ДЫК ХТО МЫ?
Мова! Ёй роўных у свеце няма -
Па вобразнасці, па выразнасці.
А мы яе душым у клешчах ярма -
Самі ж, па праву уласнасці.
Самі ж, варожы каб цешыўся зброд,
На страты ідзем незваротныя.
Дык хто мы: вялікі і вольны народ
Ці ў Бога нікчэмцы звыродныя?
2003
ЗАПОЗНА, ПАНОВЕ...
Як ні прамоўлю - усё неўпапад,
Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць:
Справа - нястомны саліст "дэмакрат",
Злева - стагорлы "славянасаборац".
Аж дзіўна - як дружна!
Аднак жа - за што?
Люблю сугалоссе, спакой і свабоду.
3-за чорных шор і карычневых штор
На свет і людзей не глядзеў ад роду.
Ні ў форме палкоўнік,
Ні ў штацкім маёр
Мяне на кручку не трымаў пакрыёма.
I хоць у пакутах сумленне маё -
Мне ніцая радасць раба не знаёма.
Таму і вар'юе іх вольны мой кліч
У матчынай мове, не здадзенай гэрцам.
"I ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч!
I ты адрачыся і станься зняверцам!"
Дарма - галяпуюць.
I пораць - дарма.
Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма
Я - там ужо, там, дзе няволі няма,
Дзе толькі свабода, любоў і Айчына.
2003, люты
БАЛАДА ПРА МІКАЛАЯ I КАЦЯРЫНУ
Жыў-быў на свеце Мікалай.
Жыла-была з ім Кацярына.
Хоць бачылі: жыццё - не рай,
Свой лёс сям'я не мацярыла.
Бо зналі: ёсць Народ і Край,
I ёсць - чым доля надарыла:
У Мікалаі - Мікалай,
А ў Кацярыне - Кацярына.
Але жыццё дало разлом
На неспадзеўным развароце.
Размежаваць дабро і зло
Прадыктавала ... дзірка ў роце.
I людзі ў злосці пачалі
Бурыць, ламаць, таптаць і бэсціць
Усё, што самі ж падвялі
Пад кодэкс праў і кодэкс чэсці.
Бурылі, верачы найперш,
Што здань руйнуецца былая.
А зруйнавалі ўрэшце рэшт
У Мікалаі - Мікалая.
Тапталі, мялі, як трысцё,
Сляпую шкодную дактрыну.
А растапталі перш за ўсё
У Кацярыне - Кацярыну.
2003, сакавік
ДУХ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
Адкуль бярэцца ён? З травы і зёлак,
З лясоў, што засланяюць небасхіл,
З крыніц бруістых, з тоняў у азёрах,
З крыжоў збуцьвелых і з саміх магіл.
Куды ні ступіш - скрозь і ўсюды чутна
Яго ўсяіснасць. Так задумаў Бог -
Каб, як бы ні было табе пакутна,
Свой родны край ты разлюбіць не змог.
2002-2003
* * *
I б'е, і б'е ў душу
Нязмоўчна, як прыбой:
Не будзь самім сабой!
Не будзь самім сабой!
Аддай імя спярша,
А з імем - і душу.
Нашто табе душа?
Нашто табе імя?
Мы ўпішам нумарок -
I ў пашпарт, і ў дьгалом,
I ў візу на Парыж...
I на магільны крыж.
2003
НЕЧУВАНАЯ Ў СВЕЦЕ
Удумайся толькі, Народ,
Калі думаць яшчэ не адвык:
Сем дзесяткаў гадоў і год
Вырывалі ў цябе язык -
Каб ты быў бязмоўны, як быдла,
Каб толькі мычаў - як бытта
Дзякуеш гаспадару за корм,
За чалавечны для быдла закон.
Сем дзесяткаў! Гэта без тых
Трох з палавінай вякоў,
Калі Мове тваёй пад дых
Білі з абодвух бакоў.
Сем дзесяткаў гадоў і год
Гэта толькі ад той пары,
Калі Мову гналі на звод
Не цары, а правадыры.
Пачуўшы - тут жа хапалі
За горла жывое слова.
Насмерць яго забівалі,
Каб не ўзрасло нанова.
Хапалі з хаты і з нівы -
Каб быў ты кругом шчаслівы,
Хапалі з завода, з цэху -
Каб быў ты багат на ўцеху,
З тэатра, з друкарні, з майстэрні -
Каб ты быў, як сабака, верны,
I з кожнай студэнцкай парты -
Каб быў Ацечаства варты...
Вось так тваю долю-мову
Знішчалі: спярша - па слову,
Затым - па пяць-шэсць адразу,
Затым - па цэламу сказу,
Па цэлай песні і казцы
Хапаў і глытаў ікласты!
А потым - па цэлай школе,
Па цэлым садку дзіцячым...
"Каб ты і не гаўкнуў болей
Сваім языком сабачым!!"
Такі быў табе прысуд.
Халэмус! Каюк! Капут!