Выбрать главу
Так ён ходзіць і ходзіць, Нябачны, I просіць і просіць - Нячутнае просіць пачуць... А тым часам у Менску, У лёхах сырых. Пацукі Беларускае сэрца грызуць.
2004, травень-кастрычнік

ЛАГОЙШЧЫНА

Лірычны маналог

Лагойшчына! Найпрыгажэйшы куток беларускай зямлі! I хоць, пэўна, за гэтую славу гатовы спрачацца і многія іншыя з тых, што на ўсход і на захад, на поўнач і поўдзень, ды невыпадкова, аднак жа, цябе "беларускай Швейцарыяй"  трапна калісьці назвалі -  таму ўжо за сотню гадоў  і дагэтуль без рэўнасці ўсе аўтараюць  як вобраз дакладны і ўдалы.
Ты ўся - у пагорках паднебна-высозных,  крутых і пакатых, лабастых і круглых,  зарослых і голых,  ва ўпадзінах донных і ўтульных лагчынах,  у поймах разлеглых, усланых лугамі,  у стромых узгор'ях, равах і ярах маляўнічых,  у луках і лучках, абшытых гсустоўем густым,  у белых прасёлках - ад вёскі да вёскі  (што праўда - у тым, пешаходным яшчэ,  даасфальтавым часе).
Ты ўся - у лясах неаглядных,  у пушчах дрымучых, таемных,  у шчырых барах і цяністых дубровах,  у ясных і ветлых палянах,  уся ў паясах і вянках пералескаў,  у купках гаёў кучаравых,  у люстрах лясных азярын  і люстэрках крынічак,  калісьці нязлічаных тут, 
што вечна бруіліся, булькалі,  беглі, журчалі,  як бы запрашалі  прыпасці губамі ці ў горшчы зачэрпнуць  і смагу ўталіць і здароўя набрацца. 
А рэкі твае! - ціхаплынная,  негаманкая, апроч як разводдзем,  спаважная Гайна,  што згодна і любасна  Беразіне ахвяруе сябе,  каб урэшце дабегчы нябачным струменем  да Чорнага мора,  а вечная-звеку суперніца ёй -  Дзвінаса-прыгажуня,  што з бегу-разбегу кідаецца,  нібы сястра, у абдымкі Віллі,  каб данесці пяшчоту сваю  да балтыйскіх прастораў. 
А горад твой! - горад Лагойск -  легендарны ў гісторыі краю  крывіцка-ліцвінскага, -  потым, пазней, беларускім названага! Мала на нашай зямлі гарадоў,  што старэйшыя ўзростам  за колішні слынны Лагожэск -  сталіцу удзельнага княства,  няхай невялікага і падзалежнага,  важна, што ўсё ж адасобнага,  што на зямлі гэтай людзі  дзяржаўнымі чуліся  недзе яшчэ ў адзінаццатым веку.  Невыпадкова, што іменна тут,  у набожлівай Гайне, у храме,  за дзесяць гадоў перад тым збудаваным,  спраўлялі імшу каралю і вялікаму князю  у гонар яго ваяроў неадольных  і іх перамогі,  якою былі ўратаваны ад чорнай няволі  і Віцебск, і Полацк, і Орша,  і Крычаў, і Мсціслаў і многа яшчэ  гарадоў і зямель і людзей крывічанскіх,  падданых магутнай і знанай у свеце дзяржавы -  Вялікага Княства.
Лагойшчына!  Колькі тваімі гасцінцамі ды бальшакамі,  дарогамі ды пуцявінамі  люду прайшло і праехала рознага -  болей нядобрага, жорсткага,  лютага, сквапнага!  Колькі крыві пралівалася тут  і палала пажараў бязлітасных,  колькі паселішчаў, вёсак тваіх руйнавалася,  колькі святыняў бурылася -  цэркваў, касцёлаў і кляштараў,  колькі палацаў-муроў і сядзібаў  знікала бясследна! -  а ты - адраджалася,  ты паўставала ізноў  да жыцця і свабоды.  Невыпадкова,  што з гэтаю марай святлістай  аб волі і шчасці, аб славе і годнасці  тут азараліся сонцам навукі,  асветы, мастацтва  выдатныя творцы,  збіральнікі скарбаў народных,  даследчыкі даўнасці,  што менавіта ў Лагойску  патомныя графы Тышкевічы  ў белым палацы сваім  па-над Гайнай-ракой  заснавалі найпершы ў дзяржаве  музей краязнаўства,  музей беларускай культуры,  мастацтва і кнігі.  I не выпадкова ж, напэўна,  што іменна тут,  ад калыскі прыросшы душою  да родных нябёсаў,  "наўчыўшыся слоў беларускіх ад маці,  а дум беларускіх  ад потам палітых загонаў",  штодня амываючы раны на сэрцы  вадой жыватворнай легендаў і песень,  паданняў і казак,  паўстаў найвялікшы пясняр беларускі,  апостал-прарок адраджэння Народа,  Краіны Дзяржавы і Гонару нашага -  Янка Купала.