Любаваўся доўга ім
Дый схаваў чын-чынам:
Рана знацца мне з такім
Залатым начыннем.
Як, пажыўшы, награшу -
Вось тады, канешна,
Выму пёрка й напішу
Залатое нешта.
Жыў, грашыў і гараваў,
Піў і плакаў горка.
Дый забыўся дзе схаваў
Залатое пёрка.
Сама ў час, адчуў калі,
Што душа гатова
Падарыць сваёй зямлі
Залатое слова.
Ну, ды што ж! Такой бяды!
Гэты дар у вершах
Зробіць нехта малады -
З племя шчаслівейшых.
Тое пёрка ў добры час
Знойдзе ў нейкім склепе
I напіша Слова-Сказ
Прыгажэй і лепей.
2003-2004
ЭКСПРОМТ
Калі дапякуць, што ні есца, ні п'ецца
I нават на сэрцы аскоміна -
Я еду зірнуць, як дымочак віецца.
Не, не, не шашлычны, а з коміна.
А потым агмень распалю на падворку,
З камення Лагойшчыны складзены,
I буду там з полымцам весці гаворку
Пра лёс наш, чужынцамі скрадзены.
2002
КЛІЧ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ
Новы век
Азарыў небасхіл.
"Чый ён будзе?" -
Прарокі гамоняць.
Будзе наш -
Калі выстарчыць сіл
У цябе,
Беларуская моладзь!
Значыць,
Трэба па долю ісці
З цвёрдай верай,
Што вёрсты не змораць.
Дык не страць,
Не ўступі,
Не ўпусці,
Гэты шанц,
Беларуская моладзь!
Хай за зданню
Пачварыцца здань
Сілу волата
Цені не зломяць.
Час прабіў:
Уздыміся
I стань
У шыхты,
Беларуская моладзь!
Веру:
Выпаўзні з чорнай начы
Дух твой вольны
На здраду не змовяць.
Раздрузгоч,
Раскрышы
I змяці
Іх кубло,
Беларуская моладзь!
Помні:
Волю ў змаганні бяруць,
А не просяць,
Не кленчаць,
Не моляць.
Толькі ты
Зберажэш Беларусь!
Толькі ты,
Беларуская моладзь!
2001
БЕЛАРУСКАМУ ДЗЕЦЮКУ
Што дрыпаеш гэтак дробна
На падагнутых нагах?
Роўна хадзі, брат, роўна!
I кроку прыдай размах!
Шырока ступай і цвёрда!
Паставу ў хадзе змяні!
Годна трымайся й горда!
Ты - на сваёй зямлі.
Што ты пагляд панылы
Пад ногі ўпіраеш, у дол?
Што: табе - край нямілы?
Родны прастор наўкол?
Смела, а не як злодзей.
На свет і людзей зірні!
Годзе трымцець, брат, годзе!
Ты - на сваёй зямлі.
Што ты ўсё шэптам, шэптам
Ды і на вуха яшчэ,
Нібы махляр з гешэфтам:
Крый Бог - сакрэт "працячэ".
Прэч адкінь гэту боязь!
I праўду перад людзьмі
Кажы, брат, на поўны голас!
Ты - на сваёй зямлі.
2005, чэрвень
З ВЕКУ Ў ВЕК I З РОДУ Ў РОД
З веку ў век і з роду ў род
Не цярпеў ярма народ
I глядзець чужынцу ў рот -
Меў за ганьбу.
I над безліччу нягод,
I над скопішчам згрызот
Бласлаўляў на Вольны Сход
Янку й Ганну.
З веку ў век і з роду ў род,
Сэрцам прагнучы яснот,
Не глуміў сябе народ
Чорнай змовай
I ля тых дзвярэй-варот,
Дзе ў Святыню Уваход,
Меў за варту круглы год
Наша слова.
I грымеў мацней грымот
Кліч на захад і на ўсход:
Згінь-сыдзі, варожы зброд!
Каб - ні духу!
Не затым ускрэс народ,
Каб давеку, з роду ў род,
Несці ў сэрцы гвалту плод -
Боль і скруху!
2005, чэрвень
ПЕРАМОЎКА З СЯСТРОЙ СВЯТЛАНАЙ
- Сястрыца любая,
Ты што з слязьмі ў вачах ?
Што сталася ?
Цябе пакрыўдзіў хтосьці ?
- Вось, прачытала...
Гэта - страх і жах.
Яны, браток,
Цябе даб'юць ад злосці.
- Дык ты з-за гэтага ?
Дарма, зусім дарма!
Тут не тужыць,
А радавацца трэба.
Злуюцца - значыць,
Праўды ў іх няма.
А страх і жах -
У іх сядзіць у рэбрах.