Выбрать главу

Ніл Гілевіч

СКАЗ ПРА ЗАЛАТОЕ ПЁРКА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Сказ пра залатое пёрка: Вершы — Маладэчна: Выдавецтва, 2005. — 64 с., Бібліятэчка часопіса «Куфэрак Віленшчыны» № 10

Рэдактар: Міхась Казлоўскі

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

ЯК ЖА СТАЛАСЯ?

Не павераць, напэўна, нашчадкі, Што такія былі ў нас парадкі, Што дурнілі нас так верхаводы - Ненавіснікі нашай свабоды, Нашай мовы, і кнігі, і песні, Нашых скарбаў і нашых святынь, - Усяго, што мы ў душах пранеслі Праз стагоддзяў смяротную стынь.
Як жа сталася, як гэта выйшла, Што пад выжлаю шчэрыцца выжла, А пад быдлам скацініцца быдла, А пад хлусам крыўляецца хлус, А пад злодзеем хмыліцца злодзей, А пад лёкаем мыліцца лёкай, А пад гнусам капогаыцца гнус, А пад гэтым усім - беларус?
2002

А ПАВІННЫ, А МУСІМ...

Беларускую справу Трэба, хлопцы, рабіць Не цяп-ляп, а на славу. Справу трэба любіць!
Цяпам-ляпам, паспешна, Мы і цэлым гуртом Не збудуем належна. Беларускі наш дом.
А павінны ж, а мусім Так яго збудаваць, Каб майстроў Беларусі Свет з'язджаўся вітаць.
А павінны, а мусім Так свой гонар явіць - Каб у дом Беларусі Бог зайшоў блаславіць.
2002

ПАЧУЙЦЕ!

Магчыма, і гэты мой кліч Далёка не дойдзе: заглохне У нетрах муроў-камяніц, У зараслях чортапалоху.
Магчыма... I ўсё-ткі, і ўсё ж: - Пачуйце! Пачуйце! - гукаю. - Імперцы прыставілі нож Да горла няшчаснага краю!
Пачуйце ж, о дзеці зямлі, Што ваша павек, і не дайце, Не дайце, каб род наш звялі Антыхрысты і запраданцы!
2002

АДНАМУ З НІЦЫХ

Чаму ты радуешся, ніцы раб? I што жабрачым пафасам вітаеш? Пагібелі сваёй дзяржавы рад? На згубу Бацькаўшчыны гімн складаеш ?
Які ж ты ўсё-такі са смердаў смерд I з халуёў халуй! Якая ганьба! У тых, што гоняць Беларусь на смерць - Плюгавы, да агіды, памагайла!
Знай, лёкай, рады хамуту-ярму: Я прозвішча тваё з радзімых гукаў Не называю тут адно таму, Што мне шкада тваіх дзяцей і ўнукаў.
2002

ПРАКЛЁН

Будзьце пракляты вы, каты свабоды! Вы, што душылі і душыце нас! Вы, акупатары нашай гасподы, Нашых багаццяў і нашых украс!
Будзьце пракляты і вы, запраданцы, Лёсам народу майго гандляры! Юдавы выблядкі і ўзгадаванцы! Брудных і блудных таргоў махляры!
Будзьце пракляты і вы, вырачэнцы Мовы і духу бацькоўскай зямлі! Вы, надзіманыя пыхай нікчэмцы, Волі і хэнці чужой халуі!
Гэта з крыжа я крычу вам, распяты Горам народа і болем маім. Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты! Сёння і заўтра й вавекі! Амін!
2002

БАЛАДА ПРА ПАСЛАННЕ АД КАСТУСЯ

Чакалі год, чакалі два - На абяцанках трын-трава. Чакалі тры гады, чатыры - Да торбы торбу прычапілі. Чакалі пяць, чакалі шэсць - Ужо смыліць, курыцца шэрсць. Чакалі сем, чакалі восем - Ужо на латах латы носім..."
Так плача й плача Беларусь, I гэты плач пачуў Кастусь I ў Божы Храм ва ўрочны час Прыслаў з архангелам наказ:
"Канчайце хныкаць, дзецюкі! Калі вам здзек і глум такі Не пранізаў душу наскрозь За гэтых восем год - дык вось: I дзевяць-дзесяць праміне, I дваццаць-трыццаць праміне - I ўсе вы дойдзеце ў ярме I згасне долі вашай зніч, - Калі забудзеце мяне I мой з-пад шыбеніцы кліч".
2002-2003