Выбрать главу

Пісьмо крыху насцярожыла і разам з тым узрушыла Дзмітрыя. Ён невядома чаму адразу звязаў яго з учарашнім абрабаваннем нарыхтоўшчыка, з тым, што яму мелася рабіць сёння, во зараз. Ніякіх рэальных падстаў, каб гэтак думаць, у яго, безумоўна, не было. Але яму вельмі хацелася, каб невядомая «пекная чарнявая маладзіца» хоць чым-небудзь дапамагла ў яго клопаце. Хай бы хоць намякнула што, хоць выказала якую здагадку… Ён пазіраў на канверт, які ляжаў перад ім на стале, і быццам слухаў штосьці ў сабе — нязвыклае, падсцярожліва-напружанае.

— Што, не хочаш пры мне распячатваць? I правільна, нечага старонняму сакрэты свае адкрываць,— пажартаваў Івашчанка.

«Падсмейваецца», — падумаў Дзмітрый. Але ён ведаў, што ў жарце не было кпіну. Маёр, чалавек далікатны і бясхітрасны, не меў звычкі хаваць у сваіх словах з’едлівага падтэксту. За той кароткі час, што працаваў у міліцыі, Дзмітрый паспеў ужо ўпадабаць яго.

I ўсё ж рэпліка не спадабалася, не пад настрой надалася. Ён уважліва, як бы вывучаючы па «дэталях», па асобных рысах, паглядзеў на Івашчанку. Раптоўна яму адкрылася, што гэты высокі, статны чалавек, аказваецца, не такі прыгожы, якім бачыўся яму заўсёды. Галава вушастая, твар дробны… Адкрыццё прыкра ўразіла Дзмітрыя.

Івашчанка зірнуў на гадзіннік.

— Не буду перашкаджаць, распячатвай, — сказаў стрымана і пакіраваўся да дзвярэй.

Па тым, як ён запаволена адводзіў ад вачэй руку з гадзіннікам, Дзмітрый здагадаўся — напамінаў: не спазняйся на пяцімінутку. Таропка ўзяў са стала пісьмо, скубануў замусолены клеем жаўтлявы ражок канверта.

Душа прагла прачытаць штосьці надзвычай важнае, вочы шпарка пабеглі па неахайных радках, якія то карабкаліся ўгору, то, выгнуўшыся стончанай дугою, паўзлі ўніз. Знаходзячыся, мусіць, у разладзе з пачуццямі, няверная, непаслухмяная рука пісала: «Паважаны таварыш лейцінант. Учора ўвечары мы бачылі, як ад таго месца, дзе бандыт скалечыў закупшчыка, шалёна імчаў грузавік. Ён бы і нас падавіў, каб не паспелі адскочыць. Мы пасвяцілі ўслед ліхтарыкам і запісалі нумар 33—44. Гэта нашага калгаса машына. Прозвішчаў не падпісваем. Падпішыся, дык па судах зацягаюць. Разбірайцеся самі».

Дзмітрый машынальна, без патрэбы, узяў з кубка самапіску, патрымаў яе, перачытаў апошнія словы — «разбірайцеся самі» — і разняў пальцы. Яна суха дзеўбанулася наканечнікам у пластмасавае донца. Ён устаў з-за стала. Толькі ісці не спяшаўся. А можа быць, правакацыя, падвох? Імкненне завесці ў зман і заблытаць дазнанне… А калі — не, калі падказка праўдзівая?.. Пастаяў. Думкі мітусіліся. Ён імкнуўся пільна асэнсаваць кожную драбніцу ў гарачых супярэчлівых разважаннях, аднак дапасці да якой-небудзь пэўнай высновы не мог. У процівагу сваім сумненням даваў довад: ва ўсякім разе, гэта нітачка, за якую варта пацягнуць. Можа, ад яе і ўвесь клубок разматаецца? На твары яго была адзнака руплівай заўзятасці, і ён рашуча дапісаў у «план дазнання»: «Праверыць, дзе ў той час, калі адбылося абрабаванне нарыхтоўшчыка, знаходзілася грузавая машына нумар 33—44, хто шафёр і што ён уяўляе з сябе ў маральнай сутнасці». Як бы для пэўнасці сказаў сабе: «Усё, лейтэнант Бутоўкін, правільна, разбяры па костачках версію з машынай». Узяў план і, засяроджаны, падцягнуты, пайшоў на пяцімінутку.

У кабінеце падпалкоўніка Баршчоўскага ўжо сабраліся ўсе супрацоўнікі аддзялення, чакалі толькі Дзмітрыя. Ён вінавата зірнуў на маёра Івашчанку, які ссутуліўся за сталом начальніка, папрасіў прабачэння, што спазніўся, і прайшоў бліжэй да стала. Ведаў, дакладваць давядзецца толькі яму, бо злачынства ў Вялікіх Бабовічах — адзіная падзея за ўчарашні дзень.

Маёр павадзіў вачамі па тварах — усе сабраліся? Выпрастаў прыгорбленую спіну, паклаў рукі на край стала, нібы, перад тым як распачаць гаворку, яму трэба было абаперціся. Пінжак, што быў пабраўся на грудзях складкамі, расправіўся і цяпер спраўна аблягаў ладную постаць.

— Пачнём. Лейтэнант Бутоўкін, вам слова, — Івашчанка сказаў не надта гучна, спакойна, акурат як падпалкоўнік.

Дзмітрый шпарка ўстаў, няўзнак адставіў крыху назад крэсла, быццам яно перашкаджала б яму стаяць, а тады яшчэ і сам ступіў на паўкроку наперад. Вонкава ён быў спакойны, нягледзячы на ўзрушанасць, ад якой нібы варочалася, перакочвалася ў душы нешта важкае і няроўнае.

— План мой такі: з дапамогай участковага інспектара лейтэнанта Краўчука неадкладна ўстанавіць, за кім з жыхароў Вялікіх Бабовічаў і бліжэйшых да вёскі паселішчаў заўважалася схільнасць да правапарушэнняў, — пачаў ён бойка. — Хто з іх у той час, калі быў абрабаваны нарыхтоўшчык, знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да месца здарэння. Першая звестка наконт гэтага да мяне паступіла ўжо. Праўда, пісьмо ананімнае, ды ўсё роўна ігнараваць сігнал нельга.