Выбрать главу
Так святкавала ўбоства Мовы тваёй забойства. Так апаганьваў злыдзень Духу твайго Вялікдзень. Так пацяшаўся зброд З гора твайго, Народ. Прабег і яшчэ дзесятак Гадоў - як па градах статак. I што ты, Народзе, маеш? Як ты жывеш-пажываеш? На якога пана ішачыш? Што чуеш наўкол і бачыш? Таксама святкуе ўбоства Высокай красы забойства. Таксама руйнуюць хамы Твайго дзеяслова храмы. Таксама глуміцца зброд З пакутаў тваіх, Народ.
Усё, як тады! Бо згодна З усім, што табе прывычна. Толькі яшчэ больш подла I ягачэ больш цынічна. Ціха (каб спалі дзеці), Без груку і некрывава Ідзе нечуваная ў свеце Над мовай тваёй расправа.
Над тваёю душой расправа.
2003

ХРОНІКА Ў ГЕКЗАМЕТРАХ

Так, гэта будуць гекзаметры трэцяга тысячагоддзя Ад нараджэння Хрыстовага. Не ў перайманне, вядома, Слыннаму старцу сляпому Гамеру або Гесіёду, - Проста радкі так пабеглі, маёй не пытаючы згоды.
"Бацька дачушку знасільнічаў - працверазеў і ўтапіўся ". "Пенсіянер паляцеў на асфальт праз акно - ад галечы ". "Школьніца нож у сяброўку загнала за трыццаць даляраў ". "Дачнік спусціў ваўкадава на хлопчыка - сына суседзяў ". "Стрэлам у скронь разлічыўся з жыццём капітан - у адчаі". "Маці-падлетак, радзіўшы, на сметнік занесла дзіцятка ". "Любы, адзіненькі ўнучак бабулю забіў за бутэльку ". "Трое юнцоў акадэміку знанаму чэрап прабілі". "Гэтай зімою апошняя здохла ў калгасе карова ". "Дзеткі на вуліцы вучацца - злыдні ліцэй адабралі". "Піскнула праўду газета - і клямка ёй: болей не пісне ".
Гэта - маленькая частачка хронікі ў допісах прэсы. Наша рэальнасць. На стыку стагоддзяў і тысячагоддзяў Іншай не здолелі мы забяспечыцца - цешымся гэтай. Іншая спее ў яшчэ не набухлых пупышках свабоды.
2003

ПАМЯТКА ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК

Памятку гэту, гекзаметра складам антычна-раскошным, Вам я на роздум і ўжытак пішу, даражэнькія дзеткі. Ведайце: шмат развялося людцоў на зямлі беларускай, Што нашу мову драпежаць і нас за яе ненавідзяць. "Ну, а чаму?"- запытаеце? Дзве назаву я прычыны:
Першая - гэта іх чорная і неадольная зайздрасць, Што незвычайна прыгожаю моваю Бог надзяліў нас - Наймілагучнай, найчыстай у моўным букеце славянства. Спевам анёльскім чароўным гучыць яна ў вусенках вашых, Як запяеце вы, дзетачкі, родную песню... Дык вось жа - Іх і даймае нялюдская зайздрасць, не могуць змірыцца: Як гэта нам дасталася такая цудоўная мова ?! Ну, а другая прычына, што многіх кідае ў шаленства, Гэта - іх злосць ад бяссілля, ад немачы розуму й духу: Надта ж багатая і дасканалая ў гуках і ў сэнсах Наша вячыстая мова! Каб ёю як след авалодаць - Розум патрэбен не куцы, і талент, і чуйнае вуха. Слабым глуздамі няздарам яна недаступная, - гэтак, Як не па сіле складаны і тонкі інструмант музыку, Што балдавешкаю бухае-б 'е ў барабан велічэзны... Вось і запомніце, дзеткі, і ведайце-знайце прычыны Злосці-нянавісці гэтых няшчасных... I дзякуйце Богу, З ласкі якога мы ўласную маем Краіну і Мову. Ну і рабіце высновы. Якія ? Падумайце самі.
2003

* * *

Ведаў: будзеце зноў і хлусіць, I віляць перад праведным словам, А я зноў буду Бога прасіць, Каб яно на здароўе пайшло вам.
Разумею ваш клопат, браткі, - Разумею і крыўды не маю: Гэта лёс, гэта вырак такі - Мой, і ваш, і няшчаснага краю.