Выбрать главу

Тым часам закарцела азірнуцца. Андрэй памкнуўся павярнуць галаву, ды раптоўная збянтэжанасць — не трэба, што ты ёй скажаш! — утрымала яго. Адчуваў: за спіной стаіць Марына. Яе прысутнасць хвалявала і трывожыла. Здавалася, што яна нешта гаварыла яму бяздоннымі вачамі: дакарала і клікала, нешта дакляравала.

Гром завуркатаў цішэй, мякка перакатваючыся. Дождж ушчукаў. Кроплі сталі драбнейшыя, падалі радзей. Вялізная хмара паплыла пад небасхіл.

Андрэй выйшаў з-пад павеці. Ступіў два-тры крокі, спыніўся. Адчуваючы, як у нервовым неспакоі, што несціхана трывожыў душу, рабіўся злосны, ён, не без намагання стрымліваючы гэтую злосць, павярнуўся, зычна гукнуў:

— Ану, грузіся! Жыва, бо пехатою будзеце шпарыць!

Паддаючы азарту, стрымгалоў кінуўся да аўтамашыны. Людзі, гучна шлёпаючы нагамі па вадзе, рынуліся следам. «Хто ж там першы?» — мільганула ў Андрэя ў галаве. Яму хацелася, каб Марына падаспела раней за іншых і села побач. Ён плюхнуўся на сядзенне, таропка ўзяўся за ручку дзверцаў з другога боку кабіны, каб адразу адчыніць іх перад ёю.

Па кабіне заляпалі далонямі: рушай! «Дык гэта яны паселі ўжо?» Андрэй адхапіў пальцы ад ручкі, быццам яму запякло. Раз’ятрана ціскануў нагою на старцёр, крактануў нечага, акурат спахапіўся, што дарэмна чакаў, — на д’ябла яна здалася яму! Рыўком уключыў хуткасць, адпусціў педаль счаплення. Грузавік загуў, ірвануў з месца і шалёна памчаў па гразкай дарозе. Тыя, што былі ў кузаве, захоплена, як на гонках, гікалі, падахвочвалі: хутчэй, хутчэй!..

Шпаркая, адчайная язда як бы наталяла нейкую горкую прагу, і паступова ўсё, што Андрэй увесь час думаў, адчуваў, станавілася для яго ўжо не такім трывожным і значным. Толькі хацелася ехаць і ехаць…

Гэта было пад вечар. А позна апоўначы ён прыйшоў дадому п’яны.

II

У нядзелю з раніцы Дзмітрый быў на афіцэрскіх занятках па стральбе з пісталета. Страляў не лепш і не горш за іншых. Нядрэнна страляў. А хацелася яму, каб яго, як падпалкоўніка Баршчоўскага, прызналі снайперам. Дужа хацелася. Падпалкоўнік, праўда, не стаў абсалютным чэмпіёнам райаддзела ўнутраных спраў, ён падзяліў першае месца з маёрам Івашчанкам, але Дзмітрый зайздросціў яму больш, чым маёру. I была ў той зайздрасці нейкая нядобрая задзірынка, нешта як бы ад злосці. Спярша Дзмітрый непаразумела прыслухоўваўся да гэтага пачуцця, потым здзівіўся: адкуль яно? Няўжо так адклалася ў ім тая ўчарашняя недарэчная спрэчка? Дык то ж глупства, дробязь, не вартая ўвагі.

Дзмітрый адмахнуўся ад непрыемнага ўспаміну, весела падумаў: «Патрэніруюся — буду кожную кулю ў дзесятку пасылаць». Ён хацеў павіншаваць падпалкоўніка, ды пабаяўся, каб не сказалі, што новы супрацоўнік падхалімнічае перад начальнікам аддзялення. Стаяў воддаль ад купкі гаманкіх афіцэраў і раптам на міг нібы сам сябе пабачыў збоку. «Чаму адзін?» — мысленна задаў сабе дакорлівае пытанне, як бы паўтараючы яго з нечых чужых слоў. Таропка падышоў да «стараслужачых», якія, задыміўшы цыгарэтамі, жартавалі і смяяліся. Слухаў дасціпныя жарты, і яму недарэчна падумалася: хто-небудзь з іх пазайздросціў падпалкоўніку і маёру ці не? Адказу ён не шукаў: навошта яму гэта.

Пасля абеду ён збііраўся пакупацца, пазагараць на пляжы. Аднак намер яго не збыўся, перашкодзіла навальніца.

Пакуль у небе бушаваў раз’юшаны пярун, ён, усеўшыся на канапе каля акна, захапіўся кнігаю. Часам, апанаваны пачуццямі, якія перажываў герой аповесці капітан Валошын, дбаючы пра выкананне баявой задачы і клапоцячыся пра свой батальён, Дзмітрый страчваў адчуванне рэальнасці. Яму здавалася, што чуе не навальнічныя грымоты, а кананаду гармат і мінамётаў. Са старонак кнігі яскрава і выразна перад ім паўставаў жывы Валошын, сурова насуплены, з гарачым бляскам у пільных уважлівых вачах, для якога батальён быў не проста вайсковая адзінка, а жывыя людзі — старыя і маладыя, вопытныя, умелыя салдаты і зусім неабстраляныя, з папаўнення, байцы.

Да кніг Дзмітрый, можна сказаць, прыахвоціўся змалку, калі яшчэ вучыўся ў пачатковых класах. Пазней ён дужа палюбіў і добра ведаў мастацкую літаратуру. У літаратурным гуртку ў школе яму падабалася выступаць, калі абмяркоўвалі прачытаныя кнігі. Абмяркоўвалі? Не — спрачаліся, захапляліся і абураліся, з юначым запалам «перараблялі» і дапаўнялі, дадавалі сваё: а я вось так павярнуў бы сюжэт… а я абвастрыў бы канцоўку… А я… а я… Падчас такіх абмеркаванняў палемічная захопленасць у ім бурліла горача і няўрымсліва. Цяпер яму карцела зусім іншае. У душы ўкараняліся, пранікалі ў самую яе глыбіню парасткі пачуццяў, якія ён перажываў з неспакойным, упартым камбатам.