Выбрать главу

— Я, сынок, маці тваю папярэдзіў. Каб, чуй, ведала сваё месца. Глядзі і ты — расці мужчынам.

3 гэтымі словамі ён пайшоў з хаты, цяжка, стомлена грукаючы ботамі.

Астатак дня Андрэй быў як сам не свой. Рабіў адно, а думаў пра іншае. Думкі ў галаве блыталіся, перамешваліся, набягалі адна на адну.

Ён прывёз на будоўлю кароўніка цэглу. Заглушыў матор, сеў на прыступку кабіны. Сядзеў, упёршыся рукамі ў расстаўленыя калені, не варушыўся. Пацяклі прыкрыя, пакутлівыя мінуты. «Ударыў!.. Ударыў!.. — павольна, цяжка варочалася ў галаве. Ні шкадавання, ні спагады не было. Былі няёмкасць і прыкрае адчуванне віны.

— Андрэй, чаму разгружаць не памагаеш? — Гукнуў яму з кузава гуллівы жаночы голас. — Ацяжэў, раскарміла Надзя?

На гэты голас ён заўсёды адгукаўся з ахвотаю. Вясёлым жартам, незласлівым кпінам, дураслівым бяскрыўдным намёкам на заляцанне — Марына маладзіца свойская… Але цяпер ён змоўчаў, усё роўна як не паачуў. У галаве па звычцы з падколкай, як заўсёды адказваў ёй, варухнулася: «Ага, раскарміла, а каб за табой — ледзь ногі цягнуў бы» — і адразу знікла.

— Жонку б яшчэ прывёз, хай бы прыклала свае белыя рукі да гэтых во гладзенькіх цаглінак, — не сунімалася Марына. — Нядзельнік жа.

Сонца апускалася на зарэчны лес, але гарачыня не спадала. Ад Дняпра, з лугу, даносілася прыглушанае тужлівае кігіканне куліка. Кіг-гіі, кіг-гіі, кіг-гіі… Каля машыны лёг вялікі цёмны цень, у наваколлі адразу пашарэла. Андрэй падняў галаву. Па небе плыла калматая сіне-чорная хмара. Ён абыякава паглядзеў на хмару і раптам страпянуўся: гэтая апаласне зараз.

Глыбока ўздыхнуўшы, набраў поўныя грудзі паветра, усхапіўся з прыступкі. Амаль не чуючы свайго цела, ускочыў у кузаў, стаў побач з Марынай.

— Бачыш — на чацвёртай хуткасці газуе, — кінуў ёй, кіўком галавы паказаўшы на хмару. — А прыгожая якая — акурат ты. — I раптам звычна, прытворна весела гукнуў: — Падыходзь, загружайся!

Пачаў падаваць з машыны цэглу. Да яго, таксама як і да Марыны, ланцужком выстраіліся хлопцы і дзяўчаты. Цагліны шпарка пераходзілі з рук у рукі.

Хмара насоўвалася, шугануў вецер. Лёгкая, сіняя ў гарошынку Марыніна сукенка запаласкалася, як ветразь, і прыліпла да каленяў. Андрэй на момант затрымаў на ёй позірк. У галаве прамільгнула: ці гэта ўжо дажджынкі ўпалі на плацце? Адвёў вочы, усміхнуўся. Як бы імкнучыся кпінам адагнаць у сабе штосьці непажаданае, зноў паддзеў Марыну:

— Што захакалася? 3 цэглай справу мець — гэта не ў канторы на лічыльніках ляпаць!

Доўгія цёмныя бровы яе прыўзняліся, выгнуліся паўдужжам. Зеленаватыя вочы глянулі з папрокам.

У тую мінуту, калі з кузава пайшлі па ланцужках апошнія цагліны, рэдкія буйныя кроплі дажджу ўпалі Андрэю на твар, забарабанілі па кабіне. Марына разагнула спіну. Расчырванелы твар яе пыхаў гарачынёй. Яна зірнула на Андрэя пільна і насцярожана:

— Можа, сёння з’ездзім, Андрэйка? Абяцаў жа.

Ён саскочыў на дол, падаў руку Марыне. Сціскаючы яго дужыя пальцы, яна гупнула побач. Андрэй адчуў, як яе тугое плячо кранулася яго бока. I ў той міг — трэба ж во так! — яму раптам зноў прыгадалася Надзя. Не проста прыгадалася — уявілася, як бы стала поруч з Марынаю. Ён скалануўся ў нейкім утрапёным неўразуменні: чаму поруч? Апусціў галаву, пачаў зачыняць задні борт кузава. Прамармытаў разгублена:

— Ці ж не бачыш? Дождж зараз дзеране.

— Дык пасля дажджу, Андрэйка. — Марына глядзела на яго пранікліва, з крыўдлівай няверлівасцю.

Маланка секанула сіняватай шабляю неба, і яно як раскалолася: аглушальна ўдарыў пярун. Хлынуў лівень. Людзі кінуліся пад павець, дзе пасярэдзіне ляжалі штабелем папяровыя мяшкі з цэментам. Ціснуліся да штабеля, узбуджана, гучна перакідваліся жартамі, смяяліся. Тыя, што вельмі баяліся, каб не намачыла, узлазілі на мяшкі. А дзяўчаты і хлопцы, дурэючы, пачалі штурхаць адзін аднаго пад дождж. Вішчалі, малацілі кулакамі па спінах, вырываліся з учэпістых рук.

Андрэй пазіраў на лагчыну, дзе нядаўна тужліва кігікаў кулік. Яна была заліта вадой. «А дзе ж той гарэтнік схаваўся ад дажджу? — пашкадаваў ён птушку. — Прыляцеў бы пад павець — не пакрыўдзілі б». Падумаўшы так, больш пільна пачаў аглядаць луг, як бы і сапраўды спадзяваўся пабачыць таго птаха.

Ад гэтага занятку адарваў яго зычны, басавіты голас, які даляцеў да слыху праз гаману і рогат: «Жанацік наш нешта зажурыўся, як сірата. Дапякла, мусіць, Надзька, гы-гы-гы…» Крута павярнуўшыся, Андрэй прыжмурыў вочы, хацеў сказаць нахабнаму зубаскалу што-небудзь такое, ад чаго б таму адразу дух зарвала. Аднак стрымаўся: паганым словам не адбаронішся. Разам з тым ён падумаў: «Як згаварыліся сёння — то Марына ўсё падкалупвала, цяпер яшчэ нейкая зануда вякае». На гэтым і зацяло яму.