў руцэ няма, — пагардліва сказаў манах. — На вось, стукні мяне. Я нават не пачую, што нешта даткнулася да майго вуха.

— Ах так! — падхапіўся абат. — Дык давай дамовімся, манах. Я падстаўляю пад твой кулак сваю галаву, а ты падстаўляеш пад мой сваю.

— Я першы б’ю? — загарэўся брат Тук.

— Добра, — згадзіўся абат.

— Клянуся абедняй, мне не давядзецца падстаўляць сваю галаву! — весела крыкнуў Тук.

Брат Тук закасаў правы рукаў сваёй сутаны. Мускулы вузламі перакочваліся на яго руцэ, калі ён сціскаў і расціскаў магутны кулак.

Стралкі хуценька ўтварылі круг. Абат бясстрашна стаў пасярэдзіне, чакаючы ўдару задзірлівага манаха.

— Святой дзевай клянуся, — прамармытаў Робін Гуд, — абат гэты прыгожа складзены!

Велічная постаць Рычарда Львінае Сэрца была на галаву вышэйшая за дзябёлую прысадзістую постаць брата Тука. Тук з усяе сілы стукнуў Рычарда. Той нават не варухнуўся. Толькі капялюш зляцеў з галавы і ўпаў на траву за дваццаць крокаў ад яго.

Стралкі закрычалі ад захаплення. Нарэшце такі знайшоўся чалавек, які ўстаяў пад магутным кулаком брата Тука!

— Цяпер мая чарга, брат, — сказаў абат. Тук, ні слова не сказаўшы, стаў пасярэдзіне круга.

Абат закасаў правы рукаў і ўдарыў манаха с такой сілай, што той кулём паляцеў на зямлю, быццам маланкай забіты.

Лес задрыжаў ад рогату. I гучней за ўсіх смяяліся тыя стралкі, што адведалі цяжкі кулак капелана. Нарэшце ён паспытаў таго самага! Адзін толькі Робін Гуд не смяяўся.

«Здаецца, я пралічыўся, — падумаў ён. — Незнаёмец гэты дужэйшы за нашага капелана».

I ўсё ж ён стаў перад абатам, каб атрымаць пакаранне за няўдалы стрэл. Той ударыў, і Робін Гуд расцягнуўся на зямлі, а з абата зноў зляцеў капялюш.

— Скажу вам шчыра, пан абат, вы магутны чалавек, — сказаў Робін Гуд, падымаючыся і паціраючы скроню. — Мне і ў сне не снілася, што ў руцэ царкоўніка можа быць такая сіла.

Ён пачаў уважліва разглядаць твар абата, і яго ўзяло сумненне, ці сапраўды перад ім стаіць духоўная асоба. Ніколі яшчэ не даводзілася яму бачыць такога мужнага прыгожага твару, такіх ясных, разумных і шчырых вачэй, такой вясёлай, задорнай усмешкі, на якую хацелася адказаць такой жа радаснай і прыветлівай усмешкай. Раптам сумненне змянілася здзіўленнем. Маленькі Джон упаў перад абатам на калені і закрычаў:

— Прашу літасці, гасудар, прашу літасці!

— Чаго ты так спужаўся, Маленькі Джон? — здзівіўся Робін Гуд. — Сваё ты ўжо атрымаў, кулак гэтага здаравякі табе не пагражае.

Але Маленькі Джон не сунімаўся:

— Літасці, літасці, гасудар!

Ёмены няўцямна ўтаропіліся на волата. Тут на паляну выехаў сэр Рычард Лі. Як толькі рыцар убачыў абата, ён хуценька саскочыў з каня і стаў на калена побач з Маленькім Джонам. Усе ад здзіўлення ажно ахнулі.

— Што верны рыцар можа зрабіць для свайго караля? — прамовіў сэр Рычард Лі.— Калі патрэбны мае паслугі, загадвайце, ваша вялікасць.

— Кароль! — усклікнуў Робін Гуд.

— Кароль! — рэхам пракацілася па лесе. Стралкі ўсе як адзін апусціліся на калені перад чалавекам у адзенні абата.

— Даруйце нам, ваша вялікасць, наш добры і слаўны гасудар, — сказаў Робін Гуд. — Пад гэтым запаветным дубам даруйце маім людзям і мне.

Рычард Львінае Сэрца ўсміхнуўся і сказаў:

— Я дарую вам — табе і тваім стралкам. Такім удалым малайцам лепш служыць свайму каралю, чым хавацца ад закону ў лесе. Што скажаш, Робін Гуд? Хочаш служыць мне?

— Вельмі хачу, гасудар, — адказаў Робін Гуд. — Я ваш верны слуга з гэтага дня і павек. — I ўся лясная вольніца паўтарыла яго словы і дружна прысягнула на вернасць Рычарду Львінае Сэрца.

— Можа, у цябе, Робін, знойдзецца якое-небудзь адзенне з зялёнай тканіны? — спытаў кароль. — Бо, клянуся гонарам, я ахвотна змяніў бы гэты змрочны ўбор на што-небудзь вясёленькае. — Рычард скінуў з сябе абацкую мантыю.

— У нас, ваша вялікасць, зялёных плашчоў і куртак шмат, — сказаў Робін Гуд, і неўзабаве кароль і яго спадарожнікі адзеліся ў зялёныя курткі і плашчы лясных разбойнікаў.

У гэтым убранні кароль і світа вярнуліся ў Нотынгем. З імі быў Робін Гуд і ўся яго лясная дружына.

Калі яны падышлі да горада, там узнялася паніка.

— Кароль забіты! — пачуліся крыкі.— На Нотынгем ідуць лясныя разбойнікі! Яны хочуць захапіць горад і ўсіх нас перабіць!