- Мне за цябе
Сціскае сэрца боль.
Лютуюць,
Што не стаў ты на каленкі.
Пайду, пайду ў той дом -
Адно дазволь -
I хоць катораму з іх
Плюну ў зенкі!
- Ах, мілая!
Ну як мне не любіць
Цябе! У нашым
Немаленькім родзе -
Адна такая ты.
За ўсіх табе баліць
I ўсім ты рвешся
Памагчы ў нягодзе.
Ну а сама...
Тваё здароўе скраў
Пеніцылінавы
За трыццаць год атруты.
I мацярынскай долі
Бог не даў.
I дома... Знаў бы хто!..
Адны пакуты...
- Такі мой лёс.
Што пра мяне казаць?
Хто я такая ?
Што ў жыцці я значу ?..
Вось тыя лекі,
Што прасіў ты ўзяць.
I мёд з вашчынкай -
Ад мяне ў прыдачу.
I ўсё.
Пакіну я цябе, прабач.
Жанчыны там з партрэтамі -
Як знак эпохі -
Стаяць... Я чую
Іх нячутны плач.
Пайду да іх
Паплачу разам трохі.
2005, чэрвень
НУ А ВЫ, СПАДАРЫ?..
Углядаюся ў твары -
Зусім маладыя, хлапечыя, -
Быццам толькі што ўмытыя
Зімнай крынічнай вадой.
Што - хачу распазнаць -
У вачах гэтых хлопцаў
Адсвечвае?
I чаму мне трывожна -
Нібы перад нейкай
Вялікай бядой?
Ну а вы, спадары,
Што душы нашай поле
Адвечнае
Засяваеце чартапалохам
Няпраўды,
Каб плён нашай веры зачах, —
Вы не знаеце,
Што ў іх вачах беларускіх
Адсвечвае ?
У іх добрых вачах беларускіх.
У іх беларускіх вачах...
2005, чэрвень
ВІЛЬНЯ. ЛУЦКЕВІЧ
Трыпціх
І. 20 верасня 1939
Вільня.
Восень.
Луцкевіч.
Ён ходзіць і шэпча
Сярод Базыльянскіх муроў:
"О няўжо, Беларусь,
О няўжо нам вяртаюць
Калыску за волю тваю змагароў?
О няўжо сапраўды
Нам вяртаюць,
Няхай і пад сцягам нянаскім,
Святы наш агмень?
Беларусь!
Я малюся, малюся...
Бог сведка,
Як прагну я ўбачыць шчаслівым
Твой заўтрашні дзень!.."
II. 30 верасня 1939
Вільня,
Восень.
Луцкевіч.
Захмараны вечар.
Найчорны з яго вечароў.
Вось і ўсё!
Не паспеў і прыкленчыць
Яшчэ раз
Сярод Базыльянскіх муроў, -
Больш ніколі не ўбачыць ён іх,
Як не ўбачыць
Ні родных сваіх,
Ні сяброў.
У глухім "варанку"
Яго віленскім шляхам
У менскую "амэрыканку" вязуць,
Дзе,
Ён знае,
У лёхах сырых,
Пацукі
Беларускае сэрца грызуць.
Яму ведама ўжо:
Абманулі!
Цынічна і здзекліва
Брат-вызваленец накпіў.
Вільня ўжо старгавана.
Ужо за яе
Вызваленец
Пляцоўку для танкаў купіў.
Ён ад роспачы плача: "Кастусь!
Наш вялікі з вялікіх Кастусь!
Як далёка ты бачыў, калі заклінаў:
"Дык не вер ім,
Не вер ім,
Не вер ім,
Не вер, Беларусь!
Не дадуць табе волі яны,
Не дадуць!
I павек не дажджэшся,
Калі не здабудзеш сама!
Для цябе ў іх адно -
Аняменне ў няволі -
I смерць.
Для цябе ў іх другога няма".
III. 17 верасня 2004
Вільня.
Верасень.
Ноч -
У зіхценні раскошных рэклам,
У агнях ліхтароў.
Цень Луцкевіча
Ходзіць
Нябачны
Сярод Базыльянскіх муроў.
Каб прыслухаўся хто -
Чуйным сэрцам -
Пачуў бы,
Што кажа святы чалавек:
"Вось і ўсё!
Вось цяпер ужо ўсё!
Назаўсёды.
Навечна.
Навек.
Божа моцны!
Даруй і скажы:
Дзе ты быў?
Дзе ты, Госпадзе, быў,
Калі гэную змусту
Над воляй,
Над доляй,
Над лёсам народа рабіў
Змеявокі,
Рабы,
Сухарукі,
З смярдзючай душышчай
Вампір-людажэр?
Бачыш, Госпадзе, сам:
З той пары
Яшчэ больш занямог,
Яшчэ больш знедужэў -
I хварэе,
I чахне,
I не выздараўлівае
Пад апекай тваёй
Беларускі народ.
Дык не дай жа, не дай,
Каб заціх у душы яго
Спадчынны боль,
Каб сышла яго памяць на звод!
Бо як станецца так –
У яго, як і Вільню,
Суседзі, браты, сваякі адбяруць
Спрэс усе гарады,
Спрэс усё,
Што завецца яшчэ Беларусь!..
Беларусь...
Беларусь..."