— Не склаў, не.
Але яна, відаць, не паверыла яму, са злосцю і абурэннем залямантавала:
— Калі я адзінокая жанчына, дык на мяне ўсё можна сказаць! Валіце, як на таго бурага, буры ўсё павязе! У невядомага шафёра купіла дровы, што хочаце рабіце са мною, а бярозы я не секла!
Цяжка дыхаючы, яна запнулася. Зноў памаўчала, узяла сябе ў рукі. Па тым, як вочы яе то расшыраліся, то звужаліся, відаць было: яна штосьці ліхаманкава, напружана абдумвала. Раптам на палаючым твары прыхавана высвецілася стрыманая радасць:
— Ці, можа, ён… Ну канечне ж, не хацеў, напэўна, кідаць цень на жанчыну, дык і схлусіў: па дровы ездзіў. Вы, мусіць, з нейкіх сваіх меркаванняў патрабавалі ад яго, каб сказаў, дзе быў у нядзелю ўвечары, а ён не хацеў прызнацца, каб не зняважыць гонар мой. Вам усё трэба дапытацца, усё вам скажы: дзе быў, што рабіў… Але ж не ўсё можна сказаць…
Бутоўкін зразумеў, што Марына нешта ўцяміла і таму крута мяняе размову, наважылася выгараджваць Сенажэнскага. А яна, каб засыпаць лейтэнанта словамі, не даць яму апамятацца, працягвала байчэй:
— Дзівак чалавек — хлусіць надумаўся. Уладзе трэба гаварыць толькі праўду. Так і сказаў бы: у Марыны Раманкоўскай быў у гасцях. А што скампраметаваў бы — дык што ж зробіш… — Яна цяжка ўздыхнула _ Такая мая бабская доля.
Раманкоўская нервова пагладжвала вялікую блакітную брошку на кофце, зелень у яе прыжмураных вачах пагусцела.
Дзмітрый таксама адчуваў хваляванне, быццам меў самае сур’ёзнае дачыненне да яе лёсу, хацеў абараніць ад чагосьці паганага, брыдкага, ды не ведаў як. Ці не цэлую мінуту яны абое маўчалі, як бы вырашаючы, як лепш выйсці з цяжкага становішча.
Настрой у Раманкоўскай мяняўся, як восеньскае надвор’е: то захмарваўся, то праясніваўся скупымі промнямі. Яна, міргнуўшы густымі вейкамі, памалу пасунулася на край крэсла. Нагнуўшыся, наблізілася тварам да Дзмітрыя. Кранула над вухам завіток каштанавых валасоў, загаварыла з інтымнай інтанацыяй у голасе:
— Толькі вы, калі ласка, нікому не гаварыце, што Андрэй быў у мяне. Мне ўжо цяпер усё роўна, а да жонкі яго дойдзе — скандал узгарыцца. Навошта, каб у сям’і разлад пайшоў? Я яго больш і на парог не пушчу. Так вось атрымалася неяк бяздумна, але больш не будзе такога, не сысці мне з гэтага месца.
Дзмітрый слухаў засяроджана. Словы Марыны захмарвалі яму душу, клалі на яе гаркоту. «Артыстка, — падумаў ён з пагардаю і разам тым з роспаччу. — Так разыграла сцэну, так павярнула!..» Крутнуў галавой — каўнер кашулі моцна сціскаў яму шыю, бо мускулы на ёй разбухлі, пацвярдзелі. Мусіць, ад унутранага напружання, якое абвастрыла ў ім пільнасць, здольную ўлавіць цяпер кожную дробязь. А яшчэ ён адчуў у сабе перакананасць, што Раманкоўская больш нічога не скажа. Ва ўсякім выпадку — нічога іншага.
Ён быў упэўнены, што яна маніла. Вадзіла яго за нос. Толькі ж — дакажы гэта, абвергні яе хлусню. Каб сказала, што не ездзілі ў лес і ніякіх дроў у яе няма, тады зрабілі б вобыск і — вось яны, свежай парубкі. Значыць, калі ты здольная нахабна лгаць у вочы, дык і пра гасцяванне тое выдумала. А так — быў, гасцяваў. Хто тут можа пацвердзіць альбо абвергнуць, быў — не быў? Такія гасцяванні не пры сведках наладжваюцца…
Бутоўкін ледзь-ледзь расцягнуў вусны ў маркотнай усмешцы. Па-свойму, прытворна сарамліва ўсміхнулася і Раманкоўская. Яны глянулі адзін аднаму ў вочы і кожны зразумеў усмешку другога. Марына спалохалася, што лейтэнант пранікне ў яе затуманеную таямніцу душы, адвяла вочы.
— О, цяпер я зразумела, чаму ён схлусіў пра дровы! — знарок бойка ўсклікнула яна. — Каб да жонкі праўда не дайшла.
Дзмітрый прапусціў міма вушэй гэтыя словы. Хіба толькі безуважна падумаў пра яе знарочыстую бойкасць: навошта яна ёй? Нейкая пакуль што не зусім ясная, не ўсвядомленая як след думка бралася яму на ўвагу: «Паспрабуй абвергні яе няпраўду аднымі лагічнымі разважаннямі». Толькі калі зноў паўтарыў: «…аднымі лагічнымі разважаннямі», зразумеў, адкуль яна ішла. Са спрэчкі з падпалкоўнікам Баршчоўскім. Зразумеўшы гэта, ён паспяшыў адмахнуцца ад яе. Не хапала яму цяпер яшчэ ўспамінаў, самы час для іх. Але перш чым канчаткова выбавіцца ад неспадзеўкі, ён паспеў яшчэ падумаць: «Гэта, мусіць, як тая мыш у кутку, падала свой пісклявы голас «разумная асцярога», да якой заклікаў падпалкоўнік».
Раманкоўская вывела яго з задумення.
— Чаго мы, таварыш лейтэнант, у маўчанку гуляем? — спытала яна, націснуўшы на слова «гуляем». — Шукаеце, як мяне злавіць? Не шукайце, не ўдасца.— I гэтымі словамі і сярдзітым голасам яна, не тоячыся, сказала са зларадным выклікам: «Я, хлопец, такіх, як ты, разумнікаў бачыла». Потым, быццам зжаліўшыся над Дзмітрыем, дадала: — Не ўдасца, бо я па праўдзе гаварыла.