— Няхай жыве Робін Гуд! — крычалі разбойнікі.— Яшчэ ніколі наш слаўны Шэрвудскі лес не бачыў такога майстэрства!
— Ну, што цяпер скажаце, сябры? — усклікнуў Мач. — Хіба ж не яму, каралю стралкоў, быць нашым правадыром і атаманам?
— Яму! Яму! — як адзін закрычалі разбойнікі.— З Робін Гудам на жыццё і на смерць!
Усе па чарзе пакляліся ў вернасці свайму маладому правадыру, і першыя прысягнулі Мач Млынароў сын і Уот — тыя, каго Робін Гуд выбавіў з рук леснікоў. Наступны быў Джон Форд, які прайграў у спаборніцтве з Робін Гудам, а потым Уіл Ст’ютлі, яго таварыш па ўцёках, і ўсе астатнія.
— Паслухайце, таварышы мае, — сказаў Робін Гуд, калі ўсе прысягнулі на вернасць. — Вось законы, абавязковыя для ўсіх. Першы: змагацца з усімі нарманскімі прыгнятальнікамі, якія будуць рабаваць сапраўдных гаспадароў гэтай зямлі — саксонскіх нашых братоў. Другі: мы ніколі не ўчынім разбою і гвалту над людзьмі беднымі і гаротнымі, а будзем дапамагаць ім. Трэці: ніколі ніводная жанчына, багатая ці бедная, нарманка ці саксонка, не павінна баяцца нас. Вось тры законы нашага брацтва.
Усе згадзіліся строга выконваць законы Робін Гуда.
Яны ўсё яшчэ стаялі гуртам каля дуба, як раптам з-за дрэў, дробненька тупаючы нагамі, паспешліва выйшаў маленькі згорблены чалавек.
— Глядзіце, нехта ідзе! — выгукнуў Уіл Ст’ютлі. Ён першы ўбачыў чалавека.
— Гэта друг, — супакоіў яго Мач. — Лоб, шавец з Нотынгема. Ён — нашы вушы і вочы ў горадзе і закадычны прыяцель некалькіх шэрыфавых прыслужнікаў. Ад іх даведваецца, што задумаў шэрыф супраць нас. Вітанне, Лоб! — сказаў ён маленькаму гарбуну. — Якія навіны прынёс?
— Беражыцеся. Шэрыф збірае супраць вас вялікі атрад леснікоў,— сказаў Лоб. — Ён у шаленстве, бо ўчора з засады забілі галоўнага лесніка і двух яго людзей, і ён прысягнуў, што за кожнага з іх павесіць па разбойніку. Трох страціў — трох павесіць. Але асабліва гневаўся на нейкага нетутэйшага, я нават імя яго раней не чуў. На рыначнай плошчы паразвешаны аб’явы. Той, хто зловіць нейкага Роберта Фітцата, або Робін Гуда, ці прывязе яго мёртвым, атрымае тры сотні сярэбраных пенсаў.
— Сапраўды шчодрая ўзнагарода! — усклікнуў Мач. — Бачыш, атаман, як высока цэніць цябе нотынгемскі шэрыф.
Ён пашаптаўся з Робін Гудам, і той моўчкі кіўнуў галавой.
Нейкае дзіўнае пачуццё нахлынула на Робін Гуда. Вось перад ім чалавек, які на свае вочы бачыў аб’яву з абяцаннем узнагароды за яго галаву. I першы раз ён адчуў, што сапраўды абвешчаны па-за законам.
Мач узняў над галавой свой лук і закрычаў:
— Слава нашаму міламу Шэрвудскаму лесу! Слава нашаму храбраму атаману Робін Гуду, каралю стралкоў, а цяпер яшчэ і каралю разбойнікаў!
Усе далучыліся да яго воклічаў, і вочы Робін Гуда заіскрыліся, твар пасвятлеў. Што ж, няхай яго лічаць разбойнікам. Вакол яго неабсяжны лес і атрад паплечнікаў — і яму не страшныя ніякія нарманскія шэрыфы.
Раздзел трэці
Самы верны сябар Робін Гуда
Навіна, якую прынёс шавец з Нотынгема, спраўдзілася. Шэрыф выправіў супраць мяцежнікаў вялікі, добра ўзброены атрад. Стражнікаў было так многа, што людзі Робін Гуда пакінулі Шэрвудскі лес і стаіліся ў другой вялікай пушчы — Барнасдэйлскай, у графстве Йоркшыр. Але шэрвудскае прыстанішча падабалася ім больш, і яны вярнуліся туды, як толькі дачуліся, што раз’юшаны шэрыф ужо не шукае іх.
Робін Гуд зразумеў, што ў яго вельмі маленькае войска, каб супрацьстаяць нарманскім карнікам, і пачаў шукаць адважных і спрытных людзей. ІНмат вольных сялян — ёменаў, якіх давялі да роспачы жорсткія паны, імкнулася далучыцца да яго атрада, але Робін Гуд браў толькі самых смелых, самых дужых і верных. Калі ён дазнаваўся, што ў лесе з’явіўся храбры і кемны чалавек, ён рабіў усё, каб залучыць яго ў атрад, і рэдка калі цярпеў няўдачу. I мала-памалу вакол яго згуртаваліся самыя адборныя малайцы, выдатныя стралкі з лука. Пра іх нават пайшла пагалоска, што адзін стралок Робін Гуда варты чатырох звычайных.