У другім канцы за садам дарога раскрыжоўвалася. Тая, што цягнулася прама, вяла ў лес, а каторая збочвала — у поле. Ахоплены сумненнем і зніякавеласцю, Дзмітрый без ранейшай нецярплівасці сустрэў позіркам грузавік. Толькі адзначыў: зухавата выехаў на павароце.
Калі машына прыблізілася, Дзмітрый падняў руку — стой! Шафёр рэзка затармазіў. Высунуўшы кудлатую галаву, выглянуў з кабіны. Меў ён бесклапотны і нават блазнаваты выгляд. Пазіраў дзёрзка, насмешліва пытаючы вачамі: у чым справа, старанны ахоўнік парадку? Дзмітрый на міг скамянеў, стаяў як аглушаны. Недзе далёка-далёка пачуў сваю думку. «Ну, вось табе і асацыяцыі, — падумаў ці то з кпінам, ці то з папрокам да сябе. — Назірай, улоўлівай іх». Ступіў да машыны бліжэй, прыклаў руку да казырка:
— Лейтэнант міліцыі Бутоўкін.
Блазнаватую бесклапотнасць на твары шафёра ўвачавідкі змянілі насцярожанасць і непрыязнасць.
— Бачу, што лейтэнант міліцыі. — Ён страсянуў галавою, адкінуў назад валасы. — Ды вось што Бутоўкін — не ведаў. Але чуў пра такога, чуў… — Голас, у якім толькі што чулася прыхаваня крыўда, адразу набыў суровасць. — Жонка, чуй, расказала. — У вачах шафёра заблішчалі халодныя калючыя жарсцвінкі.
Незразумелыя, загадкавыя словы збянтэжылі і яшчэ больш надалі Дзмітрыю прыкрасці. У іх пачуўся яму абразлівы намёк. Пра якога такога? Разам з тым у ім успыхнула ліхаманкавая цікаўнасць. Чыя жонка? Што казала? Некалькі секунд ён адчуваў у сабе разгубленасць. Не хапала яшчэ, каб ён на кручок злавіўся — дапытвацца стаў, высвятляць. Самы момант у бабскія плёткі ўнікаць…
— Чулі ці не чулі — гэта ваша справа, — паставіўся ён крута. — А я мушу пра сваё пацікавіцца.
— Дык цікаўцеся, не цягніце рызіну. У мяне —зерне.
— Колькі рэйсаў вы сёння зрабілі?
Ноздры ў шафёра здрыгануліся, ён пагардліва хмыкнуў: што пытаеш, маўляў, сам не бачыш? Адказаў стрымана, з ноткамі даравальнай паблажлівасці да гарадскога недарэкі:
— Раса толькі ж нядаўна спала.
— Вы хочаце сказаць — камбайн нядаўна працуе?.. Дык першы, значыцца, рэйс робіце — так трэба разумець? — Дзмітрый загаварыў гучней, ён пачуў у сабе новую дужасць. Да яго вярталася тое пачуццё ўпэўненасці і цвёрдасці, якое дакляравала яму першапачатковае ўяўленне аб гэтай сустрэчы. — Ну скажыце ясна, чаго маўчыце?
— Што вы дапытваецеся вельмі? Можа, падпіску аб нявыездзе ўжо запатрабуеце? Дык — калі ласка.
«Глядзі ты, які дасведчаны, ведае, што ёсць такая мера стрымання для злачынцаў!» — падумаў Дзмітрый так, быццам загадаў сабе: запомні гэтую дэталь.
— Падпіску пакуль што не трэба, — адпарыраваў ён на задзірыстасць шафёра, злёгку націснуўшы на словы «пакуль што».
Шафёр улавіў гэты націск, сказаў са здзекам:
— А калі правароніце? — Востры позірк, здавалася, укалоў. — Чаго вы ад мяне хочаце? Давайце хутчэй, бо камбайн, чуй, працуе.
Дзмітрый зразумеў, што кінуў лішняе, і адчуў сябе няёмка. Сапраўды, навошта было яму ўстраваць у гэтую перапалку?
— Трэба агледзець машыну, — сказаў ён знешне спакойна. — Разам з вамі будзем аглядаць. I во з панятымі.
— Ці я не бачыў яе? Глядзіце, калі вам хочацца.
Заспяшаўшыся, каб не настырацца дарэмна з шафёрам, Дзмітрый падышоў да задніх колаў. Тое, што яго цікавіла, заўважыў адразу: на адпым вонкавым напаўзлізаная шына была разарвана. Тады ён упраўна зашчоўкаў фотаапаратам. Сфатаграфаваў шыну, стаў размешваць гіпс, каб зрабіць злепак.
— Хутка вы там, лейтэнант? — гукнуў з кабіны шафёр. — Я ж гаварыў, камбайн працуе. А ты чаго маўчыш, брыгадзір?
Адказаць яму строгай начальніцкай заўвагай — не падганяй, калі трэба, тады і зраблю — Дзмітрый не змог. ён падумаў, што чалавек мае рацыю, нельга надоўга затрымліваць транспарт — час гарачы. Больш прыспешыў сябе, заварушыўся хутчэй.
Калі пачаў пісаць пратакол агляду аўтамашыны, папытаў у шафёра:
— Як ваша прозвішча, імя і імя па бацьку? Назавіце, калі ласка. — Гаварыў з адценнем стрыманай ветлівасці, мусіць, каб згладзіць у сабе непрыемнае ўражанне, ад самалюбнага жадання ўзяць над шафёрам верх, якое прарвалася падчас таго прыкрага намёку — «пакуль што».
— Андрэй Міканоравіч Сенажэнскі. Вадзіцель другога класа. У пераводзе на званні гэта, бадай, таксама лейтэнант.
«Во, зноў задзіраецца, — нядобра кальнула Дзмітрыя. — Не, цяпер я не паддамся на правакацыю». Потым ён падумаў: «Сенажэнскі… Не чуў такога прозвішча. А ён маё чуў. Дзе?.. Можа, у «Фізкультурніку Беларусі» чытаў? Першае месца ва універсітэце па боксу… — Адчуў, як нешта прыемнае казытнула ўсярэдзіне. — Цікава, чытае ён «Фізкультурнік Беларусі» ці не?» Уважліва паглядзеў на Андрэя. Яму кінулася ў вочы, на што спачатку — прывык да гэтага ў горадзе — не звярнуў увагі: кудлы ў вяскоўца па цяперашняй модзе, да плячэй адгадаваў.