Выбрать главу

— Пахавай мяне там, дзе ўпадзе страла, — прашаптаў ён. — Папрасі маіх верных сяброў, каб яны выкапалі мне глыбокую магілу. Пакладзі мне пад галаву зялёную дзярніну, а збоку — мой добры лук.

Маленькі Джон моўчкі кіўнуў галавой. Ад хвалявання яму сціснула ў горле. Робін Гуд так і памёр, не адрываючы вачэй ад лесу.

Так скончылася жыццё Робін Гуда.

Але слава яго не памерла. З пакалення ў пакаленне перадавалі людзі яго імя. Просты люд Англіі ніколі не забываў яго і верных яму паплечнікаў. Пра многіх каралёў і дзяржаўных дзеячаў народ з цягам часу забываўся. Хоць у летапісах былі запісаны іх імёны і справы, ды чыталі гэтыя кнігі толькі вучоныя кніжнікі і шкаляры. А менестрэлі і барды складалі балады пра Робін Гуда і яго слаўных стралкоў. Народ пераказваў і спяваў гэтыя балады з любоўю і хваляваннем, бо ў іх расказвалася пра народнага героя — заступніка беднякоў, ворага прыгнятальнікаў, адважнага, шчырага, справядлівага і далікатнага чалавека, які ўвасабляў у сабе ўсе якасці, дарагія сэрцу англійскага селяніна.

Згодна паданню, яго пахавалі там, дзе ўпала яго апошняя страла. На магільным камяні быў высечаны надпіс:

«Пад гэтым каменем-плітой Знайшоў граф Хантынгдан спакой. Стралок ляжыць цудоўны тут — Разбойнік слаўны Робін Гуд. Такіх, як гэты чалавек, He ўбачыць Англія павек».

Неўзабаве пасля смерці Робін Гуда лясная вольніца распалася, і ніякіх звестак пра лёс зялёных стралкоў да нас не дайшло. Але за гонар мець на сваёй зямлі магілу Маленькага Джона спрачаюцца Англія, Шатландыя і Ірландыя. Ва ўсіх гэтых краях ёсць магіла, якую лічаць месцам пахавання вернага паплечніка Робін Гуда. Некаторыя знаўцы сцвярджаюць, што ён пахаваны ў вёсцы Хезерэдж у графстве Дарбішыр пад вялікім каменем на ўсю даўжыню магілы.

Вечная памяць вам, слаўныя разбойнікі Робін Гуд і Маленькі Джон.