Ён узяў са стала заключэнне, пачаў чытаць. Словы вымаўляў павольна, выразна, каб пацярпеўшы ўсё добра пачуў і ўсвядоміў. Яны нібы клаліся ў роўны рад, адно за адным.
— Бачыце, па характару ранення эксперт лічыць, што ўдар быў слабы і ад яго здаровы чалавек не страціць прытомнасць, — зазначыў Дзмітрый, дачытаўшы.
Камароўскі здзіўлена паціснуў плячамі, недаверліва паглядзеў на лейтэнанта.
— Эксперт лічыць… А хіба ён памыліцца не можа? Каб яму так трэснуў, што б ён тады сказаў…
Дзмітрый устаў, падышоў да расчыненага акна. На твар яму леглі варухлівыя цені — лёгкі вецер ледзь-ледзь кратаў лісце маладой кучаравай ліпы.
— Ці не можа эксперт памыліцца? — павольна павярнуўшыся да Камароўскага, перапытаў Дзмітрый так, нібы губляў нітку сваіх думак. — Можа, канечне, — адказаў няпэўна.
— Нашто тады слухаць такога эксперта? Яму не баліць!..
У кабінеце ўсталявалася няёмкая цішыня. Абодва яны быццам прыслухоўваліся адзін да аднаго.
— Цяпер вы, Апанас Платонавіч, усё сказалі? Не хвалюйцеся, падумайце, можа, яшчэ што ўспомніце.
Зрэнкі ў Камароўскага расшырыліся, затуманіліся і як зацвярдзелі. Ён пазіраў невідушчым позіркам у акно, дзе гайдалася голле маладой ліпы.
— Здаецца, усё. Сказаў тое, што было.— На міг у вачах у яго мільганула горкая іранічная ўсмешка, якая азначала: «Няўжо, думаеш, я не ведаю, куды ты хіліш?» — Лішняе, таварыш лейтэнант, гаварыць не ўмею. Сказаў, што трэба, і баста, — адрэзаў ён жорстка. Адвярнуўся, паказваючы, што на нікчэмныя размовы, на нейкія хітрыкі-мітрыкі ў яго няма часу.
Дзмітрый узяў са стала аркуш, на якім запісваў паказанні Камароўскага.
— То паслухайце. — Трымаючы аркуш высока, на ўзроўні вачэй, стаў бойка чытаць. Прачытаўшы, пачакаў, ці не выкажа Камароўскі якую заўвагу, але той маўчаў. Тады ён спытаў: — Правільна я запісаў, што вы гаварылі? — Спытаў так, для фармальнасці, а можа, нават і з прыхаваным гонарам, бо ведаў, што нічога не прапусціў, не зблытаў, рабіў сваю справу са скрупулёзнай акуратнасцю.
— Усё як быццам слова ў слова, — пацвердзіў Камароўскі, злёгку кіўнуўшы галавой.
— Распішыцеся. — Дзмітрый торкнуў пальцам унізе аркуша. — Вось тут: «Запісана з маіх слоў правільна, мне прачытана і мною падпісана».
Камароўскі шпарка крутануў самапіскай, пакінуўшы на паперы мудрагелістую загагуліну. Папытаў, ці можна яму ісці. Атрымаўшы дазвол, устаў нетаропка, але, відаць, марудзячы знарок, як бы нешта хаваючы за гэтым. Павольна ступаючы да дзвярэй, ён быццам нёс на шырокіх прыгорбленых плячах нябачную цяжкую ношку. Каля парога спыніўся, нерашуча павярнуўся.
— Пакуль мы тут з вамі гаворку вялі, бандыт той недзе, мусіць, грошы дзяржаўныя прапівае. А для чаго ж ён паквапіўся на іх? Толькі для прапою. — Цяпер ён гаварыў без жорсткасці, павучальна. — У людзей, каб добра жыць, няма цяперака недастатку. Усяго навалам у людзей. I есці хапае, і целевізары вунь у кожнай хаце, і матацыклы як ні ў кожным двары… У каторага глотка дзіравая, таму толькі ўсё мала. — Ён абурана махнуў рукой і выйшаў.
Размова пакінула ў Дзмітрыя непрыемны асадак. Нядобра кранула недарэчнае павучанне: «У каторага глотка дзіравая, таму толькі ўсё мала». Дзмітрый пастараўся аднавіць у памяці, паўтарыць у думках усе папярэднія словы, за якімі была сказана гэтая фраза. Паўтарыў, і ў яго ўзнікла такое адчуванне, што за імі Камароўскі нешта хаваў, меў у іх якісьці намёк.
Уражанне гэтае было надакучлівае, неадчэпнае. Падкралася спадцішка і ўжо не адступалася, прыклеілася ў душы, як мокры асенні ліст да шыбы, прыбіты ветрам. «Дык што ён хацеў сказаць?» Гэтае пытанне, як падалося Дзмітрыю, было падрахункам нейкіх ранейшых думак, на якія ён не звяртаў увагі. Аднак ён не стаў шукаць на яго адказу. Навошта? Кожны чалавек, як кажа прымаўка, па-свойму губы закапыльвае. Кожны па-свойму можа разважаць.
А тым часам у думках зноў паўстала: «Бандыт, мусіць, недзе грошы дзяржаўныя прапівае».
Сонца садзілася за дом, што высіўся па другі бок вуліцы, наўскасяк ад памяшкання міліцыі. Ад дома на ўсю праезджую частку лёг косы пірамідападобны цень. Па вуліцы туды-сюды праносіліся аўтамашыны, ускочваліся на цень.
Да Дзмітрыя даляцеў кароткі адрывісты піск, акурат як падавала свой голас сініца. Прайшло некалькі секунд, пакуль ён уцяміў, што за спіной у яго з рэпрадуктара, які вісеў на супрацьлеглай ад акна сцяне, даляталі сігналы дакладнага часу. Глянуў на гадзіннік — было дзевятнаццаць. Пачаў хутка збіраць са стала і складваць у шуфляду паперы. Спяшаўся, бо падумаў, што маёр, мусіць, ужо чакае яго.