— А вы, Сенажэнскі, сцвярджалі, што вярнуліся з работы дадому перад захадам сонца. Дык як тады растлумачыць жончыны словы? Можа, яна злуецца за што на вас? Можа, па злосці сказала?
Каб ён ведаў тое, што адбылося паміж імі, то, безумоўна, не павярнуў бы так. Але ж абое сказалі, што ўзаемаадносіны нармальныя, і ён рашыў падысці з другога боку — прыперці логікай: навошта жонка будзе хлусіць, які ёй інтарэс? Жонкі калі і хлусяць у такіх выпадках, дык не для таго, каб выкрыць, а каб выгарадзіць мужа…
Надзя ўлавіла ў яго запытанні Андрэю яшчэ штосьці такое, што ён, мусіць, меў на ўвазе для яе, але прытойваў, старанна хаваў.
— Злуюся ці не, а няпраўду гаварыць я не прывучана, — уставіла яна, сутаргава ўздыхнула, і позірк яе напружана, цёмна застыў.
Сенажэнскі прыцяўся да ўраз змарнелага твару жонкі лютымі вачамі, ледзь стрымліваў гнеў.
— Значыць, не памыляешся… — ён падаўся корпусам наперад, да яе. — Значыць, хочацца табе для мужа непрыемнасцей. Та-ак, зразумела… Цяпер усё зразумела…
Вусны ў Надзеі ўздрыгнулі, горка скрывіліся. Яна ўмольна паглядзела на мужа.
— Што ты натварыў, Андрэй? Скажы шчыра, не тамі ні сябе, ні мяне. На няпраўдзе, Андрэй, не пражывеш…
— Хопіць, птушка, шчабятаць, мне ўсё ясна! — Сенажэнскі ў нястрымнай лютасці таргануў кудлатай галавой. — Зайшлася, заціўкала! Гэта ж табе, чуй, не там, на танцах у сталіцы! — Дзікая злосць зусім затуманіла розум. Яму нясцерпна захацелася як мага больш балюча ўдарыць жонку. I яе, і гэтага ўедлівага шкоднага міліцыянера.
— Выбірайце словы, Сенажэнскі. Як можна паводзіць так сябе? — Дзмітрый, як гэта рабіў Сямён Сяргеевіч, лёгенька стукнуў рубам пальца па краі стала.
Наспявала, насоўвалася штосьці злавеснае. Андрэй скрыгатнуў зубамі, сціснуў кулакі.
— Думаеце, грамадзянін лейтэнант, я не ведаю, як вы там вытанцоўвалі з ёю? Ведаю, са скуры гатоў быў вылузнуцца, каб ачмурыць дурніцу. Усё мне вядома, сама расказала. А што ёй было рабіць? Людзі не маўчалі. Сяброўкі яе пачалі падсмейвацца: «Як ты, Надзька, ледзь у Мінску не засталася, раскажы свайму Анд-рэю!»
— Апамятайся, Андрэй! — У вільготных Надзіных вачах заблішчаў адчай. — Не кладзі ганьбу на сябе, апамятайся!
Але ён ужо не чуў жонку, не мог утаймаваць свой шалёны гнеў і лютасць. Яму хацелася біць і біць па нервах, па сумленні, біць бязлітасна, з усёй сілы па тым, што найбольш баліць чалавеку, што доўга і пакутліва ўтрымлівае боль. I ён нанёс свой самы моцны ўдар. Абаім.
— Ты чысценькі, святы, жонкі маёй хацеў? Дык прысылай сватоў, уступлю. Хай яна і цябе калі прадасць. Можа, зноў, чуй, паедзе куды спяваць… — Сенажэнскі прагнуў лінуць яшчэ што-небудзь бруднае і ліпучае, але сумбурныя ліхаманкавыя думкі віхурна закруціліся, наляцелі адна на адну і зблыталіся. Ён толькі хаўкнуў разяўленым ротам і зняможана сцяў губы.
Дзмітрый з трывогай і страхам паглядзеў на Надзю. Ён яшчэ не ўсвядоміў, адкуль, чаму з’явіўся гэты страх, аднак адчуваў, што адбылося нешта вельмі паганае, у чым ён таксама, мусіць, нейкім чынам вінаваты. Расшыранымі вачамі ён пазіраў на Андрэя і чамусьці чакаў, што той зараз, астыўшы і ўзяўшы сябе ў рукі, скажа такія словы, якія ўсё пераменяць, паправяць і скасуюць дазвання ўсё, што натварыў ён сваёй шалёнай выхадкай. Калі ж Дзмітрый нарэшце зразумеў, што спадзяваўся дарэмна, вочы яго звузіліся, шчокі ўспыхнулі агнём.
— Ды як вы маглі! Як у вас павяряуўся язык!.. Вы ж проста!.. Вы ж пасля гэтага!.. — Яму зрабілася горача.
Хто Сенажэнскі «пасля гэтага» — ён не сказаў, толькі пазіраў на яго з гневам і пагардай. Твар Андрэя раптоўна пастарэў, высокі лоб зморшчыўся, і на скронях засінелі ўспухлыя жылы. Дзмітрый пазіраў доўга, мо цэлую мінуту. Нарэшце, перавёўшы дыханне, прагаварыў стрымана і як бы неахвотна:
— Паклёп, Сенажэнскі, ніколі нікога не ўпрыгожваў, а злое імкненне пакрыўдзіць чалавека — тым больш. Няўжо такая простая ісціна недаступная вам?
Ён не збіраўся павучаць Андрэя — так атрымалася само сабой. Тым часам ён зразумеў, што не гэта неабходна яму было рабіць у першую чаргу. Але не адчуў няёмкасці, бо вельмі вялікае было яго жаданне давесці да свядомасці вераломнага забіякі тое, што яму трэба было зразумець, можа, больш глыбока за ўсё іншае, таксама важнае ў яго цяперашнім становішчы.